Памяці Алеся Казекі

Карлюкевіч, А. Памяці Алеся Казекі / Алесь Карлюкевіч // Літаратура і мастацтва. — 2026. — 3 ліпеня (№ 25). — С. 16.

27 чэрвеня пайшоў у іншь свет паэт Алесь Казека. 4 жніўня яму споўнілася б 68 гадоў… I вось крыху больш чым за месяц да гэтай даты ён знайшоў свой спачын на вясковых могілках у Быхаўскім раёне, пад дубам, які не абхапіць рукамі. Сярод блізкіх і родных яму людзей…

Што ўражвала падчас сустрэч з гэтым шчырым працаўніком на літаратурнай ніве? Маючы за плячыма няпросты жыццёвы, службовы лёс чалавека, які нямала павандраваў па прасторах Савецкага Саюза (Арол, Уладзівасток, Бранск), ён вызначаўся вытрымкай, няспешлівасцю ў прыняцці рашэнняу, той звыклай нам беларускай памяркоўнасцю, якая выбудоўвае і загартоўвае характер, робіць чалавека асобай.

I пры гэтым, пры такой вось стрыманасці і сціпласці, яму была ўласціва рашучасць: мог выказаць і тое, што не спадабаецца суразмоўцу, абмінаў фальш. Рабіў гэта, што называецца, «без мікрафона». Можа быць, таму і сыходзіўся з многімі людзьмі розных прафесій, рознага сацыяльнага статусу.

Пісьменніцкае асяроддзе заўжды вызначаецца складанымі стасункамі. Не заўсёды творчы ўзровень знаходзіцца ў роўнасці з іншымі якасцямі, іншымі праявамі. I прычына тут зразумелая — літаратары адкрытыя, чулыя, даволі часта безабаронныя ў пэўсядзённым жыцці. I таму кіраўніцтва пісьменніцкай арганізацыяй, пісьменніцкім аддзяленнем заўжды патрабуе разважлівасці, стрыманасці. У Магілёве апошнім часам склаўся цікавы пісьменніцкі калектыў. Паэты, празаікі, дзіцячыя пісьменнікі, крытыкі… I тое, што гэты калектыў шырэў, умацоўваўся, багацеў на яркія імёны, — заслуга і кіраўніка Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Алеся Казекі.

I вельмі важная рыса, характарыстыка. Як паэт Алесь Мікалаевіч выбраў няпросты для стагоддзя ХХІ-га шлях увасаблення той трагедыйнасці, драматычнасці, што перажыў наш народ, што перажылі ў пекле фашысцкай навалы родныя і блізкія Алеся Казекі. Вялікая Айчыннай вайна праз гісторыі, вынесеныя ад маці, ад родзічаў, аднавяскоўцаў, сфарміравала яго паэтычныя пошукі. Калі сёння грыміць ад выбухаў свет, калі чалавек на чалавека, вобразна кажучы, глядзіць праз прыцэл, калі забойствы ў стужках штодзённых навін, паэт ішоў сваім шляхам: разважаў, што такое зло, чаму такая цяга рабіць балюча іншым… I гэты творчы і грамадзянскі пошук Алеся Казекі заўважылі і чытачы, і слухачы, бо паэтычныя здзяйсненні набылі музычна-тэатральнае гучанне.

У мяне перад вачыма кнігі «Марыйка», «Песня роднай зямлі», іншыя яго паэтычныя зборнікі. I ўжо ў памяці не раз прачытаныя радкі: «…Кулямётны адрывісты рогат // Час, жыццё і прастору расшыў. // Рукі цягнуцца к небу, да Бога: // — Зберажы! Зберажы! Зберажы…» Алесь Казека сваёй антываеннай творчасцю зрабіў, паставіў сабе галоўны помнік. I памяць пра паэта павінна зберагацца ў розных драматычных калізіях сённяшняга XXI стагоддзя.

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ