Вернасць педагагічнаму прызванню

Здорыкава, Д. Вернасць педагагічнаму прызванню / Людміла Здорыкава // Настаўніцкая газета. — 2026. — 2 кастрычніка. — С. 10.

Людміла ЗДОРЫКАВА, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама:

— Дзень настаўніка — асаблівае свята. Яно адгукаецца цеплынёй у сэрцы кожнага чалавека, бо за любым нашым поспехам, значным адкрыццём ці дасягненнем стаіць асоба педагога.

Для мяне настаўніцкая праца — сямейная гісторыя. Разуменне важнасці гэтай прафесіі зарадзілася яшчэ ў дзяцінстве, калі я гуляла ў школу, натхнёная прыкладам бабулі Еўдакіі Фёдараўны Плотнікавай. У цяжкі пасляваенны час яна была настаўніцай нямецкай мовы і шмат гадоў працавала ў сельскай школе Быхаўскага раёна. Што­дня — і ў летнюю спякоту, і зімовай сцюжай — хадзіла пешшу праз лес восем кіламетраў у іншую вёску, каб праводзіць урокі. Бабуліна ціхае служэнне адукацыі назаўжды вызначыла ў маім светапоглядзе бязмежную павагу да настаўніцкай справы.

Я ўсур’ёз задумалася аб тым, каб пайсці ў педагогіку, дзякуючы прыкладу маёй школьнай настаўніцы Веры Іванаўны Інышавай. Яна прыйшла да нас у 5 класе маладым педагогам і адразу змагла знайсці агульную мову і выбудаваць даверлівыя адносіны з вучнямі. Вера Іванаўна была неверагодна крэатыўнай настаўніцай. Яна праводзіла ўрокі матэматыкі так захапляльна, што цікава было нават тым, хто лічыў сябе гуманітарыем. А якім яна была класным кіраўніком! Наша камунікацыя ніколі не заканчвалася са школьным званком: мы збіраліся класам у яе дома, хадзілі ў паходы і бясконца размаўлялі пра жыццёвыя каштоўнасці. Яна была для нас як другая мама: знаходзіла патрэбныя словы ў хвіліны сумненняў, дзяліла з намі радасці і трывогі, акружала клопатам і падтрымкай. Менавіта Вера Іванаўна адыграла вырашальную ролю ў маім прафесійным выбары.

Фота БелТА

Стаўшы настаўніцай, першыя крокі ў прафесіі я рабіла ў сярэдняй школе № 27 Магілёва і была трывала звязана з гэтай установай адукацыі на працягу 25 гадоў. Там прайшла шлях ад студэнткі-практыканткі да дырэктара. Там адбылася і як педагог, і як кіраўнік. Паспрыялі гэтаму калегі, якія дапамагалі ў маім станаўленні, матывавалі на прафесійны рост. Маладым спецыялістам мне пашчасціла трапіць пад крыло тагачаснага дырэктара школы Надзеі Мікалаеўны Пішчаленка. Яна навучыла спалучаць у сабе строгасць, чуласць і прафесіяналізм, дала шмат слушных парад наконт методыкі выкладання. Наступны дырэктар 27-й школы — Ірына Леанідаўна Рыбакова — разгледзела ўва мне рысы будучага лідара, даверыла пасаду завуча, дапамагала развівацца ў гэтым напрамку. Калі ўжо я ўзначальвала школу, безумоўным арыенцірам для мяне стала Галіна Аляксееўна Віктарава, якая доўгі час кіравала сярэдняй школай № 21 горада. Яна была для мяне старэйшым сябрам і мудрым дарадцам, яе стыль узаема­адносін з калектывам, навучэнцамі і баць­камі стаў для мяне ўзорам для пераймання.

На цяперашняй пасадзе знаходжу натхненне ў неабыякавых, творчых педагогах Прыдняпроўскага краю. На Магілёўшчыне працуюць высокакваліфікаваныя прафесіяналы, якія не проста перадаюць веды, а выхоўваюць дзяцей грамадзянамі і патрыётамі.

Сапраўднай гордасцю адукацыйнай галіны рэгіёна з’яўляецца першы народны настаўнік Беларусі Валерый Барашкоў, які амаль паўстагоддзя з нязгасным энтузіязмам раскрывае таямніцы фізікі вучням Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 1. За апошнія гады мы дасягнулі знакавых поспехаў у алімпіядным руху. Сёлета нашы навучэнцы заваявалі 11 пераможных медалёў на міжнародных алімпіядах і 93 дыпломы на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Сярод тых, хто раскрывае вучнёўскія таленты, — настаўнік фізічнай культуры і здароўя гімназіі № 3 Магілёва Андрэй Бязлепкін, настаўніца біялогіі Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 3 Юлія Шайтанава, настаўнік фізікі Ліцэя Беларуска-Расійскага ўніверсітэта імя Л.Я.Маневіча Аляксандр Сугакевіч, а таксама настаўнік геаграфіі Дзмітрый Паджыгераў і настаўнік фізікі Уладзімір Грабцэвіч з Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 1.

Мэтанакіраванасць, энтузіязм і майстэрства педагогаў дазва­ляюць забяспеч­ваць належную якасць навучання. Во­бласць упэўнена замацавалася на перадавых пазіцыях Нацыянальнага даследавання якасці адукацыі ў трох ключавых кампетэнцыях. Па выніках цэнтралізаваных экзаменаў і тэсціравання выпускнікі атрымалі 268 стабальных сертыфікатаў. Абсалютны рэкорд па краіне — у настаўніцы рускай мовы і літаратуры Ліцэя БРУ Святланы Лаўшэнка: максімальныя 100 балаў на ЦЭ атрымаў адразу 21 яе вучань.

Дасягненняў шмат, і ўсе яны не выпадковасць, а працяг добрых традыцый, якія дзесяцігоддзямі стваралі ветэраны педагагічнай працы. Хочацца выка­заць ім словы падзякі за трывалы падмурак і выдатную спадчыну, якую атрымалі маладыя педагогі. Дарэчы, нядаўна педагагічную супольнасць рэгіёна папоўнілі сотні амбіцыйных і энергічных маладых спецыялістаў. Сустракаючыся з імі, нязменна кажу: “Памятайце, што кожны майстар калісьці з няўпэўненасцю стаяў ля дошкі і хваляваўся перад сваім першым урокам. У педагогіцы няма і не можа быць гатовых шаблонаў ці завучаных схем, але ёсць неабсяжная прастора для творчасці і адкрыццяў. Варта толькі смела ісці наперад!”