Учытвацца ў словы

   Чумакова, В. Учытвацца ў словы : раiлi ўдзельнiкi VII Пысiнскiх чытанняў / Вольга Чумакова // Лiтаратура i мастацтва. — 2017. — 21 красавiка. — С. 10.

Канферэнцыя ладзілася ў Магілёўскай абласной бібліятэцы і мела даволі насычаную праграму. Невыпадкова: сышлося шмат дат, знакавых для літаратуры Магілёўшчыны. I галоўная…

Праграма канферэнцыі «У небе і кнізе — сонца» прысвячалася 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. Значэнне гэтай падзеі пацвярджаецца ініцыятывай правядзення сёлета абласнога конкурсу «Скарынавай душою ўзлашчанае слова…» на лепшы літаратурны твор, прысвечаны жыццю і дзейнасці Францыска Скарыны, які названы першым радком верша Анатоля Зэкава.

Дырэктар бібліятэкі Ілона Сарокіна ў прывітальным слове ўзгадала іншыя знакавыя юбілейныя даты бягучага года, сярод якіх 750-гадовы юбілей г. Магілёва. Асноўны клопат бібліятэкі — захаванне ўвагі да творчасці беларускіх і магілёўскіх пісьменнікаў Аляксея Пысіна, Алеся Адамовіча, Алеся Пісьмянкова.

У фармаце мультымедыйнай прэзентацыі «Сучаснае і вечнае: слова пра Аляксея Пысіна» прадставілі

своеасаблівую справаздачу пра дзейнасць абласной бібліятэкі па папулярызацыі творчасці і захаванні памяці А. В. Пысіна. Кожны год нязменны ўдзельнік Пысінскіх чытанняў — сябра А. В. Пысіна, старэйшы краязнаўца і пісьменнік, ветэран працы, былы супрацоўнік абласной бібліятэкі Віктар Арцем’еў. Віктар Іванавіч расказаў пра свае 6 кніг, якія напісаў як даследчык жыцця і творчасці А. В. Пысіна.

Госць канферэнцыі, беларускі пісьменнік, ураджэнец ЧэрыкаўсКага раёна Магілёўскай вобласці Віктар Карамазаў, які таксама сябраваў з А. В. Пысіным, распавёў пра сваю першую сустрэчу з паэтам, пра яго каштоўныя чалавечыя, маральныя і прафесійныя якасці: «…Аляксей Пысін стварыў рэгенерацыю пісьменнікаў Магілёўшчыны: А. Сербантовіча, А. Пісьмянкова, С. Гаўрусёва, А. Кудраўца, М. Стральцова». А таксама пажадаў моладзі «лепш учытвацца ў творы паэта, а не ўтое, што пра яго пішуць…».

Прыемна, што ўжо другі год у праграму Пысінскіх чытанняў заяўляюць даклады прадстаўнікі студэнцкай моладзі. Студэнтка 5 курса гісторыка-філалагічнага факультэта МДУ імя А. А. Куляшова Настасся Нікалаева ў літаратурным эцюдзе «Рукі бацькі» выказала меркаванне аб актуальнасці вершаў А. Пысіна.

Адзін з блокаў праграмы быў прысвечаны значнай асобе ў беларускай літаратуры, літаратуразнаўстве і кінематаграфіі — пісьменніку, сцэнарысту Алесю Міхайлавічу Адамовічу. На неабходнасць супрацоўніцтва грамадства і ўлады па стварэнні музея Алеся Адамовіча ў пасёлку Глуша Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці звярнула ўвагу карэспандэнт газеты «Звязда» Нэлі Зігуля. Кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін МДУ імя Куляшова А. Р. Агееў паведаміў наогул пра грамадскія ініцыятывы ў г. Магілёве і ў прыватнасці пра стварэнне музея Алеся Адамовіча. Аляксандр Рыгоравіч параіў бібліятэцы выступіць з ініцыятывай выдання кніг А. В. Пысіна ды іншых магілёўскіх пісьменнікаў.

Завяршылася праграма Пысінскіх чытанняў днём адчыненых дзвярэй. Усяго бібліятэку ў дзень адчыненых дзвярэй наведала больш за 400 чалавек, а сталі чытачамі — 92.