Узнагароду з Прагi прывезла юная магiляўчанка

Зiгуля, Н. Узнагароду з Прагi прывезла юная магiляўчанка : Вольга Канавалава прымала ўдзел у мiжнародным дзiцяча-юнацкiм музычным фестывалi «Мелодыi зiмовай Чэхii» / Нэлi Зiгуля // Звязда. — 2016. — 14 студзеня. — С. 5.

Вольга Канавалава прымала ўдзел у міжнародным дзіцяча-юнацкім музычным фестывалі «Мелодыі зімовай Чэхіі».

Добры старт зрабіла яна ў Год культуры. З фестывалю, у якім прымалі ўдзел каля 500 юных талентаў з Беларусі, Расіі, Чэхіі, Германіі, Літвы, Ізраіля, яна прывезла дыплом пераможцы і статуэтку з багемскага шкла ручной работы. Ёй не было роўных у яе ўзроставай катэгорыі, яна бездакорна выканала дзве песні, адну — на беларускай мове. Дарэчы, на рахунку Вольгі гэта не першая перамога. Яна ўладальнік Гран-пры ІІ адкрытага конкурсу для маладых выканаўцаў «Феерыя мастацтваў», першы лаўрэат рэспубліканскага конкурсу юных выканаўцаў эстраднай песні «Халі-Хало — 2015». Раскрыць музычны патэнцыял Вользе дапамагаюць педагогі магілёўскай узорнай студыі эстраднага вакалу NON STOP пры вучэбна-педагагічным комплексе Дзіцячы сад-сярэдняя школа №42 Таццяна Мінава і Наталля Харкевіч.

Фестываль «Мелодыі зімовай Чэхіі», які стаў зорным для Вольгі, праводзіцца Міністэрствам культуры Чэхіі з мэтай стварэння адкрытай прасторы для развіцця міжнародных стасункаў у галіне музычнай творчасці і развіцця ў моладзі розных краін павагі да сусветных дасягненняў культуры. У ім прымаюць удзел акадэмічныя і народныя хоры, вакальныя і харэаграфічныя ансамблі і салісты, аркестры, фальклорныя калектывы, тэатры мод, музычныя тэатры. Іх майстэрства ацэньваюць заслужаныя дзеячы культуры Чэхіі, Расіі, Італіі, Кубы, выкладчыкі вядучых музычных і харэаграфічных устаноў Еўропы.