У няспынным дыялогу

   Ляшкевiч, А. У няспынным дыялогу / Алена Ляшкевiч // Культура. — 2016. — 8 кастрычнiка. — С. 3.

У Магілёве 30 верасня — 2 кастрычніка працаваў III Нацыянальны форум «Музеі Беларусі». У гэтым нумары «К» спыняецца на шэрагу вузлавых момантаў галоўнай падзеі ў жыцці музейнай супольнасці рэспублікі.

■ ■ ■

Падчас адкрыцця ролю і канцэптуальную значнасць музейнага форуму акрэсліў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў, зрабіўшы акцэнт на тым, што падзея адбываецца ў Год культуры:

— У сучасным свеце музеі выконваюць ролю інстытутаў па захаванні спадчыны, перадачы ведаў і культурнага вопыту, — адначыў Барыс Уладзіміравіч. — Музейныя прадметы і музеі, дзе яны захоўваюцца, фарміруюць унікальнае асяроддзе, дзе канцэнтруецца памяць пакаленняў і ідзе няспынны дыялог мінулага з сучасным. Музейная справа Беларусі актыўна развіваецца і патрабуе новых падыходаў да вырашэння актуальных праблем сучаснасці. Застаючыся вернымі сваім традыцыйным функцыям, асноўную ўвагу музеі сёння надаюць пытанню захавання і вывучэння гісторыкакультурных каштоўнасцяў, а таксама імкнуцца пашырыць ўзаемаадносіны з шырокай публікай, павысіць якасць сваіх паслуп актыўна выкарыстоўваць нацыянальную спадчыну для адукацыі i выхавання.

Форум для музейнай супольнасці — цэнтральная падзея музейнага жыцця краіны, унікальная магчымасць для аналізу і асэнсавання працэсаў, якія адбываюцца сёння ў сферы музеяў, выдатная пляцоўка для абмену думкамі, лепшымі напрацоўкамі, крыніца творчага натхнення і рэальны механізм далучэння музеяў Беларусі да глабальнай інфармацыйнай прасторы. Форум таксама праводзіцца ў мэтах стымулявання творчых ініцыятыў, заахвочвання музейных работнікаў, якія ўносяць значны ўклад у вывучэнне, захаванне і папулярызацыю культурных каштоўнасцяў, прыцягнення ўвагі шырокага кола грамадскасці да шматграннай музейнай дзейнасці.

■ ■ ■

Сказаць, што на экспазіцыі, якая разгарнулася ў спартыўным комплексе «Алімпіец», было за што зачапіцца воку, — нічога не сказаць. Кіруючыся толькі тым, што прыцягнула ўвагу, так атрымалася, што ў многім мае ўражанні супалі з меркаваннем журы конкурснай праграмы форуму.

Мінскі абласны краязнаўчы музей скаардынаваў экспазіцыі музеяў вобласці, да магілёўскага форуму быў выдадзены буклет з кароткай інфармацыяй пра кожную. «Кранальная выстава» Магілёўскаг’а абласнога мастацкага музея імя Паўла Масленікава звалася так, бо на ёй можна было ўсё кранаць. Экспазіцыя, разлічаная на дзяцей, складалася з выставы дзіцячых малюнкаў, інсталяцый «Як адлятаюць на дзьмухаўцах» Таццяны Быц і «Дрэва ведаў» Андрэя Вераб’ёва. На галінках гэтай «расліны» віселі дзіцячыя малюнкі з ілюстрацыямі да літар алфавіта. Што прыемна, за аснову браліся менавіта беларускія словы: вожык, янот, цукеркі… На стэндзе музея дзецям прапаноўвалі не толькі дакрануцца да экспанатаў, а яшчэ самім намаляваць штонебудзь, i, на выбар, дапоўніць экспазіцыю ці забраць малюнак дамоў.

Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Еўдакіма Раманава зрабіў выставу «Магілёўскаму кнігадруку — 400 гадоў» (у 1616м пачала дзейнічаць Магілёўская брацкая друкарня). На стэндзе можна было ўласнаруч надрукаваць старонку на станку, канструкцыя якога адпавядае часам Спірыдона Собаля. У 1636м ён выдаў у Магілёве «Буквар языка славеньска». Падчас форуму адбыліся прэзентацыі кнігі пра Спірыдона Собаля і магілёўскае кнігадрукаванне XVII — XVIII стагоддзяў, падрыхтаванай Музеем гісторыі Магілёва супольна з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, і «Новага запавету з Псалтыром», выдадзенага ў Куцеінскай друкарні пад Оршай у 1652 годзе і набытага Музеем гісторыі Магілёва дзякуючы спонсарскай дапамозе. На стэндзе краязнаўчага музея можна было пагартаць макет Буквара Спірыдона Собаля, а вялікі надпіс над фотакопіяй з гонарам паведамляў: «Буквару з Магілёва 380 гадоў».

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры на форуме паказаў выставу «Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры», якая распавядала пра 10 літаратурных музеяў краіны і раскрыла асобныя старонкі літаратурнага жыцця, звязаныя з творчасцю вядомых пісьменнікаў — юбіляраў 2016га. Гаворка пра Івана Мележа, Івана Шамякіна, Кандрата Крапіву, Ніла Гілевіча, Генадзя Бураўкіна, Максіма Багдановіча. Таксама мы адсвяткавалі някруглую сімвалічную дату — 111 год Петруся Броўкі. На стэндзе можна было пабачыць рукапісы пісьменнікаў, фотаздымкі, асабістыя рэчы Дзейнічалі інтэрактыўныя праграмы для дзяцей і дарослых. Музей Петруся Броўкі экспанаваў 6 з 17 чамаданаў, нядаўна перададзеных у фонды  нашчадкамі паэта («К» пісала пра гэта ў № 22).

Лідчане паказалі экспазіцыю «Уздоўж па Віленскай»: наведвальнікі форуму траплялі на рынкавую плошчу Ліды XIX стагоддзя, дзе маглі сустрэць сялянакгандлярак у традыцыйных строях, гарадскіх дампакупніц, апранутых па модзе таго часу, і гарадскіх жа дэндзі. Інфармацыю пра перамогу музей, дарэчы, аператыўна выставіў на сваім сайце. Музей Дзяцінства школы №2 горада Нароўлі паказаў цацкі савецкага часу і прадметы, звязаныя з акцябратамі і піянерамі. Гісторыкакраязнаўчы музей «Дружбы народаў школы №8 горада Гродна засяродзіўся на прадметах, звязаных з Фестывалем нацыянальных культур і нацыянальнымі меншасцямі, што жывуць на тэрыторыі Беларусі.

Як сведчыў стэнд Нацыянальнага гісторыкакультурнага музеязапаведніка «Нясвіж», літаральна пару месяцаў таму ў гэтым горадзе адчынілася дзіцячая мінікавярня, у верасні — дзіцячы адукацыйны цэнтр. Фабрыка «Камунарка» забяспечыла кавярню апаратам для вырабу гарачага шакаладу. Піцьяго дзеці могуць у кампаніі Мікалая Радзівіла Чорнага ці Барбары Радзівіл (на стол ставяць ляльку ў адпаведным адзенні). Ёсць тут інтэрактыўны стол з развіццёвымі гульнямі. Распрацоўваюцца адукацыйныя і забаўляльныя праграмы на аснове гісторыі роду Радзівілаў і Нясвіжа, цікавыя і жыхарам горада, і турыстам. V перспектыве можна будзе пакінуць дзіця ў такога кшталту цэнтры, пакуль бацькі наведваюць экскурсію (аналаг дзіцячага пакоя ў гіпермаркеце).

«Лепшы сувенірны і друкаваны прадукт рэгіянальнага музея» — новая намінацыя, якую заснаваў Музей «Замкавы комплекс «Мір». Як распавяла падчас узнагароджвання яго дырэктар Вольга Папко, мала рэгіянальных музеяў прадстаўляюць свае калекцыі ў сувенірнай прадукцыі. Мірскі замак як вялікі рэгіянальны музей хацеў бы стымуляваць дзейнасць у такім кірунку. Сёлета ў намінацыі паступіла ўсяго 4 заяўкі: з Ліды, Жодзіна, Шклова і Лепеля. Лепшай прызнана прадукцыя Лепельскага раённага краязнаўчага музея «Народная лялькамотанка». У Лепель з Міра «паехаў» вялікі тэлевізар для прэзентацый. Лепельцы ўмеюць шанаваць свае брэнды — на стэндзе музея быў выяўлены бадай самы знакаміты яго экспанат: лепельская дуда.