Страхар, Р. Узнагарода за крэатыўнасць : [гутарка са старшынёй камiтэта эканомiкi Магiлёўскага аблвыканкама Р. Страхарам пра мясцовы iнавацыйны фонд] / Руслан Страхар ; гутарыла Нэлi Зiгуля // Звязда. — 2017. — 1 сакавiка. — С. 1, 4.
Нават самыя лепшыя інавацыйныя праекты могуць застацца на паперы, калі не знайсці на іх сродкі. Вядома, што самі па сабе грошы на галаву не зваляцца, трэба вучыцца іх шукаць. Спонсары, гранты, іншая дапамога — спосабаў шмат. Дзяржава не выключэнне. Яна таксама заахвочвае прадпрыемствы і бізнес, каб яны былі ініцыятыўнымі. Пры аблвыканкамах створаны інавацыйныя фонды, якія могуць прафінансаваць крэатыўную ідэю. Як дзейнічае гэты механізм, мы спыталі ў старшыні камітэта эканомікі Магілёўскага аблвыканкама Руслана Страхара.
— Само паняцце інавацыйны фонд існуе ў Беларусі даўно, але пераломным момантам стаў Указ №357 ад 7 жніўня 2012 года «Аб парадку фарміравання і выкарыстання сродкаў інавацыйных фондаў». Ён канкрэтна абазначыў, для якіх праектаў вылучаюцца сродкі, якім крытэрыям павінны адпавядаць праекты, размежаваў паняцці мясцовых інавацыйных фондаў і рэспубліканскіх, — кажа Руслан Страхар.
— Упершыню з’явілася магчымасць накіроўваць гэтыя сродкі не толькі арганізацыям камунальнай уласнасці, але і юрыдычным асобам без ведамаснай падпарадкаванасці, якія знаходзяцца на тэрыторыі вобласці. Прычым вылучаюцца грошы бязвыплатна. За перыяд з 2013 па 2015 гады ў вобласці было выдзелена і засвоена амаль 11 мільёнаў новых рублёў.
— За кошт чаго фарміруецца гэты фонд і якім чынам размяркоўваюцца яго сродкі?
— Мясцовы інавацыйны фонд фарміруецца са сродкаў (10% ад падатку на прыбытак), якія адлічваюцца арганізацыямі камунальнай уласнасці ў мясцовы бюджэт. Іх размеркаванне адбываецца на падставе адкрытага конкурснага адбору, які праводзіць (часам нават некалькі разоў у год) аблвыканкам. Вывешваем інфармацыю на нашым сайце, рассылаем яе ва ўсе гарадскія і раённыя выканаўчыя камітэты. На працягу месяца прымаем заяўкі. У аблвыканкаме створана спецыяльная камісія, якая разглядае гэтыя інавацыйныя праекты. У яе ўваходзяць у тым ліку і прадстаўнікі навуковых арганізацый. З 2013 па 2015 гады правам на дапамогу скарысталіся Магілёўскі мясакамбінат, Магілёўская фабрыка марожанага, «Бабуліна крынка», Бабруйскі мясакамбінат, Магілёўская абласная стаматалагічная паліклініка і іншыя. Тая ж «Бабуліна крынка» з дапамогай нашых сродкаў асвоіла выпуск новага прадукту — грэчаскага ёгурту. Для Беларусі гэта была цалкам новая тэхналогія.
— Якім параметрам павінна адпавядаць інавацыйная знаходка?
— Размова ідзе пра стварэнне і ўкараненне тэхналогій або прадуктаў абсалютна новых для нашай краіны або сусветнай эканомікі. Калі казаць сцісла, то абавязкова павінна быць новая тэхналогія, дастаткова высокі ўзровень дабаўленай вартасці і экспартная арыентаванасць.
Як адзін з прыкладаў — праект нашых стаматолагаў па засваенні новай тэхналогіі вырабу няздымнай канструкцыі зубных пратэзаў. Такая ідэя была цікава нам яшчэ і дзякуючы сваёй сацыяльнай значнасці. З дапамогай гэтай тэхналогіі працэс сканіравання зуба можа ажыццяўляцца на адлегласці. Чалавеку неабавязкова ехаць у Магілёў, каб зрабіць злепак. Гэта можна зрабіць па месцы жыхарства, а ў Магілёў прыехаць толькі для таго, каб устанавіць пратэз.
— Ад чаго залежыць сума, якая выдзяляецца на рэалізацыю праекта?
— Кожны праект павінен мець адпаведны бізнес-план, які будзе адлюстроўваць сутнасць ідэі, яе інавацыйную накіраванасць. Трэба таксама прапрацаваць рынкі збыту. Паколькі сродкі абмежаваныя, мы выбіраем толькі найлепшыя праекты, абавязкова ўлічваем іх сацыяльны аспект. Але спадзявацца, што фонд цалкам прафінансуе праект, нельга. Трэба, каб прадпрыемства разлічвала і на свае сродкі.
— А вы прасочваеце, як гэтыя грошы засвойваюцца?
— Вядома. Згодна з Указам, мы штогод да 1 красавіка накіроўваем справаздачу па кірунках выкарыстання сродкаў фонду з тлумачальнай запіскай у Дзяржкамітэт па навуцы і тэхналогіях. А камітэт да 15 красавіка робіць справаздачу ў Саўмін. Калі сродкі выкарыстаны не па мэтавым прызначэнні або з парушэннем дзеючага заканадаўства, яны канфіскуюцца па рашэнні Камітэта дзяржкантролю або мясцовых фінансавых органаў Мінфіна.
— Як гэтай формай падтрымкі могуць скарыстацца прадстаўнікі прыватнага бізнесу?
— У нас ёсць цэлы шэраг яркіх прыкладаў. Магілёўская кампанія «Тэхналіт» ужо некалькі разоў атрымлівала сродкі інавацыйнага фонду. У прыватнасці, на падрыхтоўку і засваенне вытворчасці поршневых кольцаў з спецыяльнага чыгуну з іонаплазменным умацаваннем рабочай паверхні. Яны і самі шмат сродкаў укладваюць у развіццё перадавых ідэй, а наша дапамога дае магчымасць рэалізаваць праекты хутчэй. Такое інавацыйна арыентаванае прадпрыемства ў нас не адно. Дапамогу атрымлівалі прыватныя кампаніі «Дазатар-плюс», «Зернова», «Протас»…
— А калі прапанова ўжо не ноу-хау, калі яна ўжо дзесьці рэалізуецца? Якім чынам вы адсочваеце інавацыі ў маштабах краіны?
— Падмануць нас нельга, мы робім адпаведныя запыты ў Нацыянальны цэнтр маркетынгу і кан’юнктуры цэн наконт таго, ці вырабляецца ў нас такая прадукцыя. Летась 28 лістапада былі ўнесены змяненні ва Указ №357. Раней кожнае міністэрства або канцэрн фарміравалі свае інавацыйныя фонды, а зараз на ўзроўні краіны існуе адзіны цэнтралізаваны інавацыйны фонд. І — абласныя, якія фарміруюцца на месцах. Разам з тым Дзяржкамітэт па навуцы і тэхналогіях гэтым змяненнем зрабіў і больш жорсткімі патрабаванні. Зараз для таго, каб фінансаваць праект, неабходна, каб ён быў уключаны ў дзяржаўную праграму інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь.
— Хто займаецца распрацоўкай інавацыйных праектаў?
— У першую чаргу ў гэтым зацікаўлены самі арганізацыі. Павінна быць ідэя. Узяць, напрыклад, кампанію «Тэхналіт». Яшчэ ў 2011 годзе яе дырэктар Аляксандр Бадзяка атрымаў высокую дзяржузнагароду за распрацоўку і засваенне цалкам новай для Беларусі тэхналогіі — чыгуннага ліцця метадам намарожвання. Прадпрыемства тут працавала поруч з Магілёўскім інстытутам тэхналогіі металаў. Знаходка сапраўды ўнікальная. Уяўляеце, выраб з чыгуну па трываласці не саступае вырабу са сталі.
— У якой галіне нам не хапае інавацыйных прапаноў?
— Перспектыўным для нас з’яўляецца развіццё прадукцыі на аснове выкарыстання мясцовых відаў сыравіны. Гэта прадукты харчавання, дрэваапрацоўка. У Магілёве рэалізаваны шэраг буйных праектаў дрэваапрацоўкі на прадпрыемствах новага пакалення «ВМГ Індустры», «Мебелайн», «Кранаспан». Іх інвестары па дапамогу да нас не звярталіся, але з улікам тэхналогій, якія выкарыстоўваюцца на гэтых прадпрыемствах, яны маглі б скарыстацца такім правам. На стадыі ўкаранення новага інавацыйнага праекта знаходзіцца наша вядомае тэкстыльнае прадпрыемства «Магатэкс». Камітэт па навуцы і тэхналогіях звярнуўся ў аблвыканкам з просьбай падтрымаць іх у тым ліку і з мясцовых інавацыйных фондаў. І мы маем намер гэта зрабіць.