Трэці працоўны пачаўся!

Зігуля, Н. Трэці працоўны пачаўся! / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2026. — 18 чэрвеня. — С. 13.

У Магілёве ўручылі пуцёўкі на студатрадаўскія будоўлі краіны

Маштабнае мерапрыемства, прысвечанае адкрыццю рэспубліканскага трэцяга працоўнага семестра, адбылося на легендарным Буйніцкім поле, дзе ў ліпені 1941-га праходзілі гераічныя абарончыя баі. Каля 500 юнакоў і дзяўчат з усёй Беларусі завіталі сюды, каб прыняць эстафету ад сваіх старэйшых таварышаў. Перад афіцыйным адкрыццём, яны паспелі прыняць удзел у працоўных акцыях на тэрыторыі Магілёва, Шклова і Кіраўскага раёна.


У Магілёве ўручылі пуцёўкі на студатрадаўскія будоўлі краіны

На афіцыйным адкрыцці прысутнічала і маладзёжная дэлегацыя з Расіі, у складзе якой ў Магілёў прыехалі прадстаўнікі студатрадаў і ветэраны студэнцкага руху. Моладзь усклала кветкі да мемарыяльнай капліцы і да памятнага каменю пісьменніка Канстанціна Сіманава. Пасля цэнтрам падзей стала адкрытая пляцоўка каля музея Славы Магілёўшчыны. Дарэчы, гэты аб’ект падчас будаўніцтва таксама быў аб’яўлены абласной маладзёжнай будоўляй.

Поспехаў у працы і яркіх уражанняў байцам студатрадаў і іх камандзірам пажадаў першы сакратар ЦК БРСМ Уладзімір Паўлоўскі.

— Старт трэцяму працоўнаму семестру дадзены, але работа па арганізацыі працаўладкавання моладзі для нас не перапыняецца ні на адзін дзень, — паведаміў ён. —. Сёлета мы бачым больш актыўны запыт моладзі на работу, шмат хто жадае як мага хутчэй атрымаць свае першыя грошы. Пералік прафесій штодзённа папаўняецца, сярод работадаўцаў не толькі дзяржаўныя суб’екты гаспадарання, але і прыватныя. Але галоўная ідэя нашага руху — аб’яднаць маладых людзей. На сёння студатрад — і патрыятычны складнік, і ідэалагічная загартоўка моладзі. Не сумняваюся, што гэты працоўны семестр дадасць не толькі па колькасці маладых людзей, але і па якасці і згуртаванасці ўнутры атрадаў.

Працоўныя пуцёўкі ўручылі абласным і Мінскаму гарадскому штабам студэнцкіх атрадаў, штабам рэспубліканскіх працоўных праектаў, зводным студэнцкім атрадам.

Сёлета месцамі работы для моладзі стануць буйныя прадпрыемствы, сярод якіх «МТЗ», «МАЗ» і іншыя. Таксама байцы студатрадаў будуць задзейнічаныя ў рабоце Беларускай чыгункі, педагагічных, медыцынскіх і іншых праектах. Статус Усебеларускай маладзёжнай будоўлі сёлета атрымалі Рэспубліканскі патрыятычны цэнтр на базе Кобрынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці, Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь і парк Народнага адзінства. Статус абласных маладзёжных будоўляў прысвоены шматфункцыянальнаму спартыўнаму комплексу ў Гродзенскай вобласці і сярэдняй школе на 1020 месцаў па вуліцы Гагарына ў Магілёве.

Прыемнай часткай падзеі стала адкрыццё прыпыначнага пункта ў раёне Буйніцкага поля, прысвечанага Беларускім студэнцкім атрадам (БСА).

Для непаўналетніх байцоў студатрадаўскага руху на пляцоўцы каля музея адбылася гульня-галавамойка «Сакрэт БСА».

А на стадыёне «Спартак» іх больш старэйшыя таварышы здалі нарматывы фізультурна-спартыўнага комплекса БСА.

Нэлі ЗІГУЛЯ