Сланеўскi, А. Iван Якубоўскi, бранятанкавы маршал / Анатоль Сланеўскi // Звязда. — 2016. — 14 снежня. — С. 5.
Iван Iгнатавiч Якубоўскi (7 студзеня 1912 года, па старым стылi — 25 снежня 1911-га, вёска Зайцава, цяпер у Горацкiм раёне Магiлёўскай вобласцi — 30 лiстапада 1976 года, Масква) — савецкi военачальнiк, Маршал Савецкага Саюза. Двойчы Герой Савецкага Саюза, Герой ЧССР. Беларус. Працаваў па найме ў вёсцы, скончыў сельскую школу. Затым — два курсы Аршанскага педагагiчнага тэхнiкума. У 1932 годзе прызваны ў Чырвоную Армiю. Скончыў Беларускую аб’яднаную ваенную школу iмя М.I. Калiнiна ў Мiнску ў 1934 годзе, накiраваны служыць камандзiрам вучэбнага ўзвода ў 27-ю Омскую Чырванасцяжную стралковую дывiзiю (Вiцебск). Служыў у Беларускай ваеннай акрузе — камандзiр танкавага ўзвода, камандзiр танкавай роты, начальнiк штаба танкавага батальёна, выкладчык Пухавiцкага пяхотнага вучылiшча. Камандаваў танкавай ротай у Польскiм паходзе Чырвонай Армii ў вераснi 1939 года ў складзе войскаў Беларускага фронту i ў савецка-фiнскай вайне 1939-1940 гадоў. Удзельнiк Вялiкай Айчыннай вайны. Удзельнiчаў у абарончых баях у Беларусi, у абароне Мiнска, ваяваў у асаджаным Магiлёве, камандаваў танкавым палком, брыгадай, корпусам. Па-геройску змагаўся на Варонежскiм, Бранскiм, Цэнтральным, 1-м Украiнскiм франтах у Курскай бiтве на арлоўскім напрамку, бiтве за Днепр, у вызваленнi Кiева i Фастава. За гераiзм у баях за Фастаў палкоўнiку I.I. Якубоўскаму 10 студзеня 1944 года прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Вясной 1944 года танкавая брыгада палкоўнiка Якубоўскага паспяхова дзейнiчала ў Праскураўска-Чарнавiцкай наступальнай аперацыi. Удзельнiчаў у Львоўска-Сандамiрскай i Вiсла-Одэрскай аперацыях. За геройскiя дзеяннi ў Львоўска-Сандамiрскай аперацыi I.I. Якубоўскаму ў другi раз прысвоена званне Героя Савецкага Саюза ўказам ад 23 верасня 1944 года. Удзельнiчаў у Берлiнскай i Пражскай аперацыях. Некалькi разоў быў паранены, гарэў у танку. Пасля вайны — на розных камандных пасадах. З красавiка 1967 года — першы намеснiк мiнiстра абароны СССР, з лiпеня 1967-га — адначасова i Галоўнакамандуючы Аб’яднанымi ўзброенымi сiламi дзяржаў — удзельнiц Варшаўскага дагавора. 12 красавiка 1967 года яму прысвоена званне Маршала Савецкага Саюза. Адзiны беларус, якi меў такое высокае воiнскае званне.
«Усё магло пайсцi па-iншаму»
За два гады да першай сусветнай вайны, 7 студзеня 1912 года, у сям’i беларускага селянiна Iгната Лявонавiча Якубоўскага нарадзiўся сын Iван. Нiчым не вызначалася нараджэнне яшчэ аднаго, шостага, дзiцяцi ў нiзенькай, пакрытай саломай, чатырохсценнай хацiне. Бацька — нязменны пастух у вёсцы Зайцава Горацкага павета на Магiлёўшчыне. Мацi, Акулiна Андрэеўна, хварэла, памерла ў сямнаццатым. Хатнiя клопаты пра вялiкую сялянскую сям’ю ляглi на плечы жонкi старэйшага сына, Мiкiты, Агаф’i Захараўны, якая прыклала нямала працы для выхавання дзяцей. Калi зазiрнуць наперад, немагчыма абысцi маўчаннем двух братоў Якубоўскага — радавога Аляксандра, якi загiнуў у баях у сорак першым, i Кiрылу, камiсара палка, якi загiнуў у сорак другiм у баях пад Ржэвам. У 1944 годзе за сувязь з партызанамi гiтлераўцы расстралялi Агаф’ю Захараўну разам з дваццацiгадовай дачкой Аксiнняй. Чатыры трагiчныя смерцi толькi на адну сям’ю простых беларускiх сялян.
…Першы клас школы супаў для малодшага сына сям’i Якубоўскiх з першым мiрным годам пасля грамадзянскай вайны. Восенню ў простай кашулi, у лапцях, з букваром хлопчык адпраўляецца ў школу. Дзесяць кiламетраў кожны дзень у адзiн канец з акрайцам жытняга хлеба, у любое надвор’е… Сем класаў скончаны. Сям’я ледзь-ледзь перабiваецца з хлеба на квас. Бацька ўсё часцей пагаворвае: «Цi не пара канчаць з гэтым, Ваня?» У трыццатым сяло стала калгасным, а камсамолец Iван Якубоўскi абiраецца сакратаром куставой ячэйкi Макар’еўскага сельсавета.
Не адразу наладзiлася калгаснае жыццё. Але моладзь пацягнулася да вучобы. У большасцi сялян не было спраўных ботаў цi чаравiкаў. Абутак у лiтаральным сэнсе здабываўся ў лесе. З лыка плялi лапцi, якiя называлi слiпамi. У такiм абутку i прыйшоў у павятовы горад Горкi Iван Якубоўскi, каб здаць дакументы ў найстарэйшую беларускую сельскагаспадарчую акадэмiю.
— Не ўдалося мне навучыцца на агранома, i не таму, што я не мог бы здаць прыёмныя iспыты, — напiша шмат пазней у сваёй кнiзе ўспамiнаў «Зямля ў агнi» Iван Iгнатавiч. — Добра прайшоў я па фiзiцы i хiмii, i, магчыма, усё было б па-iншаму, ды падаспелi iншыя справы. Жыццё было цяжкае. Прыйшлося пайсцi працаваць на цагляны завод. Пазней райкам камсамола паслаў мяне на вучобу ў Оршу, у педагагiчны тэхнiкум, i я рыхтаваўся стаць настаўнiкам. Адвучыўся два гады. Мяне, у той час кандыдата ў члены партыi, выклiкалi ў райкам i паведамiлi хвалюючую вестку пра тое, што пасылаюць у армiю, што ёсць рашэнне аб умацаваннi вайсковых радоў партыйнымi камандзiрскiмi кадрамi. Прайшоў адборачную i медыцынскую камiсii, а на мандатную паехаў у Мiнск. Можаце ўявiць маё здзiўленне, калi я нечакана ўбачыў за сталом камiсii героя грамадзянскай вайны Сямёна Канстанцiнавiча Цiмашэнку. Ну, думаю, калi сам Цiмашэнка прыехаў, значыць, важная справа. Узнёслы настрой змянiўся сумненнем — раптам не падыду. Аднак падышоў. На камiсii мне сказалi, што педтэхнiкум прыйдзецца пакiнуць i пайсцi па дарозе Рабоча-Сялянскай Чырвонай Армii.
Якубоўскага залiчваюць у Аб’яднаную Беларускую ваенную школу iмя М.I. Калiнiна. Добрасумленна, упарта авалодвае ён майстэрствам ваеннай прафесii. Яго лiчаць лепшым спартсменам.
Майстэрства ваеннай прафесii
Увосень 1934 года ў Мiнску на плошчы Свабоды камкор С.К. Цiмашэнка зачытаў перад строем загад аб выпуску лейтэнантаў, падпiсаны намеснiкам наркама абароны СССР М.М. Тухачэўскiм. Менавiта на гэтай плошчы праз сем гадоў, у чэрвенi 1941 года, капiтану Якубоўскаму давядзецца прымаць першы бой з грозным ворагам. Але да гэтага былi яшчэ шэсць гадоў службы ў БВА, у 27-м артпалку 27-й Омскай двойчы Чырванасцяжнай стралковай дывiзii, якой тады камандаваў герой грамадзянскай вайны, кавалер чатырох ордэнаў Чырвонага Сцяга С.С. Вастрацоў.
Кiраўнiцтва дывiзii ўлiчвае якасцi выпускнiка-выдатнiка, выкладзеныя ў характарыстыцы, i прызначае яго камандзiрам вучэбнага ўзвода. У яго падначаленнi 35 чалавек. На ўзбраеннi — чатыры 122-мiлiметровыя гаўбiцы. Камандзiр дывiзiёна Кабатчыкаў дае выдатны водгук маладому камузвода, адзначае трывалыя веды, патрабавальнасць да самога сябе i да байцоў, яго педагагiчную жылку. Неўзабаве ўзвод выходзiць на першае месца ў палку i дывiзii. Якубоўскага накiроўваюць на Ленiнградскiя Вышэйшыя Чырванасцяжныя бранятанкавыя курсы ўдасканалення камандзiраў РСЧА.
За сем напружаных месяцаў чарговай вучобы ён авалодвае майстэрствам ваджэння танка, навыкам стральбы i кiравання танкавымi падраздзяленнямi. У 23 гады ў 16-й лёгкатанкавай брыгадзе Якубоўскi камандуе танкавым узводам, а затым ротай вучэбна-танкавага батальёна. З гэтага часу яго запалам, яго клопатам, радасцю i горам, часам нават яго жыллём становiцца цесная сталёвая скрынка баявой машыны. У трывожны час iшло станаўленне будучага маршала.
Восенню 1939 года на пасадзе камандзiра танкавай роты Iван Iгнатавiч прымаў удзел у вызваленчым паходзе ў заходнiя вобласцi Беларусi. А зiмой 1939/1940 гадоў ён атрымаў баявую практыку ў ходзе савецка-фiнскай вайны. Ротны Якубоўскi ваяваў у той час у складзе 22-га лёгкатанкавага палка.
Неўзабаве — вяртанне на родную беларускую зямлю. Спачатку — у Пухавiчы, у пяхотнае вучылiшча на пасаду старшага выкладчыка аўтабранятанкавай справы, а потым, у красавiку 1941-га, пад Мiнск, у Чырвонае Урочышча, дзе ён прыняў танкавы батальён у 26-й танкавай дывiзii, якой камандаваў генерал Вiктар Цiмафеевiч Обухаў.
«Блiжэйшы наш палiгон знаходзiўся ў раёне населеных пунктаў Малы i Вялiкi Трасцянец. Там, разбiўшы лагер у лесе, мы i займалiся ваеннай вучобай аж да 21 чэрвеня», — успамiнаў I.I. Якубоўскi.
З ворагам — твар у твар
А потым прыйшоў дзень 22 чэрвеня 1941 года. Iван Якубоўскi — камандзiр танкавага батальёна.
У хуткацечных баях 24—26 чэрвеня 1941 г. на блiзкiх подступах да сталiцы Беларусi перад капiтанам Якубоўскiм была пастаўлена задача ў складзе экiпажаў сямi танкаў Т-26 лiквiдаваць варожы дэсант, якi прарваўся ў раён плошчы Свабоды. На працягу трох гадзiн задача была выканана. Затым баi працягвалiся ў раёне завода iмя Варашылава i Чырвонага Урочышча. Полк страцiў у баях за Мiнск шэсць сваiх танкаў, а варожых знiшчыў звыш дзесяцi. З захаду Мiнск прыкрывала 64-я стралковая дывiзiя палкоўнiка С.I. Iаўлева, а з паўночнага захаду — 100-я стралковая дывiзiя генерала I.М. Русiянава. Менавiта ў 100-й стралковай дывiзii ўпершыню ў гады Вялiкай Айчыннай у барацьбе з варожымi танкамi былi ўжытыя бутэлькi з гаручай сумессю. Iх выкарысталi два капiтаны: беларус Ф. Каўрыжка i ўкраiнец В. Цяртычны. У наступныя днi 51-ы танкавы полк Якубоўскага вёў цяжкiя абарончыя баi на рацэ Бярэзiне i пры абароне Магiлёва. Тут полк Iвана Iгнацьевiча ўпершыню ў гады вайны захапiў у палон каля 400 гiтлераўцаў.
Першую баявую ўзнагароду — ордэн Чырвонага Сцяга — у суровым 1941 годзе пад- палкоўнiк I.I. Якубоўскi атрымаў менавiта ў баях за Магiлёў.
Ён праяўляе асабiстую адвагу i iнiцыятыву. Пазней на пасадзе камандзiра палка i намеснiка камандзiра 121-й танкавай брыгады ўдзельнiчае ў баях на Бранскiм i Паўднёвым франтах. Абараняе Маскву.
Увесну 1942 года Iван Iгнатавiч прызначаецца камандзiрам 91-й асобнай танкавай брыгады, якая пачынае фармiравацца ў сакавiку. 20 чэрвеня накiроўваецца на Паўднёва-Заходнi фронт. Там рэзка пагоршылася становiшча, i нашы войскi, стомленыя баямi, вымушаны былi адыходзiць. Брыгада перакiдваецца ў Валаконаўку. Ёй было загадана заняць абарону i прыкрываць 169-ю стралковую дывiзiю 28-й армii, якая адыходзiла на ўсходнi бераг Аскола. Забяспечваючы адыход стралковых часцей, брыгада вяла бой з адкрытымi флангамi, бо суседзяў побач не аказалася, што вельмi пагаршала становiшча. На вузкiм участку танкiсты стрымлiвалi нацiск гiтлераўскай дывiзii, пастаянна падвяргаючыся ўдарам варожых бамбардзiроўшчыкаў.
1 лiпеня працiўнiк правёў магутную бамбёжку з пiкiравання i пад штармавым накатам артылерыйскага агню ажыццявiў камбiнаваную атаку пяхоты i танкаў. Але варожыя машыны, наткнуўшыся на мiннае поле, закладзенае ноччу мотастралкамi, павярнулi i падставiлi свае барты пад прыцэльны агонь нашых процiтанкавых гармат i бранябойшчыкаў. Савецкiя байцы не завагалiся, падпусцiлi машыны ворага як мага блiжэй i ўдарылi па iм усiм, чым маглi. Танкi гарэлi. Гiтлераўцы выклiкалi авiяцыю i працягвалi атакi. Мужна змагалася маладая брыгада, не зрабiўшы нi кроку назад. Батарэi бiлiся да апошняга снарада, мотастралкi кiдалiся ў рукапашную. Былi моманты, калi танкi працiўнiка даходзiлi да каманднага пункта. Камандзiр брыгады праяўляў моцную волю, уменне i вопыт. Ён давяраў байцам не менш, чым яны давяралi яму.
Беспярэчна выконвалiся ўсе яго каманды. Усе ведалi: камбрыг разам з iмi, побач, камандуе, значыць, верыць у перамогу. У адным з баёў супрацьтанкавая мiна выбухнула пад колам аўтамабiля. Якубоўскi быў кантужаны, атрымаў першую дапамогу i ўсю ноч кiраваў пераправай. Такiм яго запомнiлi ля Аскола.
Дзе Якубоўскi — там поспех
Гэта былi цяжкiя бiтвы нашых войскаў з ворагам на далёкiх подступах да Сталiнграда. Пачалася найвялiкшая бiтва ў мiжрэччы Волгi i Дона, роўнай якой не ведала сусветная гiсторыя. Напружанасць узброенай барацьбы ўзрастала з кожным днём. Цэнтрам яе стаў Сталiнград. Змагаючыся пад дэвiзам «За Волгай для нас зямлi няма!», савецкiя войскi адбiлi люты нацiск ворага i нанеслi сакрушальны ўдар у адказ. Сiламi трох франтоў — Паўднёва-Заходняга, Данскога i Сталiнградскага — 330-тысячная групоўка Паўлюса i Гота была акружана i разгромлена. Дастойны ўклад у разгром фашысцкiх захопнiкаў у бiтве ля сцен волжскай цвярдынi ўнесла i 91-я асобная танкавая брыгада Iвана Якубоўскага, якая змагалася тут больш за чатыры месяцы.
Камандуючы 3-й гвардзейскай танкавай армiяй генерал Павел Сямёнавiч Рыбалка адгукаўся пра гэтыя падзеi так: «Там, дзе Якубоўскi, там я спакойны, там абавязкова будзе поспех».
Злучэннi гэтай танкавай армii выканалi вялiкую ролю ў барацьбе з ворагам i на Арлоўскiм напрамку. Яны актыўна садзейнiчалi войскам Бранскага i Цэнтральнага франтоў у разгроме мцэнскай, крамской i арлоўскай груповак ворага. Асобная танкавая брыгада Iвана Якубоўскага не раз атрымлiвала адказныя баявыя задачы i з поспехам iх выконвала. Курская бiтва перарасла ў грандыёзнае стратэгiчнае наступленне савецкiх войск.
Пачалося вызваленне левабярэжнай Украiны. На поўдзень ад Кiева, супраць Вялiкага Букрына, паўстаў плацдарм. Войскi сыходзiлiся ў лютых атаках. Гiтлераўцы сцiскалi падкову небяспечнага для iх плацдарма, не шкадуючы людзей i металу. Брыгада Якубоўскага на плацдарме — часцiнка вялiкага i адзiнага цэлага. Генерал-фельдмаршал Манштэйн спазнаў савецкiх танкiстаў i пад Сталiнградам, i на Курскай дузе. Цяпер яны нацэлiлiся на Кiеў. Манштэйн разважаў так: савецкi Вярхоўны не пасылае танкавую гвардыю на другарадныя ўчасткi. Удар па Кiеву будзе адсюль, толькi адсюль! Манштэйн перакiдвае да Вялiкага Букрына свае галоўныя сiлы. Тым часам танкавая армiя П.С. Рыбалкi таемна ад ворага здымаецца з плацдарма i накiроўваецца да Люцежа, дзе на самай справе намечаны галоўны ўдар па кiеўскай групоўцы. Немцы не здолелi разгадаць гнуткую стратэгiчную задумку савецкага камандавання i па-ранейшаму кiдалi рэзервы да Букрына.
Люцеж! Адсюль вырашана нанесцi масiраваны ўдар з мэтай вызвалення Кiева i разгрому Задняпроўскай групоўкi. Танкавая брыгада I.I. Якубоўскага адкрыла начны марш. Вызваленне Кiева, як вядома, заняло ўсяго трое сутак, з 3 па 6 лiстапада. Гэта была блiскучая аперацыя, праведзеная ў iмклiвым тэмпе, нечаканая, масiраваная, не разгаданая працiўнiкам, нягледзячы на буйное сканцэнтраванне савецкiх войскаў.
Трэцяя гвардзейская танкавая армiя рашучымi дзеяннямi перарэзала шляхi адыходу сапернiку на захад, стварыла пагрозу яго акружэння ў раёне Кiева. Танкавыя злучэннi iмклiва развiвалi наступленне на поўдзень — на Васiлькоў i Фастаў. Фастаў — буйны чыгуначны вузел, як бы цэнтр камунiкацыйных нерваў. Простага позiрку на карту дастаткова, каб зразумець яго значэнне. I.I. Якубоўскi зарэкамендаваў сябе тут удумлiвым, iнiцыятыўным i арганiзаваным афiцэрам.
У яго моцная воля, але, патрабуючы таго ж ад падначаленых, ён нiколi не квапiцца на iх асабiстую годнасць. Ён верыць байцам i афiцэрам i разумна беражэ iх, i яму адказваюць суровай салдацкай любоўю. Да таго часу, а iшоў ужо трэцi год вайны, у Якубоўскага склаўся i свой iндывiдуальны «почырк»: за iм замацавалася слава майстра дзёрзкiх танкавых рэйдаў. У манеўранай вайне Якубоўскi змог разгарнуць свае незвычайныя здольнасцi. Танкавыя злучэннi, якiмi ён камандаваў, не раз былi выкарыстаныя як зруйнавальны сталёвы клiн, што рассякаў працiўнiка, расчышчаючы шлях для наступных бранявых валоў танкавага патоку.
Далейшае развiццё падзей дазволiла ўбачыць у Якубоўскiм не толькi майстра танкавых рэйдаў. Калi працiўнiк, засяродзiўшы буйныя сiлы танкаў, хацеў вярнуць горад Фастаў, Якубоўскi арганiзаваў сапраўды сталёвы абарончы пояс i вытрымаў трохдзённыя адчайныя атакi пераўзыходзячых сiл танкавай дывiзii ворага, падтрыманай масiраванымi налётамi штурмавiкоў.
Не ўдалося гiтлераўцам вярнуцца да Дняпра. Дзесяць выхаванцаў брыгады Якубоўскага сталi Героямi Савецкага Саюза. Вось узнагародны лiст i на палкоўнiка I.I. Якубоўскага, падпiсаны камандуючым 3-й гвардзейскай танкавай армiяй генерал-лейтэнантам П.С. Рыбалкам i членам Ваеннага савета армii генерал-маёрам С.I. Мельнiкавым: «Камандуючы 91-й асобнай танкавай брыгадай з першых дзён яе арганiзацыi тав. Якубоўскi шмат прыклаў сiлы i энергii па арганiзацыi асабовага складу брыгады i па падрыхтоўцы яе да баявых дзеянняў. У Арлоўскую аперацыю армii на Бранскiм i Цэнтральным франтах (лiпень-жнiвень 1943 года) брыгада пад кiраўнiцтвам тав. Якубоўскага ўсе баявыя задачы выканала. У аперацыi армii па фарсiраваннi р. Днепр i ў баях па авалоданнi гарадоў Кiеў i Фастаў тав. Якубоўскi пастаянна знаходзiўся ў баявых парадках брыгады, умела кiраваў брыгадай у самых складаных умовах бою. Брыгада пад кiраўнiцтвам тав. Якубоўскага смелымi, рашучымi дзеяннямi авалодала 6.11.43 г. горадам Фастаў, нанёсшы ворагу вялiкiя страты ў жывой сiле i тэхнiцы, за што брыгаду сталі называць «Фастаўскай».
Першая Зорка Героя Савецкага Саюза ўвянчала ратную працу чалавека, якi дзень i ноч, суткi i месяцы праводзiў або ў танку, або на бронетранспарцёры, або ў самаходцы, або ў штабной машыне. Ён еў з агульнага катла, спаў пад брызентам, саграваючыся цяплом танка, якое яшчэ захавалася пасля бою. На iм часцей быў скураны шлем, чым фуражка, i напагатове пiсталет, пара «лiмонак» на выпадак i аўтамат з набiтым патронамi дыскам.
Iван Iгнатавiч заўсёды быў гатовы да вырашэння самых нечаканых i складаных задач, заўсёды быў скiраваны да перамогi. Потым былi баi за Корасцень, Жытомiр, у азнаменаванне вызвалення якога брыгада была ўдастоена ордэна Чырвонага Сцяга, за Праскураў, Ярмолiнку, Цярнопаль, дзясяткi гарадоў i сотнi паселiшчаў Правабярэжнай Украiны. Гэта было зiмой i вясной 1944 года. Затым быў Львоўскi напрамак.
У той час I.I. Якубоўскi быў намеснiкам камандзiра 6-га гвардзейскага танкавага корпуса, якi, дзейнiчаючы наперадзе галоўных сiл армii, сышоў у глыбокi рэйд, вызвалiў намечаныя пункты i перарэзаў камунiкацыi працiўнiка ад Львова на Яраслаў i Перамышль. Гэты горад, размешчаны на рацэ Сан, быў крэпасцю, вядомай яшчэ з часоў Першай сусветнай вайны. Яе ўмацаваннi захавалiся. Мадэрнiзаваныя i прыстасаваныя да ўмоў сучаснасцi, яны адказвалi паняццю «моцны арэшак», якi, здавалася, проста не разгрызцi. Ды танкiсты Якубоўскага разгрызалi.
Наперадзе — Берлiн
У сваiх «Запiсках камандуючага фронтам. 1943-1944 гг.» Маршал Савецкага Саюза I.С. Конеў расказваў:
«2 жнiўня, пераправiўшыся праз Вiслу, я вырашыў праверыць характар дзеянняў нашых войск па пашырэннi плацдарма. Мяне галоўным чынам цiкавiў правы фланг нашай групоўкi. Тут камандармам 3-й гвардзейскай танкавай армii генералам П.С. Рыбалкам быў вылучаны перадавы атрад пад камандаваннем палкоўнiка I.I. Якубоўскага. Заязджаючы на вышынi каля Сташува, я убачыў рослага танкiста, якi стаяў ля дарогi. Я спынiў сваю машыну i высветлiў, хто ён i якую мае задачу. Гэта быў палкоўнiк I.I. Якубоўскi . Ён далажыў, што з’яўляецца камандзiрам перадавога атрада i мае задачу высунуцца ў раён Сташува, каб знiшчыць групоўку працiўнiка, якая нядаўна тут контратакавала. Палкоўнiк I.I. Якубоўскi вельмi грунтоўна далажыў абстаноўку, а яго рашучасць i ўпэўненасць у выкананнi пастаўленай задачы склалi прыемнае ўражанне. Добра было ведаць, што нашымi танкiстамі камандуюць такiя смелыя, надзейныя i разумныя афiцэры».
23 верасня 1944 года аб’яўляецца Указ Прэзiдыума Вярхоўнага Савета СССР. П.С. Рыбалка на тым жа Сандамiрскiм плацдарме ўручае I.I. Якубоўскаму другую «Залатую Зорку».
Апошнi акт вялiкай бiтвы. Вюнсдорф! Адзiн з мноства нямецкiх гарадкоў. Якубоўскi тут ненадоўга. Асабiстая праверка часцей корпуса, сустрэча з камандзiрамi, удакладненнi, пастаноўка аператыўных задач. Вюнсдорф абстрэльваюць. Выпадковы снарад разрываецца зусiм блiзка ад Iвана Iгнатавiча. Шафёр звяртае ўвагу — парваны бот, шмат крывi. Машына спынена. Генерал спрабуе ўстаць, але не можа. Яго вязуць у палявы шпiталь…
Так для яго скончылася Вялiкая Айчынная вайна.
Адказныя днi
Пасля перамогi Iван Iгнатавiч Якубоўскi скончыў Ваенную акадэмiю Генеральнага штаба. За гады пасляваеннай службы ў Савецкай Армii ён прайшоў шлях ад генерал-маёра да Маршала Савецкага Саюза — гэтага звання быў удастоены ў 1967 годзе. У красавiку таго ж года прызначаны першым намеснiкам мiнiстра абароны СССР, у лiпенi — Галоўнакамандуючым Аб’яднанымi ўзброенымi сiламi дзяржаў — удзельнiц Варшаўскага дагавора.
Зразумела, гэта — не кабiнетная праца.
Вось, напрыклад, праверка Паўднёвай групы войск. Яе праводзiць штаб Аб’яднаных узброеных сiл Варшаўскага дагавора. Групавая газета «Ленинское знамя» падрабязна распавядае пра вучэннi.
«Гэта адказныя днi. Тым больш што на заключны этап вучэнняў павiнен прыляцець не хто-небудзь iншы, а сам Галоўнакамандуючы Аб’яднанымi ўзброенымi сiламi Варшаўскага дагавора — намеснiк мiнiстра абароны СССР, двойчы Герой Савецкага Саюза, Маршал Савецкага Саюза Iван Iгнатавiч Якубоўскi. Франтавiк, легендарная ў войсках асоба, пра якую сярод ваеннага люду ходзiць маса ўсялякiх гiсторый. Сур’ёзных i не вельмi. У якасцi фiнальнай «фiшкi» гэтых манеўраў планавалася правесцi навядзенне пантонна-маставой пераправы праз Дунай сiламi двух iнжынерна-сапёрных батальёнаў Венгерскай народнай армii i Паўднёвай групы войск», — пiша ваенны журналiст Вiктар Лiтоўкiн.
Цi трэба казаць, што аперацыя гэтая, якая рэгулярна паўтаралася падчас вiзiтаў высокiх ваенных чыноў узроўню мiнiстра абароны, яго намеснiкаў цi начальнiка Галоўнага палiтычнага ўпраўлення СА i ВМФ, даўно адпрацаваная сапёрамi абодвух бакоў практычна да аўтаматызму. Хоць паглядзець на iх работу, вядома ж, заўсёды цiкава. Да абодвух берагоў Дуная ў досыць шырокiм, метраў 500, месцы падыходзяць дзве калоны цяжкiх
КрАЗаў з пантоннымi i рачнымi катарамi ў кузаве. Уся гэтая гаспадарка скiдаецца ў ваду. Пантоны раскрываюцца, салдаты заскокваюць у катары i, змагаючыся з плынню, сцягваюць бусакамi звёны пантонаў у адну лiнiю, злучаюць iх адмысловымi клямарамi i зацiскамi ў сталёвы наплаўны мост, па якiм потым з аднаго берага на другi павiнны iсцi танкi i iншая бранятэхнiка. Для ўзмацнення эфекту сапраўднага бою на пераправу пiкiруюць ударныя верталёты i штурмавiкi, у глыбiнi выбухаюць, уздымаючы хвалi i тысячы пырскаў, глушачы заадно i рыбу, аблiваючы сапёраў i баявую тэхнiку халоднай дунайскай вадой, iмiтацыйныя боепрыпасы. Словам, хоць здымай чарговае «Вызваленне» або «Падзенне Берлiна».
Аб чарговым навядзеннi такога моста, сведкам чаго павiнен стаць маршал Савецкага Саюза Якубоўскi, карэспандэнт газеты» Ленинское знамя» ўжо напiсаў рэпартаж (балазе, загадзя пабываў на генеральнай рэпетыцыi сапёраў, пагутарыў з усiмi, хто яму быў патрэбны, зрабiў неабходныя здымкi). Матэрыял стаяў у паласе, што называецца, быў залiты ў метал на стале ў вярстальшчыка. Патрэбен быў яшчэ толькi адзiн кадр, на якiм прысутнiчаюць камандуючы групы Герой Савецкага Саюза генерал-палкоўнiк Барыс Iваноў i, вядома ж, маршал Савецкага Саюза Iван Якубоўскi. Але праблема ў тым, што зрабiць гэты здымак можна было толькi падчас самiх вучэнняў, калi абодва военачальнiкi будуць назiраць за навядзеннем пантонна-маставой пераправы.
Для таго каб журналiст паспеў зрабiць такi здымак i своечасова прывёз яго ў рэдакцыю, адказны рэдактар газеты палкоўнiк Фёдар Канавалаў нават выдзелiў яму сваю персанальную машыну. I той, апрануты ў цывiльнае, каб не зiхацець лейтэнанцкiмi пагонамi перад генераламi i палкоўнiкамi, не нарывацца на заўвагi i недарэчныя прыдзiркi, маячыў перад драўлянай трыбунай, збудаванай на беразе Дуная, недалёка ад таго месца, дзе планавалася наводзiць пераправу. Маршал Якубоўскi i генерал Iваноў ужо стаялi на гэтай трыбуне, але сфатаграфаваць iх не было нiякай магчымасцi, вакол круцiлася столькi ваеннага народу, што выхапiць кадр, дзе былi б яны толькi ўдваiх, не ўяўлялася магчымым.
«Раптам на маё шчасце, пiша Вiктар Лiтоўкiн, Якубоўскi прыабняў Iванова за плечы i павёў кудысьцi ў бок ад трыбуны. Я крыху воддаль рушыў услед за iмi. Аказалася, маршал вядзе генерала да… дашчатага туалета тыпу сарцiр, як сказалi б цяпер. Ён адчынiў дзверы гэтага збудавання i… о, жах, не змог увайсцi — дзверы былi занадта вузкiмi для маршала, мужыка ростам пад два метры i вагой у добрых паўтара цэнтнера.
— Не мог ты, Iваноў, — пачуў я грамавы голас Якубоўскага, — нармальны ср…нiк для Галаўкама паставiць!..
— Я разбяруся са сваiмi сапёрамi, — апраўдваўся камандуючы, — але, думаю, ён пабудаваны па стандартах, зацверджаных галоўным iнжынерным упраўленнем.
— Чорт бы пабраў гэтыя стандарты, — раззлаваўся Якубоўскi i рашуча пакрочыў у кусты.
Праз пару хвiлiн военачальнiкi выйшлi з зараснiкаў. Я падскочыў да iх:
— Таварыш Маршал Савецкага Саюза, дазвольце сфатаграфаваць вас з камандуючым ПГВ для нашай групавой газеты.
— Валяй, — скамандаваў мне Якубоўскi. Злосць яго кудысьцi выпарылася, ён быў настроены ўжо больш чым прыязна…»
Жарты жартамi, але час i абстаноўка ў свеце тады былi зусiм не жартоўнымi. Супрацьстаянне двух ваенна-палiтычных блокаў, дзвюх сiстэм патрабавала пастаяннага напружання сiл. I маршал заўсёды ў дарозе. Наперадзе былi i чэхаславацкiя падзеi…
Не забываўся Iван Iгнатавiч i пра Беларусь, памятаў пра сваiх землякоў. Добрае стаўленне да тых, хто вырас побач з iм, ён захаваў на ўсё жыццё. Наведваючы родныя мясцiны, заўсёды казаў: «Калi што, звяртайцеся». I сапраўды дапамагаў усiм, хто прасiў яго аб дапамозе. У кожнага з iх захавалiся свае ўспамiны пра тое, як Якубоўскi ўжо пры ўсiх сваiх званнях i ўзнагародах прыехаў, напрыклад, на адкрыццё Музея савецка-польскай баявой садружнасцi ў Ленiна.
Антанiна Якубоўская (яе бабуля Агаф’я Захараўна замянiла калiсьцi Iвану Iгнатавiчу мацi) успамiнала:
— Мой тата падышоў да яго i прама прапанаваў: «Iван, я самагонкi выгнаў, зойдзеш?». А там жа — куча людзей i некалькi шэрагаў мiлiцыi стаяла. Адзiн з iх схапiў бацю, але маршал паспеў яму своечасова руку падаць. Абнялiся. Тата быў высокi, але худы, а Iван Iгнатавiч — вельмi здаровы. Настолькi, што мой бацька баяўся задыхнуцца ў гэтых абдымках.
Якубоўскi прыехаў з вялiкiм мяшком цукерак. У кожную дзiцячую далоньку насыпаў па добрай жменi. Дзятва была шчаслiвая. Запомнiлiся яго шырокiя штаны, у iх маглi змясцiцца цi не чацвёра хлапчукоў. Потым дарослыя за агульным сталом спявалi песнi…
…Ён сышоў з жыцця 30 лiстапада 1976 года ва ўзросце 64 гадоў. Яны, генералы i маршалы, якiя вынеслi на сабе ўвесь цяжар Вялiкай Айчыннай, згаралi рана. Пахаваны Iван Iгнатавiч на Краснай плошчы. Урна з прахам маршала змешчана ў сцяне Камунараў. Сярод яго ўзнагарод — 15 савецкiх ордэнаў, у тым лiку чатыры ордэны Ленiна, чатыры — Чырвонага Сцяга, два — Суворава II ступенi, 13 савецкiх медалёў, а таксама шматлiкiя ўзнагароды еўрапейскiх дзяржаў. Iмя Якубоўскага носяць вулiцы ў Мiнску, Магiлёве, Оршы, Асiповiчах, Бялынiчах, Горках. Бронзавыя бюсты двойчы Героя Савецкага Саюза Iвана Iгнатавiча Якубоўскага былi ўстаноўлены ў Мiнску i ў горадзе Горкi Магiлёўскай вобласцi.