Кожны калектыў — адметны

   Сiнькевiч, Г. Кожны калектыў — адметны : [агляд-конкурс тэатральнай творчасцi «Шматаблiчны тэатр»] / Ганна Сiнькевiч // Настаўніцкая газета. — 2017. — 8 красавiка. — С. 13.

Агляд-конкурс тэатральнай творчасці “Шматаблічны тэатр” сярод адпаведных аб’яднанняў па інтарэсах адбыўся ў Магілёўскім абласным цэнтры творчасці.

Як расказала загадчыца аддзела культурна-масавай работы цэнтра Валянціна Комар, традыцыйнае мерапрыемства было накіравана не толькі на папулярызацыю тэатральнага мастацтва сярод падрастаючага пакалення. Конкурс закліканы садзейнічаць павышэнню агульнай і тэатральнай культуры вучняў, спрыяць павышэнню ўзроўню іх выканальніцкага майстэрства.

— На нашым аглядзе і дзеці, і педагогі маюць магчымасць прадэманстраваць свой творчы патэнцыял, смела заявіць аб сваім таленце. Акрамя гэтага, выступленні на вялікай сцэне пабуджаюць удзельнікаў тэатральных гурткоў не стаяць на месцы, а развівацца ў розных напрамках і жанрах, ісці насустрач новаму ў творчасці, — адзначыла Валянціна Пятроўна.

Удзел у конкурсе прымалі юныя акцёры з 15 устаноў адукацыі рэгіёна. І кожны тэатральны калектыў меў сваю адметнасць, непаўторную іскрынку, якой уражваў гледачоў і журы. Канкурсанты выступалі ў жанрах драмы, камедыі, прадстаўлялі лялечныя тэатры. Пастаноўкі адрозніваліся крэатыўнасцю, высокім акцёрскім выканальніцтвам, арыгінальнымі рэжысёрскімі рашэннямі.

Журы даволі цяжка далося вызначэнне пераможцаў, бо ўсе ўдзельнікі змаглі праявіць сябе з лепшага боку. Аднак больш за астатніх вызначыліся прадстаўнікі гуртка “Тэатральны” з Горацкага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, аб’яднання па інтарэсах “Першая роля” раённага Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Ветразь надзей” Хоцімска, узорнага тэатра ігры і юных вядучых “Бім-бом” абласнога Цэнтра творчасці. Менавіта выступленні канкурсантаў з гэтых устаноў адукацыі былі прызнаны лепшымі спектаклямі. За лепшую рэжысуру была адзначана кіраўнік узорнага тэатральнага калектыву “Школьны тэатр” Асіповіцкага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Ірына Церабільнік. Узнагароды атрымалі і юныя акцёры. У выкананні галоўных роляў не было роўных Дар’і Кудраўцавай і Дзмітрыю Лявончыкаву з Горацкага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, Лізавеце Савайтан з Цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Бабруйска, Уладзіславу Мельнікаву з Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Магілёўскага раёна. Іншыя ўдзельнікі таксама не прайгралі. Многія з іх былі адзначаны ў дадатковых конкурсных намінацыях. Яны, як і пераможцы, былі ўзнагароджаны ганаровымі дыпломамі ўпраўлення адукацыі аблвыканкама.