У вучнёўскіх поспехаў многа складнікаў

   Сiнькевiч, Г. У вучнёўскіх поспехаў многа складнікаў : [вучань СШ №34 Д. Варэнiкаў стаў пераможцам заключнага этапу Рэспублiканскай алiмпiяды па грамадазнаўстве]  / Ганна Сiнькевiч // Настаўніцкая газета. — 2017. — 15 красавiка. — С. 8.

Навучэнец сярэдняй школы № 34 Магілёва Дзмітрый Варэнікаў сёлета стаў абсалютным пераможцам заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па грамадазнаўстве. Да такой значнай перамогі юнак прыйшоў разам са сваёй настаўніцай Галінай Мікалаеўнай Бяляевай.

Бліскучаму поспеху ў пакарэнні інтэлектуальнага алімпу папярэднічала доўгая, карпатлівая падрыхтоўка. Спачатку Дзмітрый захапляўся гісторыяй, потым пераключыўся на грамадазнаўства. І амаль адразу зразумеў, што менавіта гэты школьны прадмет яму хочацца вывучаць больш дасканала.

Па словах яго настаўніцы Галіны Бяляевай, якая раскрыла таленты многіх адораных вучняў, дакладнае вызначэнне дзяцей з канкрэтным прадметам для павышанага вывучэння — адзін са складнікаў на шляху да паспяховасці.

— Некаторыя дзеці цікавяцца рознымі навукамі. Але для дасягнення пэўных вышынь трэба вызначыцца з нейкім адным напрамкам, прысвячаючы яго вывучэнню як мага больш часу, — адзначыла Галіна Мікалаеўна.

Не менш важным педагог лічыць матывацыю дзяцей да ўдзелу ў алімпіядным руху. Пры гэтым кожнага вучня Галіна Бяляева стымулюе з улікам яго індывідуальнасці.

— Шукаць падыход да ўсіх навучэнцаў паасобку — гэта яшчэ адна неабходнасць. Больш за тое, плённае ўзаемадзеянне, поўнае паразуменне настаўніка і дзяцей таксама важны складнік поспеху, — лічыць Галіна Мікалаеўна.

У алімпіядах яе навучэнцы ўдзельнічаюць вельмі актыўна. Вучні сярэдняга звяна нацэлены на рэгіянальныя малышовыя, старшакласнікі — на этапы рэспубліканскай алімпіяды. Рыхтавацца да гэтых спаборніцтваў яны пачынаюць загадзя. З пачатку навучальнага года сустракаюцца практычна кожны дзень. Часта дзеці нават прыходзяць пазаймацца да настаўніцы дадому.

Падрыхтока вядзецца паэтапна. Часам для замацавання вывучанага матэрыялу ўвесь клас групуецца і задае алімпіядніку пытанні на любыя тэмы. Для адораных навучэнцаў гэта своеасаблівыя трэніроўкі. У алгарытме работы Галіны Мікалаеўны існуе і пэўная пераемнасць. Старшакласнікі ва ўсім настаўляюць малодшых таварышаў, дапамагаюць ім пашырыць веды. Важнае месца ў падрыхтоўцы займаюць таксама спецыяльныя вучэбныя курсы, якія арганізоўвае МДАІРА.

— Актыўна далучаюцца да падрыхтоўчай работы і бацькі навучэнцаў. Маральная дапамога з іх боку вельмі важная для дзяцей, — падкрэслівае Галіна Бяляева.

Увогуле, па меркаванні Галіны Мікалаеўны, пры падрыхтоўцы да любых конкурсаў і алімпіяд трэба зыходзіць з магчымасцей і жаданняў вучняў. Яшчэ адна задача настаўніка — ператварыць карпатлівую работу па вывучэнні прадмета ў творчы і займальны працэс. Улічваючы ўсе гэтыя складнікі, і ўдаецца прыводзіць дзяцей да вучэбных поспехаў.