Сiнькевiч, Г. Маленькiя зорачкi прадэманстравалi таленты : [чарговы этап рэспублiканскага агляд-конкурсу «Прывiтанне, свет!» прайшоў у Магiлёўскiм абласным цэнтры творчасцi] / Ганна Сiнькевiч // Настаўнiцкая газета. — 2017. — 11 сакавiка. — С. 22.
Дзіцячая шчырасць, непасрэднасць, добразычлівасць запаланілі надоечы Магілёўскі абласны цэнтр творчасці. Сюды з’ехаліся маленькія зорачкі з усяго рэгіёна: ва ўстанове праходзіў чарговы этап рэспубліканскага агляду-конкурсу «Прывітанне, свет!». А тэта добрая магчымасць для того, каб прадэманстраваць свае таленты.
— Гэты конкурс заўсёды не проста агляд мастацкай самадзейнасці, а сапраўднае свята дзіцячай творчасці. За кожным яркім, феерычным выступлением хаваецца вялікая карпатлівая праца як саміх навучэнцаў, так і іх педагогаў. Але ўдзел у такіх спаборніцтвах варты таго. Падобныя конкурсы выступаюць своеасаблівай пляцоўкай, якая дае дзецям магчымасць паказаць сябе, што ў далейшым прыводзіць іх да агульнай жыццёвай паспяховасці, — адзначыла намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Ірына Кускова.
Сёлета свае здольнасці на конкурсе дэманстравалі звыш 300 навучэнцаў з Магілёва, Бабруйска і раёнаў вобласці, якія змаглі праявіць сябе ў ходзе адборачных тураў і сталі пераможцамі. Падчас галаканцэрта дзеці пераканалі ўсіх прысутных у багацці і шматграннасці сваіх талентаў. На сцэне канкурсанты прадстаўлялі вакальныя і харэаграфічныя нумары, захаплялі гледачоў інструментальнай музыкай, тэатральным і дызайнерскім майстэрствам.
Так, выдатнае вакальнае выкананне паказалі на сцэне прадстаўнікі заслужанага аматарскага калектыву “Вясёлка” абласнога Цэнтра творчасці, эстраднай студыі “Росы” Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Росквіт” Бабруйска, вакальнага аб’яднання Smile Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Агат” Магілёва, заслужанага аматарскага калектыву эстраднай студыі “Вясёлыя ноткі” Магілёўскага цэнтра творчасці “Эверэст” і шматлікія сольныя выканаўцы.
Не менш запамінальнымі былі танцавальныя нумары ўдзельнікаў, якія здзіўлялі разнастайнымі харэаграфічнымі кірункамі. Класічныя танцы арганічна спалучаліся з народнымі і сучаснымі. Выдатны настрой сваімі заваднымі харэаграфічнымі пастаноўкамі прысутным дарылі заслужены аматарскі калектыў фолк-шоу балет “Альянс” і ўзорны ансамбль танца “Акварэль” з гімназіі-каледжа мастацтваў Бабруйска, узорны харэаграфічны ансамбль “Кужалёк” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Агат” Магілёва, узорны харэаграфічны калектыў “Крынічка” і танцавальны спартыўны клуб “Капрыз” абласнога Цэнтра творчасці, танцоры з Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Росквіт” Бабруйска і многіх іншых устаноў адукацыі.
На вышыні былі таксама музычныя выступленні канкурсантаў, іх нумары з тэатралізаванымі паказамі, прадстаўленні дызайнерскіх калекцый. Адметна, што на абласным этапе конкурсу была арганізавана яшчэ і выстава работ у выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Усе вырабы і разнастайнасць малюнкаў, прадстаўленыя там, адрозніваліся выдатным выканальніцкім узроўнем. Нядзіўна, што кампетэнтнае рэспубліканскае журы адзначыла добрую падрыхтоўку і значны творчы патэнцыял магілёўскіх канкурсантаў, многія з якіх у хуткім часе прымуць удзел у выніковым свяце дзіцячай творчасці, якое пройдзе ў сталіцы.