Падарожжы ў пейзажы і не толькі

   Багам’я, Л. Падарожжы ў пейзажы і не толькі : [выстава ў Магiлёўскiм абласным мастацкiм музее, прысвечаная 145-годдзю з дня нараджэння В. Бялынiцкага-Бiрулi] / Любоў Багам’я // Культура. — 2017. — 18 сакавiка. — С. 8-9.

Выстава ў Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя Паўла Масленікава, прысвечаная 145-годдзю з дня нараджэння Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, адкрывае юбілейны год класіка, народнага мастака Беларусі, народнага мастака Расіі.

У экспазіцыі, дзе прадстаўлены розныя віды і жанры выяўленчага мастацтва, у асноўным дамінуе рэалістычны пейзаж. У ім паспяхова працаваў наш знакаміты зямляк, мастак пейзажа настрою. А прынялі ўдзел у праекце маладыя беларускія творцы. Так, пейзажны жывапіс прадставілі Васіль Пяшкун, Уладзіслаў Пятручык, Антон Вырва, Раман Коршунаў і Ганна Конанава. Кожны з іх па-свойму паказаў вобраз беларускай прыроды. Катэгорыя «асаблівага» праявілася ў тым ліку і праз індывідуальную манеру аўтараў, якая надае работам непаўторнасць.

Творчасць Васіля Пешкуна характарызуе смелае выкарыстанне фарбы, пастозная, эскізная манера пісьма. Падкупляе насычаная каляровая з інтэнсіўным гучанне палітра мастака, якая перадае настрой прыроды. Работы «Госць прыехаў», «Цёплы дзень лютага», «Бабіна лета», «Будзе дождж», «Адліга» — не проста свет пераканаўчай рэальнасці, але і паэзія жыццесцвярджальнай прыгажосці ў штодзённым.

Пранікнёная палітра каляровых сугуччаў характэрна для работ Антона Вырвы. Ягоныя пейзажы перадаюць паэзію тонкай, летуценнай і лірычнай душы. Антон здольны дакрануцца да чагосьці больш сакральнага — адчуць сутнасць прыроды. Смелая варыяцыя 3 кампазіцыйным фарматам, пачуццё колеру і праніклівыя здносіны да наваколля нараджаюць разнастаиную гаму пачуццяў. Паэтычнасцю і мелодыяй радасці адзначана жывапіснае палатно «Пара квецені». У рамантычнае аблічча яблыневага сада арганічна ўпісаны карункавы ажур галін яблынь, якія расцвітаюць і перадаюць жывое дыханне паветра.

Выразнай кампазіцыйнай і колеравай інтэрпрэтацыяй адзначана і жывапіснае палатно «Крычаў». Па ўнутраным гучанні адначасова лірычнае і эпічнае, яно сведчыць пра абвостранае ўспрыманне мастака ў працэсе яго стварэння. Панарамнае ў сваёй кампазіцыі і пабудаванае на рамантычнай гульні святла і цені, яно набыло высокае мастацкае абагульненне «малой радзімы», дзе і пачаўся шлях творцы. У некаторых работах («Крыгаход», «Дзяды», «Ветраны дзень», «Адліга», «Зацішша», «Ціхі дзень зімы», «Восень. Ляцяць жураўлі») Антон мэтанакіроўваецца да эмацыйнага і філасофскага напаўнення.

Выразным ды трапяткім мастаком паўстае ў сваёй творчасці Раман Коршунаў. Яго работы «Восень», «Змярканне», «Апошні снег», «Лодкі», «Разводдзе», «Свежы вецер», «Лютаўская шэрань», «Апошняе дыханне восені» адзначаны лірычнасцю, душэўнай цеплынёй. У карцінах мастака — разнастайныя матывы, адначасова звыклыя, пазнавальныя, але і па-свойму непаўторныя, пранікнёныя па ўнутраным гучанні.

Пераемнасць рэалістычных традыцый уласцівая і творчасці Уладзіслава Пятручыка. У ягоных работах «Вясновая вада», «Від на Слабодку», «Від на Друцкі касцёл», «Полацкі дворык» выразныя рэалістычнасць вобразу і лёгкасць выканання.

Пэўную своеасаблівасць унесла дэкаратыўная, гучная танальнасць пейзажаў Ганны Конанавай. Вобразная структура яе работ, абагульненая па форме і колеры, прыўносіць адценне яскравай святланоснасці і жывапіснай экспрэсіі.

Асаблівае ажыўленне ў экспазіцыю ўнеслі работы партрэтнага і нацюрмортнага жанраў Яўгеніі Зайцавай, Васіля Чатненцава, Аксаны Еўдакіменка.

Далікатны па колеры і арганічны ў перадачы прасторы і святла, «Нацюрморт з півонямі» Аксаны Еўдакіменка нараджае асацыятыўную інтэрпрэтацыю. У карціне ўдала судакранаюцца ўнутраная і знешняя дынаміка, відавочнае перапаўненне пачуццём любові і радасці. Жыццё чалавечага духу — галоўная тэма творчасці мастачкі, што раскрываецца ў розных аспектах. Тэматычная работа «Падарожжа» — адна з варыяцый на міфалагічную тэму. Створаная пад уплывам філасофскага падтэксту знакамітай карціны рускага мастака другой паловы XIX стагоддзя Валянціна Сярова, яна цікавая сваёй мастацкай індывідуальнай трактоўкай і інфармацыйным напаўненнем. Работа адлюстравала разважанні Аксаны пра лёс мастацтва, пра галоўную яго місію і актуальнасць у нашым сучасным свеце, пра няпростае прызначэнне мастака быць пасрэднікам паміж Богам і людзьмі.

Яскрава заявілі пра сябе скульптура і кераміка Сяргея Каледзюка і Антона Ціханаўца. Іх творчасць адзначана арыгінальным вобразным мысленнем, трансфармацыяй форм і гратэскнасцю. Так, у вобразнай структуры твораў Сяргея адначасова паядналіся метафарычнасць, сімвалічная ўмоўнасць і глыбіня думак ды пачуццяў, што надае яго работам манументальнае гучанне. Работы «Дрэва», «Каўчэг», «Сузіранне» здольныя ўпрыгожыць не толькі экспазіцыйныя залы, але і навакольнае асяроддзе.