Сiнькевiч, Г. Знайшлі справу для душы : [рэгiянальны злёт рацыяналiзатараў i вынаходнiкаў з лiку навучэнцаў i работнiкаў сiстэмы адукацыi] / Ганна Сiнькевiч // Настаўніцкая газета. — 2017. — 8 красавiка. — С. 13.
Захопленасць навукай і даследаваннямі ў магілёўскіх навучальных установах штогод павялічваецца. Таму і ўзнікае патрэба ў правядзенні падобных мерапрыемстваў. Сталым і юным вынаходнікам неабходна прадастаўляць магчымасці для дэманстрацыі сваіх распрацовак. Многія з іх сапраўды заслугоўваюць увагі, што на справе пацвярджалася ў выставачных залах абласнога Цэнтра творчасці і політэхнічнага каледжа. Там размясціліся сотні экспанатаў, якія прадстаўлялі дэлегаты з устаноў агульнай сярэдняй, дадатковай, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі вобласці. Выстава была насычана вынаходніцтвамі і мадэлямі тэхнічнай, інавацыйнай, дэкаратыўна-прыкладной творчасці.
Уражвала ў першую чаргу разнастайнасць відаў і жанраў, у якіх дэманстравалі сваё майстэрства ўдзельнікі. Работы з саломкі, бісерапляценне, мастацкая апрацоўка дрэва, скуры, металу і шкла, фотаздымкі, карціны і малюнкі, дэкаратыўныя пано, аплікацыі і вышыўка, калекцыі адзення і мэблевыя гарнітуры, кераміка нікога не пакідалі абыякавым. Кожны з экспанатаў выставы вызначаўся высокай якасцю выканання і своеасаблівай эстэтыкай. Некаторыя работы захоўвалі самабытнасць народных промыслаў, іншыя былі выкананы ў сучасных творчых напрамках, але ўсе яны пры гэтым адрозніваліся крэатыўнасцю, мелі ўдалыя кампазіцыйныя рашэнні і дызайн. Непаўторныя, арыгінальныя вырабы найлепшым чынам дэманстравалі, што ў магілёўскіх установах адукацыі шмат творча думаючых дзяцей і педагогаў.
Тэхнічныя намінацыі агляду і конкурсу ўключалі ў сябе рацыяналізатарскія прапановы ў машынабудаванні, радыёэлектроніцы, сувязі, будаўніцтве, транспарце, эканоміі энергетычных і матэрыяльных рэсурсаў, сельскай гаспадарцы. Многія з іх маюць рэальныя перспектывы ўкаранення на вытворчасці. Напрыклад, распрацоўкі прадстаўнікоў Магілёўскага політэхнічнага каледжа ўжо маюць шэраг патэнтаў. Майстры і навучэнцы гэтай навучальнай установы прапаноўваюць структураваць ваду з дапамогай апрацоўкі спецыяльнай плазмай, зрабілі ўніверсальны нож, які можна выкарыстоўваць і ў раслінаводстве, і ў жывёлагадоўлі.
— Гэта толькі малая частка нашых вынаходніцтваў. Усяго на абодва конкурсы мы прадставілі звыш 100 экспанатаў. Навучэнцы вельмі цікавяцца тэхнічнымі напрамкамі творчасці, а майстры вытворчага навучання і педагогі імкнуцца ўсяляк падтрымліваць гэтую захопленасць. Яны сустракаюцца з вучнямі на занятках у гуртках, факультатывах, працуюць з імі індывідуальна ў пазаўрочны час. І ў гэтай працы ёсць свае вынікі. Наша ўстанова — пастаянны прызёр рознаўзроўневых творчых мерапрыемстваў, — расказала намеснік дырэктара каледжа па вытворчым навучанні Наталля Качавулава.
Цікавы экспанат прадстаўлялі навучэнцы Магілёўскага тэхналагічнага каледжа Уладзіслаў Гваздзёў і Уладзіслаў Сабалянкоў. Хлопцы сур’ёзна займаюцца робататэхнікай і ўжо не ўпершыню вынікова ўдзельнічаюць у падобных выставах. Сёлета яны пад кіраўніцтвам свайго майстра вытворчага навучання Ларысы Ціфаненка ўсяго за некалькі тыдняў вырабілі з другаснай сыравіны ўніверсальнага робата. Разумная машына была распрацавана для прафарыентацыі да навучання ў каледжы. Але выкарыстоўваць яе можна і ў іншых сферах, бо робат можа паведамляць любыя відэаматэрыялы і інфармацыю.
Увогуле, наватарскія распрацоўкі на выставах сустракаліся на кожным кроку. Канкурсанты паспяхова паказалі сябе, прадукцыйнасць сваіх арыгінальных задум і ідэй. Вядома, не кожны са шматлікіх удзельнікаў заняў прызавыя месцы. Але ўсе яны і так пераможцы, бо змаглі знайсці любімую справу, а гэта самае галоўнае.