Па слядах батальёна капітана Уладзімірава

   Зiгуля, Н. Па слядах батальёна капітана Уладзімірава : пад Магiлёвам упершыню вялiся раскопкi на месцы, дзе на пачатку вайны насмерць стаялi мiлiяцыянеры / Нэлi Зiгуля // Звязда. — 2017. — 5 мая. —  С. 1, 4.

Пад Магілёвам упершыню вяліся раскопкі на месцы, дзе на пачатку вайны насмерць стаялі міліцыянеры.

Ад абласнога цэнтра да гэтай безыменнай вышыні каля вёскі Гаі ўсяго некалькі кіламетраў. З дарогі відаць манумент у гонар мужных абаронцаў батальёна міліцыі, якім камандаваў капітан Канстанцін Уладзіміраў. Па некаторых звестках, з 250 міліцыянераў, сярод якіх былі выкладчыкі і курсанты магілёўскай, мінскай і гродзенскай школ міліцыі, выратаваліся толькі 19. Але гэтыя лічбы дагэтуль выклікаюць у гісторыкаў спрэчкі. Пакуль няма пацвярджальных дакументаў. Упэўнена сцвярджаць можна толькі адно: міліцыянеры трымаліся да апошняга.

Адзі­нае па­ха­ван­не на вы­шы­ні ка­пі­та­на Ула­дзі­мі­ра­ва зроб­ле­на 25 га­доў та­му  (тут ля­жаць астан­кі 29 мі­лі­цы­я­не­раў і чыр­во­на­ар­мей­цаў, што за­гі­ну­лі ў 41-м).
Адзі­нае па­ха­ван­не на вы­шы­ні ка­пі­та­на Ула­дзі­мі­ра­ва зроб­ле­на 25 га­доў та­му (тут ля­жаць астан­кі 29 мі­лі­цы­я­не­раў і чыр­во­на­ар­мей­цаў, што за­гі­ну­лі ў 41-м).

Магілёўскі інстытут МУС вось ужо некалькі гадоў займаецца пошукамі звестак пра сваіх мужных калег. Раскопкі на вышыні, дзе, як мяркуецца, змагаўся батальён, праводзіліся ўпершыню за ўсю пасляваенную гісторыю. Знайшліся некалькі сведак, якія на час вайны былі дзецьмі і ўсё бачылі на свае вочы. Жыхар вёскі Засценкі Мікалай Сляпнёў, якому ў 41-м было 14 гадоў, паказаў траншэю, дзе ён з аднасяльчанамі пахаваў некалькіх міліцыянераў. «На іх былі сінія шынялі», — удакладніў ён. Яго аднагодка Соф’я Веракса, жыхарка вёскі Гаі, у пахаваннях не ўдзельнічала, але бачыла апошні бой.

— Раптоўна грымнула «ўра», і людзі ў сініх шынялях пабеглі ў атаку, — расказала жанчына. — Немцы адкрылі агонь. Адзін салдацік упаў, другі. Усяго я налічыла 8. Было вельмі спякотна, але немцы дазволілі хаваць забітых толькі на чацвёрты дзень.

Ме­ма­ры­ял у го­нар ка­пі­та­на Кан­стан­ці­на Ула­дзі­мі­ра­ва  і яго муж­на­га ба­таль­ё­на.
Ме­ма­ры­ял у го­нар ка­пі­та­на Кан­стан­ці­на Ула­дзі­мі­ра­ва і яго муж­на­га ба­таль­ё­на.

Да пошукавых работ у Магілёве падрыхтаваліся грунтоўна. Упраўленне ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкама паклапацілася, каб забяспечыць на месцы раскопак ахову правапарадку і дапамагло з міні-экскаватарам. Побач з ваеннымі 52-га спецыялізаванага батальёна працавалі курсанты інстытута МУС і пошукавікі Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «ВІККРУ». Але вынікі пошукаў, на жаль, сціплыя. Знойдзены астанкі аднаго байца, хутчэй за ўсё 394-га стралковага палка 110-й тульскай дывізіі. Гэты полк размяшчаўся якраз па суседстве з батальёнам міліцыі. Побач з астанкамі салдата ляжалі дзве вінтоўкі, якія знаходзіліся на ўзбраенні тулякоў. Ды і сіняга шыняля, як у міліцыянераў, не было. Знойдзены таксама металічны медальён. Ён перададзены на экспертызу, але знаўцы не вельмі спадзяюцца на ўдачу. За столькі гадоў усё, што знаходзіцца ўнутры, магло ператварыцца ў крохкі кавалак іржавага жалеза. Пластмасавыя медальёны ў гэтым сэнсе больш надзейныя.

Асноўныя знаходкі — савецкія і нямецкія гільзы, патроны, асколкі снарадаў. Немцы былі паслядоўнымі ў вядзенні бою: авіяцыя, артылерыя, мінамёты, пяхота. Батальён міліцыі супрацьстаяў гэтай браніраванай моцы стралковай зброяй — пісталетамі, наганамі, вінтоўкамі. Але ў міліцыянераў быў вялікі запас мужнасці і стойкасці.

По­бач з по­шу­ка­ві­ка­мі пра­ца­ва­лі і кур­сан­ты Ма­гі­лёў­ска­га ін­сты­ту­та МУС.
По­бач з по­шу­ка­ві­ка­мі пра­ца­ва­лі і кур­сан­ты Ма­гі­лёў­ска­га ін­сты­ту­та МУС.

На месцы былых баёў сёння пералесак. Пра гарачае лета 41-га нагадвае толькі абеліск. Але зямля тут звініць ад металу. Для многіх курсантаў МУС, аднагодкаў тых, хто стаяў тут насмерць у ліпені 41-га, гэта першая вахта. Іван Маручак шмат чаго чуў пра вайну з вуснаў дзеда. Цяпер вось сам дакрануўся да ваеннай гісторыі, ацаніў, наколькі страшнымі былі баі. Уладзіслаў Есьман таксама добраахвотнік. Яго прадзед ваяваў на Палессі. Невялікі вопыт у пошукавай справе ў юнака ўжо ёсць: прымаў удзел у раскопках у Гомельскай вобласці. «Для нашых курсантаў удзел у пошукавых работах — гэта свайго роду школа патрыятызму, магчымасць непасрэдна дакрануцца да падзей часоў Вялікай Айчыннай вайны», — кажа намеснік начальніка інстытута па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні палкоўнік міліцыі Дзмітрый Пануждаеў. Сам палкоўнік над аднаўленнем гісторыі міліцыі працуе ўжо не першы год. Як вынік гэтага — дзве напісаныя ў суаўтарстве кнігі, вялікі досвед работы з першакрыніцамі ў архівах.

Белых плям у гісторыі міліцыі ўсё яшчэ шмат. У тым ліку і па батальёне міліцыі.

— Не захавалася ніводнага дакумента, усё пакрыта легендамі. Толькі рэдкія супярэчлівыя ўспаміны і справаздача 7-й мюнхенскай пяхотнай дывізіі пра тое, што 21 ліпеня 1941 года ўзята добрае ўмацаванне рускіх, — расказвае ваенны пісьменнік, краязнаўца, кіраўнік клуба ВІККРУ Мікалай Барысенка. — Спісу асабістага складу батальёна міліцыі няма, паколькі міліцыянеры і супрацоўнікі НКУС былі засакрэчаныя. Батальён быў сфарміраваны 11 ліпеня 1941-га года па вусным загадзе начальніка Магілёўскага гарнізона палкоўніка Ваяводзіна ў дапамогу 172-й стралковай дывізіі, якая абараняла горад. Людзі былі зведзены ў адно падраздзяленне, часу знаёміцца ў іх не было. На сёння дакладна вядомыя імёны толькі 39 байцоў батальёна.

Пошукавікі не хаваюць расчаравання — спадзяванні на тое, што атрымаецца знайсці астанкі загінулых міліцыянераў, былі вялікія. А сведка ваенных часоў Мікалай Сляпнёў, які быў упэўнены на ўсе сто ў тым, што не памыляецца з месцам пахавання, нават плакаў. Але затрымлівацца болей чым на 4 дні ў 52-га спецыялізаванага батальёна, без якога нельга весці раскопкі, магчымасці не было. У іх і так кожны дзень распісаны па графіку. «З Магілёва едзем у Оршу, там у нас два аб’екты, а потым у іншыя месцы. І так па 31 кастрычніка», — паведаміў старшы лейтэнант 52-га спецыялізаванага батальёна Дзмітрый Камінскі.

По­шу­ка­ві­кам па­шчас­ці­ла знай­сці астан­кі толь­кі ад­на­го бай­ца.
По­шу­ка­ві­кам па­шчас­ці­ла знай­сці астан­кі толь­кі ад­на­го бай­ца.

Але нічога не бывае выпадковым, лічыць Дзмітрый Пануждаеў. «Для нас адкрыліся новыя абставіны, — кажа ён. — Магчыма, што адбылася памылка і пошукі трэба весці на суседняй вышыні. За 70 гадоў змяніўся рэльеф мясцовасці, і сёння цяжка казаць пра нешта з упэўненасцю. Мы будзем працягваць займацца пошукамі. Не выключана, што наступны раз нам болей пашчасціць».

Мікалай Барысенка таксама спадзяецца, што некаторыя таямніцы ў гісторыі з батальёнам міліцыі ўсё ж такі ўдасца рассакрэціць. Магчыма, пашчасціць здабыць нямецкі аэрафотаздымак вышыні на сярэдзіну ліпеня 41-га. Тады ўсё будзе зразумела. «Я ведаю дакладна, што ў амерыканскіх архівах такія здымкі ёсць. Каштуюць яны да 100 долараў, але, калі справа датычыцца захавання памяці, думаць пра грошы нават непрыстойна», — кажа гісторык.