Сiнькевiч, Г. Часцiнку неба — дзецям : [педагог дадатковай адукацыi шматпрофiльнага цэнтра па рабоце з дзецьмi i моладдзю «Юнацтва» А. Жукаў] / Ганна Сiнькевiч // Настаўніцкая газета. — 2017. — 18 лютага. — С. 15.
Не ў кожнага дзіцячае захапленне перарастае ў прафесію.
А ў педагога дадатковай адукацыі шматпрофільнага цэнтра па рабоце з дзецьмі і моладдзю «Юнацтва» Магілёва Андрэя Жукова жыццё склалася менавіта так.
У школьныя гады Андрэй Іванавіч быў вельмі актыўным. Захапляўся многім: займаўся танцамі, футболам, настольным тэнісам. А потым выпадкова апынуўся на занятках у гуртку па авіямадэлізме.
— Менавіта гэтая дзейнасць захапіла мяне цалкам. Захапіла настолькі, што займацца ў гурток яшчэ хлапчуком я прыбягаў практычна штодня і да, і пасля ўрокаў у школе, — успамінае Андрэй Жукаў.
Авіямадэлізм зачапіў яго сур’ёзна і як аказалася, надоўга. Аднак шлях Андрэя Іванавіча ў дадатковую адукацыю быў даволі звілістым, хоць і непасрэдна звязаным са сферай адукацыі ў цэлым. Захапляючыся яшчэ і гісторыяй, ён атрымаў прафесію настаўніка, скончыўшы гістарычны факультэт МДУ імя А.А.Куляшова. 3 энтузіязмам некалькі гадоў адпрацаваў у школе. Потым быў выкладчыкам у Беларус-ка-Расійскім універсітэце. Але ўвесь гэты час авіямадэлізм не адпускаў педагога. Перыядычна ён вырабляў мадэлі, удзельнічаў у выставах. А потым лёс павярнуў так, што авіямадэлізм зноў трывала і грунтоўна вярнуўся ў жыццё Андрэя Жукава. Праца педагогам дадатковай адукацыі дазволіла яму не проста займацца любімай справай, а вучыць гэтаму дзяцей. Так захапленне дзяцінства стала прафесійнай дзейнасцю, якая кожны дзень прыносіць задавальненне.
Зараз яго аб’яднанне па інтарэсах “Авіямадэлізм” наведвае каля шасцідзесяці выхаванцаў. Усе яны таксама захоплены канструяваннем самалётаў, а ўсё таму, што Андрэй Іванавіч усяляк імкнецца падтрымліваць цікавасць дзяцей да гэтай справы.
— Калі навучэнцы прыходзяць у майстэрню першы раз, у іх блішчаць вочы. У далейшым я стараюся не даць згаснуць гэтай захопленасці, таму ўжо з першых заняткаў прыцягваю дзяцей да мадэлявання. Вядома, першы час яны майструюць простыя мадэлі з падручнага матэрыялу. Але і гэта прыносіць выхаванцам неймаверную радасць, дае магчымасць адчуць сябе авіяканструктарамі ці пілотамі, — расказвае педагог.
У гурток да Андрэя Жукава навучэнцы прыходзяць тры разы на тыдзень. I хоць час заняткаў у іх фіксаваны, многія дзеці надоўга затрымліваюцца ў майстэрні, асабліва ў выхадныя дні. Гэта і нядзіўна, бо тут сапраўды вельмі цікава. Акрамя непасрэдна вырабу авіямадэлей, дзеці рэгулярна адпраўляюцца на своеасаблівыя “палёты” — выходзяць у поле, каб апрабаваць самалёты ў небе. Але, напэўна, на дзіцячую захопленасць авіямадэлізмам значны ўплыў аказвае і сам педагог. Андрэй Іванавіч літаральна аддае часцінку свайго сэрца навучэнцам. Ён не проста вучыць іх канструяваць самалёты, а стараецца быць для дзяцей старэйшым таварышам.
— Сяброўскія ўзаемаадносіны — адзін з асноўных аспектаў паспяховага навучання, таму я заўсёды шукаю ключык да кожнага дзіцяці, — падкрэслівае Андрэй Жукаў.
Такі падыход цалкам апраўдвае сябе. Наведваючы гурток па авіямадэлізме, навучэнцы мяняюцца. Яны становяцца больш дысцыплінаванымі, адказнымі. Тыя, у каго ёсць праблемы з вучобай у школе, значна павышаюць узровень сваіх ведаў.
— Многія бацькі пытаюцца, якім чынам у мяне атрымліваецца так станоўча ўплываць на дзяцей. Прыходзяць у гурток паназіраць за заняткамі і непрыкметна самі захапляюцца нашай дзейнасцю. Цяпер некаторыя навучэнцы перыядычна наведваюць заняткі са сваімі татамі. Магчыма, хутка прыйдзецца адкрываць клуб па інтарэсах для бацькоў, — усміхаючыся, кажа Андрэй Іванавіч.
Адметна, што на занятках гэты неардынарны педагог асаблівую ўвагу ўдзяляе працоўнаму і патрыятычнаму выхаванню навучэнцаў. Андрэй Жукаў не проста вучыць дзяцей асновам авіямадэлізму, а прывівае ім якасці, уласцівыя сапраўдным мужчынам, патрыётам сваёй краіны. Вырабу мадэлей часта папярэднічае вывучэнне гістарычнай літаратуры, прагляд патрыятычных фільмаў. Подзвігі беларускіх лётчыкаў Ферояў натхняюць навучэнцаў на канструяванне пэўнага самалёта. Пачуцці патрыятызму ў іх развіваюць таксама сустрэчы з лётчыкамі рэгіянальнага авіяклуба, удзел у мітынгах і іншых мерапрыемствах, прысвечаных падзеям ваенных гадоў. Наведваючы гурток, дзеці набываюць і працоўныя навык!.
— Канструюючы мадэлі, дзеці вучацца працаваць не толькі галавой, але і рукамі. У працэсе вырабу самалётаў мы займаемся і дрэваапрацоўкай, і з электронікай працуем. Усе гэтыя ўменні навучэнцы пасля змогуць прымяніць у штодзённым жыцці, — адзначае Андрэй Іванавіч.
Важным Андрэй Жукаў лічыць таксама развіццё талентаў, здольнасцей дзяцей. Яго навучэнцы — пастаянныя прызёры чэмпіянатаў і спаборніцтваў па авіямадэльным спорце, конкурсаў тэхнічнай творчасці. Асобныя навучэнцы маюць спартыўныя разрады, прычым некаторыя ўжо атрымалі першы, як і іх педагог.
Дарэчы, і сам Андрэй Іванавіч імкнецца знаходзіцца ў няспынным рэжыме развіцця. На яго думку, прафесійнае самаўдасканальванне педагога — важны фактар эфектыўнай арганізацыі вучэбнага працэсу. У гэтым асабіста яму вельмі дапамог удзел у Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства “Педагог дадатковай адукацыі года”.
— Конкурс даў вялікі зарад энергіі, дазволіў азнаёміцца з вопытам калег, узяць на заметку многія ідэі, методыкі. Я зразумеў, што мне яшчэ ёсць куды рухацца ў прафесійным росце, — расказаў Андрэй Жукаў.
I ён штодня працягвае гэты прафесійны рух наперад. А бачачы поспехі сённяшніх навучэнцаў, радуючыся дасягненням выпускнікоў, якія не забылі авіямадэлізм, педагог пераконваецца, што робіць гэта нездарма.