Сінькевіч, Г. Сапраўдны падарунак / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2026. — 4 верасня. — С. 7.
У Дзень ведаў у Магілёве расчыніла дзверы сярэдняя школа № 6 імя А.В.Асмалоўскага. Устаяова ўяўляе сабой ультрасучасны адукацыйны комплекс.
Будаўніцтва школы стала знакавай падзеяй. У гарадскім мікрараёне вакол вуліцы Гагарына вядзецда інтэнсіўная жыллёвая забудова, эксплуатацыйнай магутнасці старога будынка даўно не хапала. Зараз у распараджэнні дзяцей і настаўнікаў чатырохпавярховая ўстанова плошчай 15 тысяч квадратных метраў.
Аб’ект узвялі ў рэкордна кароткія тэрміны. У летні перыяд ён меў статус абласной маладзёжнай будоўлі — сумесна з вопытнымі спецыялістамі тут працавалі байцы студэнцкіх атрадаў. Архітэктура школы прадумана да дробязей. Будынак падзелены на 3 функцыянальныя блокі. У цэнтральным размясціліся фае, сталовая, харча-блок, музейны пакой, спартыўныя, харэаграфічная і актавая залы, цір, бібліятэка з уласным медыяцэнтрам. У прылеглых блоках — вучэбныя кабінеты малодшых, сярэдніх, старшых класаў і цэнтр бяспекі. У асобнай прыбудове прадугледжаны басейны для розных узроставых груп дзяцей. Ва ўстанове створана безбар’ернае асяроддзе, зманціравана сістэма відэаназірання і прапускны кантроль. На прылеглай тэрыторыі абсталяваны стадыён, розныя спартыўныя і гульнявыя пляцоўкі.
Адметна, што 6-я школа змяніла не толькі прапіску, але і назву. Надоечы было прынята рашэнне аб прысваенні ўстанове імя ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны, заслужанага настаўніка БССР, выдатніка народнай асветы СССР Аляксандра Асмалоўскага.
— Для нас гэта вельмі сімвалічна. Упэўнена, імя Аляксандра Віктаравіча стане для ўсяго педагагічнага калектыву арыенцірам у вернасці прафесіі і матывацыяй да плённай працы. Мы атрымалі выбітную перадавую базу, цяпер будзем напаўняць яе сэнсамі і ведамі, — адзначыла дырэктар Алеся Калтачэнка.
У гэтым навучальным годзе школу будуць наведваць звыш 700 хлопчыкаў і дзяўчынак, з іх 91 — першакласнікі. У ліку тых, хто ідзе ў 1 клас, — Варвара Лукашэнка. Дзяўчынка зусім не хвалюецца, ёй вельмі спадабалася школа. Пад уражаннем ад навучальнай установы і яе бацькі.
— Школа прыгожая, утульная, сучасная. Галоўны плюс у тым, што ў дачушкі ёсць магчымасць вучыцца побач з домам, — падзяліліся Вікторыя і Раман Лукашэнка.
Новую школу ўжо ацанілі і педагогі. Настаўнік гісторыі Ягор Фамін запэўніў, што ўмовы для навучання створаны выдатныя:
— Стары будынак быў напоўнены нашай агульнай гісторыяй. Але час не стаіць на месцы, матэрыяльная база патрабавала абнаўлення. Новыя вучэбныя кабінеты прасторныя, абсталяваныя мультыбордамі, камп’ютарамі. Цяпер зможам даваць дзецям адукацыю самага высокага ўзроўню.
З калегам абсалютна салідарная настаўніца пачатковых класаў Вікторыя Новікава:
— У мянеў гэтым годзе 1 “В” клас — 24 хлопчыкі і дзяўчынкі. Новая школа проста цудоўная! Гэта сапраўдны падарунак для маленькіх жыхароў горада.
Пад уражаннем ад школы адзінаццацікласнікі Глеб Таборка і Сяргей Давыдаў.
— У старой школе ў нас не было ні басейна, ні падобных спартыўных пляцовак. У такім асяроддзі адразу з’яўляецца добры настрой на вучобу, — сказалі падлеткі.
Адкрыццё новай школы прайшло ўрачыста. Свята разам з дзецьмі, педагогамі і бацькамі раздзялілі ганаровыя госці. Сярод іх — старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка, памочнік Прэзідэнта — інспектар па Магілёўскай вобласці Надзея Каткавец.
Як заўважыў кіраўнік вобласці, на будаўніцтва школы былі накіраваны значныя фінансавыя сродкі. Але яны цалкам апраўданыя.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.