Зігуля, Н. Высакародная прафесія / Нэлі Зігуля // Родная прырода. — 2026. — № 7. — С. 6—8.
Марына ЧЭЛАЧАВА — галоўны спецыяліст аддзела кантролю за абыходжан-нем з адходамі Магілёўскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Чалавек адказны, добрасумленны. Адпрацавала на розных пасадах прыродаахоўнага ведамства амаль 30 гадоў. Па выніках 2025 г. прызнана лепшым спецыялістам сістэмы Мінпрыроды. Але як яна трапіла ў тэту прафесію і ў чым шукае натхненне?
Дзяцінства Марыны прайшло ў шчодрым на сонца Баку, у Магілёў разам з бацькамі пераехала ў 16 гадоў. Радні тут не было, але знаёмыя вельмі добра адгукаліся пра горад, і сям’я рызыкнула. У Магілёве дзяўчына паступіла ў педагагічны інстытут (зараз МДУ імя А. Куляшова) і атрымала адукацыю настаўніка хіміі і біялогіі. Папрацавала па спецыяльнасці, але хутка зразумела, што гэта не яе, і прайшла перападрыхтоўку на эканаміста. У гэтым статусе і трапіла на работу ў Магілёўскі камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Займалася размеркаваннем фінансаў на паляпшэнне экалагічнай сітуацыі ў вобласці: будаўніцтва (рэканструкцыю) ачышчальных збудаванняў, узвядзенне смеццеперапрацоўчага завода ў Магілёве, іншыя патрэбы. У 2010-м перайшла ў аддзел кантролю за абыходжаннем з адходамі. I гэта былі ўжо новыя ўражанні і зусім іншая дзейнасць.
— Працуем на папярэджанне звалак, сочым за станам аб’ектаў пахавання, выязджаем на месцы складзіравання адходаў, — тлумачыць Марына Чэлачава. — Знайсці іх дапамагаюць паведамленні грамадзян, у асноўным пра звалкі ў лясным масіве. Клапоцімся, каб гэтае смецце было прыбранае. Калі не знойдзем таго, хто яго пакінуў, адказнасць кладзецца на плечы землекарыстальніка.
Як удакладняе суразмоўніца, яшчэ па дарозе яна заўсёды звяртае ўвагу на прыдарожныя палосы, іх стан і чысціню. У вёсках часцей за ўсё нараканне выклікаюць буйнагабарытныя адходы, якія грамадзяне імкнуцца схаваць у лесе або дзе-небудзь на ўскрайку населенага пункта ці ў рове.
— Нядобрасумленных жыхароў становіцца менш, але яны яшчэ існуюць, — канстатуе эколаг. — Пішам лісты мясцовай уладзе, што выявілі негатыўны факт, і просім прыняць меры. З іншага боку, трэба і ўмовы для людзей стварыць. У ведамстве вядуцца размовы пра тое, каб у вёсках, як і ў горадзе, з’явіліся пляцоўкі для буйнагабарытных адходаў. Магчыма, тады парадку будзе болей.
Стаўка на перапрацоўку
Сёння перад прадпрыемствамі стаіць задача скарачаць да мінімуму адходы вытворчасці, а яшчэ лепш самастойна перапрацоўваць іх. Важна, каб на палігоны пападала як мага менш «смецця» ад прамысловай дзейнасці. Дарэчы, у Магілёўскай вобласці палігоны сёння ёсць у кожным раёне. Летась смеццеперапрацоўчы завод з’явіўся і ў Бабруйску, які спецыялізуецца на адходах ад насельніцтва.
Але і жыхары павінны працаваць на тое, каб на палігоны трапляла менш небяспечных адходаў, пластыку. Важна захоўваць другасныя матэрыялы: шкло, паперу. Паводле ацэнак экспертаў, з агульнай масы камунальных адходаў пры сарціроўцы непасрэдна на заводзе можна вылучыць толькі 10-25 % другаснай сыравіны, у той час як яе там можа ўтрымлівацца 40-80 %.
— З агульнай масы вельмі складана выбраць другасную сыравіну, — перажывае эколаг. — Калі б людзі першапачаткова ўсё падзялялі, у кантэйнеры ішла б у асноўным арганіка і праблем было б меней. У класіфікатары адходаў ёсць у тым ліку вельмі небяспечныя. Аўташыны, напрыклад. Але іх, дзякуй Богу, перапрацоўваюць, робяць дробку, а з яе, у прыватнасці, гумовыя дыванкі і пакрыццё для спартыўных пляцовак. Шыфер таксама лічыцца небяспечным матэрыялам, яго нават нельга выкарыстоўваць як будаўнічы для падсыпкі дарог.
Дынастыя эколагаў
Разам з Марынай Чэлачавай у камітэце працуюць яе муж і дачка Насця. Дачка эканаміст, а муж Марыны Анатольеўны — Сяргей Віктаравіч — узначапьвае аддзел кантролю за аховай і выкарыстаннем атмасфернага паветра і водных рэсурсаў.
— Высакароднай справай займаемся, — адзначае суразмоўніца. — Прыемна, калі людзі адзначаюць, што ў Магілёве і ў цэлым па вобласці стала чысцей, чым было раней.
Эколагам не трэба лішні раз казаць пра сарціроўку адходаў — гэта ўжо ў крыві. Да таго ж, жыве сям’я ў прыватным сектары, непадалёк ад ракі Дубравенка. У гаспадыні ёсць магчымасць эксперыментаваць з кампостам на невялічкім участку, упрыгожваць яго рознымі кветкамі. Тут жа з выглядам на кветнік устаноўлены надзіманы басейн. Самы лепшы рэлакс у спякотны летні дзень — ляжаць у басейне і любавацца кветкавым раем.
— Мы дамаседы, — усміхаецца суразмоўніца. — Таму ствараем утульнасць побач.
Акрамя таго, Марына Чэлачава яшчэ і цудоўная мадыстка. На сустрэчу прыйшла ў сукенцы, створанай сваімі рукамі. Нават не верыцца, што яна вучылася шыць выключна па часопісах.
У старэйшай дачкі Насці сваё захапленне — чытаць папяровыя кнігі. Перавагу аддае ў асноўным сучасным аўтарам. А малодшая Надзея рыхтуецца да паступлення ў медыцынскую вну і ўвесь час праводзіць у вывучэнні спецлітаратуры. Прафесія, дарэчы, не менш высакародная, чым эколаг — берагчы жыццё людзей.
У сям’і Чэлачавых не прынята выхваляцца. Шчасце не любіць шуму. Марына прызнаецца, што Беларусь вельмі прыдатная краіна для жыцця і рэалізацыі магчымасцяў. Тут прыгожа, утульна, дыхаецца лёгка, а галоўнае, ёсць тое, што нельга вымераць грашыма, — мір.
-У нашай краіне шмат зеляніны, вадаёмаў, прыгожых мясцін, — кажа яна. — І людзі тут жывуць вельмі ветлівыя і прыязныя. Такое пачынаеш цаніць з гадамі, калі з’яўляецца нейкі досвед і ёсць з чым параўнаць.