Зiгуля, Н. Усё для пакупнiка / Нэллi Зiгуля // Звязда. — 2016. — 13 жнiўня. — С. 5.
У павільёне №41 адкрытага акцыянернага таварыства «Магілёўсаюздрук» на вуліцы Маўчанскага ў Магілёве заўсёды шматлюдна. У новым выглядзе ён пакуль існуе менш за год, раней гэта быў звычайны кіёск. Але вельмі папулярны. Прыемна яшчэ і тое, што менавіта гэты аб’ект некалькі гадоў быў адзначаны рэдакцыяй «Звязды» як найлепшы, — тут зусім не было спісання газеты. Тэлефонам «Самсунг», які быў уручаны ў якасці прыза, карыстаюцца дагэтуль.
— У нас і зараз «Звязда» не залежваецца, — радуе прадавец Алена Радудзік. — Пазаўчора адна жанчына аж 2 нумары купіла.
Размяшчаецца павільён у вельмі зручным для наведвальнікаў месцы. Насупраць вялікі гандлёвы цэнтр, непадалёк школа. Асартымент вялікі, пакупнікі не перастаюць здзіўляцца: «У вас ёсць усё». Яно і сапраўды так: кнігі на любы густ, вучэбная літаратура, сувеніры, цацкі, фотарамкі, канцтавары і шмат іншых карысных рэчаў. Усё гэта можна ўзяць у рукі, агледзець з розных бакоў. Хутка 1 верасня, і людзі пачынаюць прыходзіць са спіскам неабходных рэчаў. Тут падрыхтаваліся, каб спажывец мог купіць усё разам і не губляць час на паходы па іншых крамах.
У рэжыме «хутка новы вучэбны год» працуюць сёння ўсе без выключэння гандлёвыя кропкі «Магілёўсаюздруку». А іх па вобласці, удакладняе начальнік аддзела друку «Магілёўсаюздруку» Наталля Стараверава, 225: 10 крам, 27 павільёнаў, 188 кіёскаў.
Каб было зручна падрыхтавацца да школы, прадпрыемства арганізавала выязны гандаль. Каля вялікага гандлёвага цэнтра Парк-Сіці ў адным са шматлюдных раёнаў Магілёва — Казіміраўцы — сёння працуе тры палаткі. Кніжная і канцылярская прадукцыя разыходзяцца на «ўра».
Што датычыцца газет і часопісаў, то і тут «Магілёўсаюздрук» выкарыстоўвае наватарскі падыход. Каб людзі звярталі ўвагу на перыядычныя грамадска-палітычныя выданні, іх размяшчаюць на самым бачным месцы, каля шкла. Прычым у разгорнутым выглядзе, каб быў бачны анонс. І зацікаўленыя знаходзяцца. Некаторыя заходзяць, каб купіць свежы нумар, а некаторыя — нават каб падпісацца.