Якасць і развіццё

Сінькевіч, Г. Якасць і развіццё / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2026. — 28 жніўня (№ 65). — С. 5.

Адукацыйная галіна Магілёўскай вобласці стабільна і эфектыўна функцыянуе па ўсіх напрамках, падкрэслівалася падчас традыцыйнай жнівеньскай канферэнцыі.

Ахоп дзяцей ва ўзросце ад 1 да 6 гадоў дашкольнай адукацыяй складае звыш 86%. У спецыяльнай адукацыі назіраюцца паступальныя крокі да інклюзіі. Значная колькасць школьнікаў займаецца ва ўстановах дадатковай адукацыі. Эфектыўна наладжана работа па самарэалізацыі дзяцей. Так, на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных предметах навучэнцы ўзялі 93 дыпломы, на міжнародных алімпіядах заваявана 9 медалёў рознай вартасці.

— Па выніках нацыянальнага даследавання якасці адукацыі вобласць замацавалася на перадавых пазіцыях: па трох кампетэнцыях — матэматычнай, прыродазнаўчай і фінансавай адукаванасці — паказчыкі нашых навучэнцаў аказаліся лепшымі ў краіне, — паведаміла начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Людміла Здорыкава. — На цэнтралізаваных экзаменах і тэсціраванні выпускнікамі атрымана 268 стабальных сертыфікатаў. У абсалютных лідарах — Ліцэй Беларуска-Расійскага ўніверсітэта імя Л.Я.Маневіча. Максімальныя 100 балаў атрымалі 27 навучэнцаў установы, прычым 21 з іх — дзякуючы выбітнай працы настаўніцы рускай мовы і літаратуры Святланы Лаўшэнка.

Людміла Яўгенаўна нагадала педагагічнай грамадскасці аб тым, што навучанне і выхаванне павінны быць непадзельныя.

Набірае моц рух «Юныя патрыёты Магілёўшчыны», месцам прыцягнення для школьнікаў стаў абласны цэнтр патрыятычнага выхавання. Працягваецца рэалізацыя праграмы «Я. Мая сям’я. Мая Радзіма», рэгіянальнага праекта «#Мая_Зямля_Пры-дняпроўе» і рэспубліканскага «ШАГ». Працоўнае выхаванне ўзмацнілася дзякуючы дагаворам аб супрацоўніцтве з прадпрыемствамі аграпрамысловага комплексу, а метадычную падтрымку педагогам У духоўна-маральным выхаванні аказваюць 13 рэсурсных цэнтраў. Больш шырока будуць выкарыстоўвацца магчымасці школьных музеяў, дзіцячых і маладзёжных грамадскіх арганізацый, павялічыцца дыяпазон дзейнасці ваенна-патрыятычных клубаў.

— За мінулы год у поўным аб’ёме забяспечана выкананне паказчыкаў Дзяржаўнай праграмы «Адукацыя і маладзёжная палітыка», — расказала Людміла Здорыкава. — За гэтую пяцігодку былі ўведзены ў эксплуатацыю 6 новых садоў, 3 школы, 1 басейн, 6 дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, у 9 установах прайшла рэканструкцыя. Наперадзе — курс на рэалізацыю праграмы «Беларусь інтэлектуальная». Ключавым стане ўдасканаленне прафесійнай адукацыі: практычнае навучанне на прадпрыемствах, развіццё цэнтраў кампетэнцый пры каледжах, пашырэнне колькасці майстэрань на базе вытворчых цэхаў і лабараторый.

Як адзначыў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Алег Сцельмашок, сёлета на фінансаванне сістэмы адукацыі вобласці выдзелена каля 1,5 млрд рублёў. Вядзецца велізарная работа па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў, Праз некалькі дзён адкрыецца новая сярэдняя школа з басейнам у Магілёве. На новую пяцігодку запланавана будаўніцтва сярэдняй школы ў мікрараёне Саломінка-2, дзіцячых садоў у Магілёве і Бабруйску.

Па яго словах, важна не дапусціць фармальнага падыходу да навучання. За адзнакамі павінна стаяць уменне думаць, аналізаваць і прымяняць атрыманыя веды на практыцы.

— Настаўнік павінен вучыць дзяцей не толькі формулам, правілам і датам, а і адказнасці, сумленнасці, любові да Радзімы. Педагогу сёння трэба быць не рэтранслятарам ведаў, а архітэктарам сэнсаў — вучыць, як адрозніць факт ад маніпуляцыі, праўду ад фэйкаў, — адзначыў Алег Сцельмашок.

Асаблівасці надыходзячага навучальнага года акрэсліла дырэктар Дэпартамента кантролю якасці адукацыі Міністэрства адукацыі Вольга Рыбаключава. Яна звярнула ўвагу на новы стандарт у дашкольнай адукацыі, развіццё прафесійнай адукацыі і мэтавую падрыхтоўку кадраў, стварэнне індывідуальных адукацыйных маршрутаў і даступнага асяроддзя для навучання дзяцей з асаблівасцямі, павышэнне майстэрства педагогаў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.