Пераход як мастацкая галерэя

   Зiгуля, Н. Пераход як мастацкая галерэя : [новы падземны пераход з’явiўся ў Магiлёве на скрыжаваннi вулiцы Чалюскiнцаў i Пушкiнскага праспекта] / Нэлi Зiгуля // Звязда. — 2016. — 27 кастрычнiка. — С. 16.

Ён з’явіўся ў Магілёве на скрыжаванні вуліцы Чалюскінцаў і Пушкінскага праспекта дзякуючы рэканструкцыі Дняпроўскага моста. Па сутнасці, гэта яшчэ адзін музей, дзе можна будзе ўбачыць усю гісторыю Магілёва ад мінулага да сучаснага.

27-31_kopiya

— Падземнага перахода ў такім арыгінальным дызайнерскім рашэнні няма ва ўсёй краіне, — запэўнівае начальнік магілёўскага ўпраўлення капітальнага будаўніцтва Андрэй МАСКАЛЁЎ. — Актыўны ўдзел у афармленні прыняло магілёўскае прадпрыемства «КУВО», якое зрабіла графічныя малюнкі з выявамі горада са звыштрывалага шкла, якое проста так не разаб’еш. Мы паклапаціліся, каб пераход добра асвятляўся. Унутры перахода і па ўсей транспартнай развязцы ўсталяваны відэакамеры з вывадам на пост УУС і ДАІ. Так што вандалам можа вельмі дорага абысціся спроба нешта сапсаваць. А галоўная вартасць моста — гэта сучасны ліфт для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, які зрабілі спецыялісты завода Магілёўліфтмаш. Яго асаблівасць у тым, што тут увасобіліся ў жыццё пажаданні ўсіх нашых калясачнікаў.

Наогул рэканструкцыя да непазнавальнасці змяніла знешні выгляд гістарычнага цэнтра Магілёва. Выраўнялі берагі Дняпра, зроблена добраўпарадкаванне прылеглай да моста часткі. Стала не проста прыгожа, а яшчэ і зручна як пешаходам, так і аўтамабілістам.

— Мы нарэшце развязалі гэты транспартны вузел і павялічылі прапускную здольнасць у два разы. Тых пробак, якія дагэтуль існавалі тут, болей не будзе, — паведаміў Андрэй Маскалёў.