Сацыяльная сфера як лакмусавая папера, што характарызуе настрой жыхароў краiны

   Сацыяльная сфера як лакмусавая папера, што характарызуе настрой жыхароў краiны : [у Магiлёве прайшла нарада па актуальных пытаннях сацыяльнага развiцця, у якiм прыняла ўдзел намеснiк прэм’ер-мiнiстра Наталля Качанава] // Звязда. — 2016. — 13 жнiўня. — С. 2. 

У Магiлёве ўчора прайшла нарада па актуальных пытаннях сацыяльнага развiцця, у якiм прыняла ўдзел намеснiк прэм’ер-мiнiстра Наталля Качанава.

Паводле яе слоў, падробныя мерапрыемствы пройдуць ва ўсiх рэгiёнах краiны.

Як паведамiў карэспандэнт БЕЛТА, у семiнары-нарадзе прынялi ўдзел прадстаўнiкi мiнiстэрстваў адукацыi, аховы здароўя, працы i сацыяльнай абароны, культуры, спорту i турызму, iнфармацыi, намеснiкi старшынь гаррайвыканкамаў па сацыяльных пытаннях, кiруючыя работнiкi аблвыканкама, якiя курыруюць гэты напрамак.

«Праводзячы семiнар, мы не iмкнулiся даць станоўчую або адмоўную ацэнку рабоце кадраў Магiлёўскай вобласцi – тэзiсна вызначылi асноўныя напрамкi, якiя дапамагаюць рухацца ва ўнiсон з праграмай сацыяльна-эканамiчнага развiцця краiны на блiжэйшыя пяць гадоў», – адзначыла Наталля Качанава. Паводле яе слоў, сацыяльная сфера — гэта своеасаблiвая лакмусавая папера, што характарызуе настрой жыхароў краiны. Наталля Качанава лiчыць, што кадравы патэнцыял павiнен грунтавацца на амаладжэннi i моцным рэзерве. «Хтосьцi можа быць толькi добрым выканаўцам, а ў кагосьцi пераважаюць лiдарскiя якасцi. Гэта трэба бачыць, каб правiльна працаваць у прафарыентацыйным напрамку», – лiчыць вiцэ-прэм’ер.

Яна выказала меркаванне аб неабходнасцi ўдасканалення падыходаў да выдачы мэтавага накiравання на навучанне. Пры афармленнi такiх дакументаў у прыярытэце павiнны быць мясцовыя навучальныя ўстановы i замацаванне кадраў у сельскай мясцовасцi. «Атрымлiваючы адукацыю ў Мiнску, маладыя людзi iмкнуцца ўсiмi магчымымi метадамi застацца ў сталiцы, –падкрэслiла Наталля Качанава. – У першую чаргу трэба даваць накiраваннi ў рэгiянальныя ВНУ, арганiзоўваць практыку ў мясцовых арганiзацыях, каб у перспектыве не ўзнiкала праблем з замацаваннем маладых спецыялiстаў у раёнах».

Намеснiк прэм’ер-мiнiстра зрабiла акцэнт на фармiраваннi здаровага ладу жыцця. Гэта работа павiнна быць актывiзавана, асаблiва ў сферы прафiлактыкi. «Праблема алкагалiзму закранае жыццё многiх сем’яў, i яны павiнны ведаць, як папярэдзiць развiццё гэтай хваробы ў блiзкiх людзей, да каго звярнуцца па дапамогу, – адзначыла Наталля Качанава. – Тут важна задзейнiчаць усе магчымыя рэсурсы, у тым лiку грамадскiя i рэлiгiйныя арганiзацыi».

Нагадала Наталля Качанава i аб важнасцi захавання парадку на аб’ектах сацыяльнай сферы: установы адукацыi, аховы здароўя, культуры павiнны выглядаць дастойна, паколькi гэта цэнтры прыцягнення насельнiцтва, асаблiва ў райцэнтрах.

Была звернута ўвага на iндывiдуальны падыход у рабоце са зваротамi грамадзян. Намеснiк прэм’ер-мiнiстра ўпэўнена, што любое пытанне (акрамя тых, якiя датычацца ўнясення паправак у нарматыўныя прававыя акты) можна вырашыць на месцах. На яе думку, тут важна ўзмацнiць дзеяннi на апярэджанне, а таксама палепшыць растлумачальную работу з насельнiцтвам.