Марафонскія кіламетры

Сінькевіч, Г. Марафонскія кіламетры / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2026. — 2 кастрычніка. — С. 20.

Агульным захапленнем сям’і Апідовіч з Магілёва з’яўляецца бег на доўгія дыстанцыі і ўдзел у марафонах

Гісторыя сумесных марафонскіх забегаў пачалася ў 2022 годзе. Заснавальнікам сямейнай традыцыі стаў сын Андрэй. На дыстанцыях Мінскага паўмарафону ён бегаў яшчэ са студэнцтва. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Дэбют пад дажджом

— У той год якраз паступіў у магістратуру. Удзел у паўмарафоне хацелася прадоўжыць, але аказалася, што бегчы ад універсітэта могуць толькі студэнты. Думаў удзельнічаць адзін, але бацькі вырашылі падтрымаць, — расказаў суразмоўнік. — У наш дэбютны агульны забег узяў на сябе ролю арганізатара. Вельмі стараўся, каб мама з татам былі задаволены мерапрыемствам. І ў мяне гэта атрымалася.

Аляксандр Яўгеньевіч і Святлана Яўгеньеўна засталіся тады пад вялікім уражаннем. Той забег яны памятаюць у дэталях.

— Здзівіла масавасць і добразычлівасць удзельнікаў. Ішоў дробны дождж, але людзі ўсміхаліся. Было шмат бегуноў у тэматычных касцюмах. Многія беглі сем’ямі, як і мы. Атмасфера стаяла неверагодная. Канечне, у сярэдзіне шляху адчувалася стомленасць, але нас падбадзёрвалі гледачы. Усё гэта матывавала рухацца далей, — згадаў Аляксандр Яўгеньевіч.

— Як патрыёты беглі з Дзяржаўным сцягам у руках. Калі расправілі яго на фінішы, эмоцыі зашкальвалі. Перапаўняла радасць ад усведамлення таго, што мы змаглі, гордасць, што пераадолелі дыстанцыю разам, — адзначыла Святлана Яўгеньеўна.

Першы пазітыўны вопыт падштурхнуў Апідовічаў бегаць яшчэ. Штогод яны ўдзельнічаюць ў Мінскім паўмарафоне, спрабавала сілы сям’я і ў Магілёўскім міжнародным марафоне.

Бяспечная філасофія

Да бегу Апідовічы падыходзяць сістэмна. Улічваючы педагагічную занятасць, трэніруюцца ў асноўным па выхадных, а базавую падрыхтоўку пераносяць на лета. Зімой настаўнікі таксама не бяздзейнічаюць: прабежкі замяняюць лыжнымі прагулкамі.

— Істотна дапамагае звычайная фізічная праца на дачы, — заўважыў Аляксандр Яўгеньевіч. — Калі арганізм мабілізаваны, адаптавацца да бегавых нагрузак лягчэй.

Святлана Яўгеньеўна падкрэслівае: у бегу, як і ў медаля, два бакі. Ён можа прынесці карысць, а можа і шкоду, калі выкарыстоўваць бяздумны падыход. Каб пазбегнуць негатыўных наступстваў, да марафонскіх забегаў трэба рыхтавацца комплексна: прытрымлівацца здаровага ладу жыцця і правільнага харчавання.

— Некаторыя спартсмены хочуць пабіць рэкорды, але мы такой мэты перад сабой не ставім. Наша задача — прабегчы дыстанцыю так, каб атрымаць задавальненне і захаваць здароўе, — запэўніла настаўніца.

Аляксандр Яўгеньевіч і Святлана Яўгеньеўна звыш 40 гадоў настаўнічаюць у сярэдняй школе № 21 Магілёва. Іх сын Андрэй працягнуў сямейную справу.

Аляксандр Яўгеньевіч і Андрэй як настаўнікі фізічнай культуры і здароўя ахвотна дзеляцца ўласнай філасофіяй бяспечнага бегу.

— На дыстанцыі варта прытрымлівацца выверанага ў ходзе трэніровак тэмпу. Частая памылка навічкоў — паддацца масаваму ўплыву і рэзка рвануць наперад са старту. Гэта няправільная тактыка. Лепш трымаць свой умераны тэмп. Дадаваць хуткасць можна, але толькі тады, калі арганізм цалкам уключыўся ў работу, — адзначыў Андрэй.

— Важны момант — экіпіроўка. Мая парада: у чым збіраецеся бегчы марафон — у тым і трэніруйцеся. Неабходна набыць спецыялізаваны абутак з супінатарам, дыхаючай мембранай і добрым пратэктарам, — паведаміў Аляксандр Яўгеньевіч. — Раю не забываць пра размінку і замінку. Да пачатку бегу абавязковыя практыкаванні, накіраваныя на разагрэў мышцаў, ступняў і суставаў. А пасля фінішу ні ў якім разе нельга садзіцца. Трэба прайсціся, аддыхацца, паступова стабілізаваць арганізм і прывесці яго ў стан спакою.

Адметна, што ў кожным марафонскім старце сям’я Апідовіч знаходзіць для сябе пэўнае натхненне.

— Тысячы людзей бягуць плячо ў плячо. Прыемна адчуваць сябе часткай гэтага яднання. Аднойчы заўважылі мнагадзетную сям’ю, якой маленькія дзеці не сталі перашкодай для забегу. Бацькі беглі, а малышы ехалі каля іх: адзін — яшчэ немаўля — у калясцы, двое — самастойна на самакатах. З асаблівай павагай вітаю на трасе людзей з абмежаванымі фізічнымі здольнасцямі. Яны ўласным прыкладам паказваюць усім нам, што няма нічога немагчымага, — расказала Святлана Яўгеньеўна.

Панядзелак у медалях

Сёння ў спартыўнай сям’і Апідовіч новыя планы і арыенціры. Андрэй ставіць перад сабой мэту ў найбліжэйшай перспектыве прабегчы павялічаную дыстанцыю ў 10 кіламетраў. У старэйшага пакалення задача ранейшая — працягваць бегаць у задавальненне, захоўваючы бадзёрасць духу. Зусім хутка яны прымуць удзел у дамашнім Магілёўскім марафоне, а ў будучыні намераны пашырыць геаграфію сваіх стартаў і пратэсціраваць трасы ў іншых абласных цэнтрах краіны.

Ключавы вынік сваіх забегаў настаўнікі бачаць на рабоце. Іх прыклад становіцца моцным стымулам да заняткаў спортам для школьнікаў.

— У панядзелак пасля чарговага марафону спецыяльна цэлы дзень ходзім па школе ў медалях, — усміхаючыся, зазначылі Аляксандр Яўгеньевіч і Святлана Яўгеньеўна. — Вучні цікавяцца, распытваюць пра ўзнагароды. Нашы аповеды для дзяцей — выдатная матывацыя і своеасаблівы ўзор для пераймання.

Настаўнікі нагадваюць: усё пачынаецца з сям’і. Каб адарваць дзяцей ад гаджэтаў і далучыць да спорту, неабходны прыклад не толькі педагогаў, але і бацькоў.

— Неабавязкова займацца менавіта бегам. Дастаткова любога сумеснага актыўнага адпачынку, — у адзін голас запэўнілі Апідовічы. — Няхай гэта будзе звычайная вячэрняя прагулка ў парку, сямейны велавыезд на выхадных ці вясёлыя гульні з мячом у двары. Галоўнае — разам, шчыра і з радасцю. Стараемся прыцягваць бацькоў нашых вучняў да такога баўлення часу, запрашаем іх да ўдзелу ў школьных спартландыях і суботніх спартыўных святах. Калі дзеці змалку бачаць, што мама і тата выбіраюць фізкультуру і спорт, яны таксама будуць прытрымлівацца гэтай карыснай звычкі.

Іголачка, нітачка і Каўказ

Аляксандр Яўгеньевіч з юнацтва займаўся турызмам і спартыўным арыентаваннем. Пазней далучыў да паходаў і жонку.

— Прытрымліваюся народнай мудрасці: куды іголачка — туды і нітачка, — заўважыла Святлана Яўгеньеўна. — У маладосці са спортам не сябравала. Але мне хацелася раздзяліць захапленне мужа, быць побач. Так і ўцягнулася ў турыстычную рамантыку. Мы сталі разам ездзіць на турыстычныя злёты. Увесь паходны побыт, вядома, быў на мне — кашы на вогнішчы, палаткі. Гэта быў цудоўны час.

Сумесна Апідовічы адпраўляліся ў складаныя катэгарыйныя паходы: праходзілі па 130 кіламетраў за тыдзень, бывалі на Каўказе, Паміры і Цянь-Шані.

— Самым запамінальным стала ўзыходжанне на сімвалічны пік Каўказ, — падзяліўся Аляксандр Яўгеньевіч. — Вышыня — 4200 метраў над узроўнем мора. Пад’ём выдаўся цяжкім. Памятаю: уставалі а чацвёртай гадзіне раніцы, пад нагамі тады быў замёрзлы ледавік. А калі вярталіся, лёд пад сонцам падтаў і замест сцежкі панёсся бурны водны паток. Трэба было пераходзіць яго ўброд, халодная вада абпальвала ногі. Але справіліся, трымаючыся адно аднаго.

Дамоў з тых падарожжаў Апідовічы прывозілі незвычайныя сувеніры. У іх кватэры дагэтуль захоўваецца калекцыя камянёў, дзе ёсць нават горны крышталь, здабыты на вышыні.

— Калі нарадзіўся сын, фармат далёкіх альпінісцкіх экспедыцый прыйшлося перагледзець, — паведаміла Святлана Яўгеньеўна. — Але спорт і турызм нікуды не зніклі — проста крыху трансфармаваліся. Вось некалькі гадоў назад сур’ёзна заняліся бегам.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара і з архіва сям’і Апідовіч