У падарунак — новы вучэбны корпус

   Сiнькевiч, Г. У падарунак — новы вучэбны корпус : [у Магiлёўскай спецыяльный школе закрытага тыпу адкрылi новы вучэбны корпус] / Ганна Сiнькевiч // Настаўніцкая газета. — 2016. — 16 жніўня. — С. 1.

Своеасаблівым падарункам да новага навучальнага года для выхаванцаў Магілёўскай спецыяльнай школы закрытага тыпу стала адкрыццё новага сучаснага вучэбнага корпуса.

2-22

Гэтая навучальная ўстанова функцыянуе з 1967 года і з’яўляецца адзінай у сваім родзе ў рэспубліцы. Навучанне ў спецшколе праходзяць непаўналетнія з розных куткоў краіны, якія накіроўваюцца сюды Міністэрствам адукацыі па адпаведных рашэннях суда. На бягучы момант ва ўстанове навучаюцца 53 выхаванцы ва ўзросце ад 11 да 15 гадоў. Тут ёсць усё неабходнае для атрымання дастойнай адукацыі, фізічнага і духоўнага развіцця. А з увядзеннем у эксплуатацыю новага вучэбнага корпуса магчымасцей для самарэалізацыі ў дзяцей, якія маюць патрэбу ў асаблівым выхаванні, стане яшчэ больш.

На ўзвядзенне прыбудовы было затрачана нямала сродкаў з рэспубліканскага бюджэту. Дастаткова доўга вялося і непасрэдна будаўніцтва. Затое канчатковы вынік паказаў, што сродкі і сілы былі выдаткаваны нездарма. Зараз у распараджэнні выхаванцаў спецшколы — басейн, прасторныя актавая і спартыўная залы, пакоі для выхавання, кабінеты для заняткаў аб’яднанняў па інтарэсах. Больш камфортнымі сталі і ўмовы пражывання навучэнцаў. У хуткім часе падлеткі размесцяцца ў пакоях блочнага тыпу, разлічаных на 6 чалавек і аснашчаных асобным санвузлом і душавой кабінай. З наваселлем выхаванцаў і педагагічны калектыў школы павіншавалі ўдзельнікі рэспубліканскага семінара-нарады па актуальных пытаннях сацыяльнага развіцця.

Як заўважыў міністр адукацыі рэспублікі Міхаіл Жураўкоў, падобны падарунак напярэдадні новага навучальнага года не будзе адзінкавым.

— Хутка ў нас чакаецца ўрачыстае адкрыццё дзвюх агульнаадукацыйных школ — у Мінскай вобласці і Брэсце. У некалькіх дзясятках навучальных устаноў быў выкананы капітальны рамонт, таму яны таксама істотна зменяцца. У цэлым жа сістэма адукацыі гатовая да новага навучальнага года. Своечасова былі вырашаны пытанні, звязаныя з аптымізацыяй асобных школ. Усе астатнія навучальныя ўстановы адрамантаваны і ў поўнай гатоўнасці чакаюць 1-га верасня, — адзначыў Міхаіл Анатольевіч.