Іванова, І. Мастацтва пад мостам : [у Магілеве прайшла фотавыстава Наталлі Самойлавай пад мостам у цэнтры горада] / І. Іванова // Звязда. — 2013. — 25 верасня. — С. 6.
У выхадныя дні ў Магілёве прайшла фотавыстава Наталлі Самойлавай. Арт-праект «Сублімацыя» дэманстраваўся публіцы… пад мостам у цэнтры горада.
Наталля выбірае для сваіх выстаў незвычайныя пляцоўкі, рухаючы сваё мастацтва на вуліцу. Прычым у такія месцы, якія раней зусім не асацыяваліся з творчасцю, хутчэй наадварот. Першы раз гэта быў падземны пераход, які цярпеў ад вандалаў, а цяпер — пляцоўка пад мостам цераз рэчку Дубравенка.
— Так, спачатку тут давялося зрабіць генеральную прыборку, — пагаджаецца фотамастачка. — Было шмат смецця, мноства пустых бутэлек, непрыемнае адчуванне грамадскай прыбіральні. Аднак парадак навяло гарадское дарожна-маставое прадпрыемства, потым за справу ўзялася наша каманда. У выніку атрымалася добрае месца для выставы і фотасесіі.
На вялікім бетонным схіле пад мостам усталявалі два дзясяткі партрэтных фотаздымкаў. На іх у асноўным жаночыя твары, вельмі розныя.
— У нас тут сублімацыя не па Фрэйду, а мастацкая, — удакладняе Наталля. — Гэта калі адзін від творчасці пераходзіць у іншы: у нашым выпадку жывапіс — у фотаработу.
Гэта сумесная праца Наталлі Самойлавай з маладой мастачкай Кацярынай Паповай. Мадэлямі сталі звычайныя магілёўскія студэнткі і навучэнкі. Спачатку ім рабілі грым (прычым у справу ішлі не толькі фарбы, але і розны падручны матэрыял — камяні, дрот, сетка і нават злакі), а потым фатаграфавалі, ствараючы асаблівыя вобраз і настрой.
Каласкі замест броваў, цёплыя фарбы, здзіўлены позірк — гэта вобраз лясной феі, дзіцяці прыроды. Марская галька на прыгожым твары — нонсэнс альбо гармонія? Хто як убачыць. Чорны грым і дрот — як сімвал сучаснасці і «хай-тэку». А побач — ружы ў вачах маскі і рознакаляровыя сукенкі, як на карнавале. Прыцягнутая да грудзей кветка — мастацкі расповед пра мяккае жаночае сэрца ў жорсткім свеце. А рознакаляровыя маскі, як у «бэтмена», — можа, гэта намёк на жаночыя таямніцы?.. У кожнага гледача будзе сваё бачанне.
Вынікі сублімацыі жывапісу і фотамастацтва магілёўцам спадабаліся. Нягледзячы на халоднае і дажджлівае надвор’е, выставу пад мостам наведалі некалькі соцень чалавек. Тым больш што з кубкам гарачага чаю яны маглі пабачыць, як у рэальным часе рыхтуецца і праводзіцца фотасесія.
Наталля і Кацярына вырашылі, што рабрыстыя перакрыцці моста, жалезныя поручні і бетонныя прыступкі, а таксама маляўнічая графіці-сцяна паблізу ствараюць ідэальны фон для мастацкіх здымкаў. Таму мадэлям рабілі макіяж, прыгожа апраналі і фатаграфавалі літаральна на вачах гледачоў.
Адна серыя здымкаў была прысвечана Рэнаце Літвінавай і яе непаўторнаму стылю, які вельмі падабаецца фотамастачцы з Магілёва. Наталля Самойлава абяцае, што ў новым цёплым сезоне выставы ў абласным цэнтры працягнуцца — у самых яго нечаканых месцах, якія, аднак, можна напоўніць мастацтвам і культурай.