Паэзiя як шлях да Бога

   Мядзведскi, Э. Паэзiя як шлях да Бога : [гутарка з паэтам Э. Мядзведскiм] / Эдуард Мядзведскi ; гутарыла Тамара Аўсяннiкава // Лiтаратура i мастацтва. — 2017. — 12  мая. — С. 10.

Картинки по запросу Эдуард МядзведскіЭдуард Мядзведскі — бібліяфіл, журналіст, паэт, філосаф-эзатэрык, настаўнік-асветнік. Чалавек закрыты, дзіўнаваты, не вельмі зручны ў зносінах для тых, хто яго не ведае, і вельмі шчыры, адкрыты, іранічны, з пачуццём гумару для тых, хто з ім сябруе. Калі бачыш яго на вуліцы, у натоўпе, то кідаецца ў вочы непрысутнасць. Такое ўражанне, што нясе ён на сваіх сутулых плячах адбітак мінуўшчыны. Яго ўнёсак у літаратурную спадчыну Магілёўшчыны вельмі прыкметны: Э. Мядзведскі — аўтар некалькіх паэтычных кніг.

З 2005 па 2011 год Эдуард Іосіфавіч — старшыня журы фестывалю паэзіі «Пластылінавы бусел», арганізаванага Вольгай Касабуцкай для маладых аўтараў. За сем гадоў існавання фестываль выйшаў за межы горада Магілёва і набыў статус міжнароднага.

Нарадзіўся Эдуард Мядзведскі ў Магілёве 29 кастрычніка 1948 года ў пралетарскай сям’і. Да ўсяго даходзіў самастойна. Давялося засвоіць не адну прафесію. Працаваў рэзчыкам металу, кавалём, слесарам, апаратчыкам рэгенерацыі серавугляроду. Завочна скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Чалавек энцыклапедычных ведаў, больш за ўсё ў свеце ён цэніць кнігу. У яго прыватнай бібліятэцы захоўваецца звыш 6 тысяч кніг.

Мяне зацікавіў агульны сшытак з уклеенымі аркушамі, сапраўдны «гросбух», дзе зарэгістраваны прачытаныя кнігі ў алфавітным парадку пачынаючы з 1961 года. Іх больш за 14 тысяч. А да 1961 года было прачытана каля тысячы кніг, але першы сшытак з назвамі твораў, па словах гаспадара, ужо давно стаў макулатурай.

— Эдуард Іосіфавіч, ці чыталі вам бацькі кніжкі ў дзяцінстве? Якая кніга, прачытаная самастойна, запомнілася?

— Не, бацькі не чыталі. Не было калі. Цяга да кніг праявілася толькі ў школе. У першым класе нас павялі ў гарадскую бібліятэку імя Якуба Коласа. Зацікавіў першы том поўнага збору твораў Маякоўскага ў 13 тамах і чарадзейныя казкі. На кнігу паэта звярнуў увагу таму, што яна была новенькая і чароўна пахла тыпаграфскай фарбаю. Маякоўскага я прачытаў на адным дыханні і нічога не зразумеў, але палюбіў за рытм. Казкі спадабаліся таямнічасцю. Узнікла шмат пытанняў, на якія сам шукаў адказы.

Прачытаўшы казку «Пакацігарошак», запытаў у сябе: чаму яе героі не пераходзяць мост, і чаго чакаюць? Адказ прыйшоў адразу: драконаў. Хто такія драконы, я зразумеў ужо ў юнацкім узросце. Гэта чалавечыя эмоцыі, а Калінаў мост не можа перайсці чалавек у плоці, бо па той бок моста знаходзіцца Кашчэева царства…

А пра што, напрыклад, распавядаецца ў казцы «Калабок»? Ды пра тое, як сыходзіць месяц з поўні да першай квадры, праходзячы па сузор’ях.

— Як даўно пачалі збіраць бібліятэку і па якім прынцыпе?

— З таго часу, як упершыню наведаў бібліятэку і прачытаў узятыя там кнігі. Дома кніг не было. А я ўжо зацікавіўся паэзіяй. Таму пачаў збіраць «Библиотечку “Огонька”», пяць капеек каштавалі гэтыя брашуры на 40 старонак.

Калі ў кішэні былі грошы, то траціў на кніжкі. Карэла-фінскі эпас «Калевала», потым кніга літоўскага паэта XVIII стагоддзя Хрысціёнаса Данелайціса. Гэта самы вядомы, па сутнасці, самы першы літоўскі паэт. Яго паэма «Поры года» і пяць баек напісаны гекзаметрам. У дзявятым класе набыў Эдуарда Багрыцкага з серыі «Библиотека поэта». З таго часу пачаў мэтанакіравана збіраць гэтую серыю. Другое выданне «БП» (вялікая серыя) налічвае 232 кнігі. У мяне — 200.

У 1963 годзе падпісаўся на васьмітомнік Дзям’яна Беднага. Гэта першы мнагатомны збор твораў у маёй бібліятэцы. Наступнікам Дзям’яна Беднага быў Аляксандр Блок. Цяпер у маёй бібліятэцы ёсць зборы твораў 138 аўтараў — беларуская, руская і замежная класіка. Звыш 1000 кніг складае сусветная паэзія.

Беларускай літаратуры таксама адведзена пачэснае месца. Класічная паэзія ёсць практычна ўся. Любімы паэт — Янка Купала. Усе творы яго высока цаню, за выключэннем афіцыйнай паэзіі 1930-х гадоў, якую ён сам называў «дрындушкамі».

Карані беларускай літаратуры і яе культуры — у гістарычным мінулым, у народнай творчасці. Таму маю больш за паўсотні тамоў беларускага фальклору.

— Якія кнігі фарміравалі ваш светапогляд?

— Кнігі дапамаглі пашырыць кругагляд. Светапогляд фарміравалі не толькі кнігі, але і тое, што адкрыў у сабе сам і што перадалі мне яшчэ ў раннім дзяцінстве носьбіты таемных ведаў — шаптухі, траўніцы, вясковыя ведзьмакі. У кнігах шукаў пацвярджэнне думкам, здагадкам. У паэтычных творах выдатных майстроў слова я заўважыў, што іх бачанне навакольнага свету супадае са светапоглядам носьбітаў таемных ведаў. Толькі ў паэзіі гэтыя веды — у падтэксце.

— Пра паэзію Мандэльштам у вершы «Silentium» гаварыў: «она и музыка и слово», а для вас што ёсць паэзія?

— Мандэльштам — мой любімы паэт, і я згодзен з ім. Музыка і слова ў паэзіі непадзельныя і залежныя адно ад другога. У кожным слове — свая непаўторная музыка. І задача паэта — пачуць гэтую музыку. Возьмем, напрыклад, ударныя інструменты — барабан, бубен — гэта рытмаўтваральныя інструменты, гіпнатычныя; духавыя — такія, як любімая народам жалейка, — перадаюць гукі прыроды, у іх — душа народа; струнныя — імкненне ў прастору, дзе адчуваеш сябе вольным. Струну я параўнаў бы з гукам стралы, з гукам нацягнутай цецівы.

Як музыкант валодае інструментам, так паэт павінен валодаць словам. Толькі тады, калі адчуваеш у душы музыку слова, яго касмічную энергетыку, і адчуваеш, як паэтычны радок нараджае падтэкст, можна стаць Паэтам з вялікай літары. Графаману гэтага не дадзена, як бы ён ні надзімаўся, бо глухі.

— Да літаратурнага жыцця горада Магілёва вы далучыліся вельмі рана, былі знаёмыя з вядомымі пісьменнікамі…

— У школе я наладзіў выданне рукапіснага часопіса «Усходы», які зацікавіў старшыню Магілёўскага аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР Пятра Шасцерыкова. Па яго запрашэнні з 1964 года я прысутнічаў на пісьменніцкіх пасяджэннях.  У 1970 годзе Шасцерыкова змяніў на гэтай пасадзе Васіль Матэушаў, а з 1973 па 1981 год Магілёўскае аддзяленне ўзначальваў Аляксей Пысін… Вершы Аляксея Васільевіча люблю, бо ён сапраўдны майстар паэзіі.

У 1970 годзе, калі вучыўся ў БДУ, пазнаёміўся з Рыгорам Барадуліным. У мяне шмат яго паэтычных кніжак.

Рады знаёмству з шмат якімі пісьменнікамі. Ніколі не парываў сувязі з магілёўскімі пісьменнікамі і мастакамі. Сярод іх у мяне многа знаёмых, якіх паважаю за талент: гэта публіцыст і перакладчык Міхась Булавацкі, паэт і празаік Сяргей Украінка, мастак Базыль Камароў, скульптар і графік Уладзімір Конанаў… З павагай стаўлюся да творчасці літаратуразнаўцы і крытыка Яраслава Клімуця.

Напрыканцы 1960-х гадоў мною было напісана некалькі вострых эпіграм. Ад аўтарства ў той час адхрысціўся — іншага выхаду не было, каб не скончыць жыццё на нарах ці ў псіхушцы і каб не напаткаў лёс маіх двух дзядоў, якія загінулі ў засценках НКУС. Абышоўся толькі негалоснай забаронай на прафесію і стратай часткі архіва, які давялося спаліць. І ўсё ж 20 гадоў, з часоў перабудовы, я прысвяціў журналістыцы. Гэтым шчаслівы.

— Эдуард Іосіфавіч, сёння толькі лянівы не піша вершы. Што вы можаце сказаць пра стан сённяшняй паэзіі?

— Руская і беларуская паэзія, на мой погляд, у застоі. Асноўная маса сённяшніх маладых аўтараў танчаць вакол сябе, лічачы сябе паэтамі, і паўтараюць паэтычныя штампы. Маладыя насамрэч не ведаюць сваіх геніяльных папярэднікаў, а ўзорам ім служаць другарадныя аўтары iнтэрнэтнага сецiва, якія боўтаюцца ў абывацельскім балоце, не ведаюць мовы, не адчуваюць фактуры слова, яго энергетычнай сутнасці.

Хачу верыць, што час выкрышталізуе з сённяшніх маладых паэтаў самых таленавітых.

— На вашу думку, што патрэбна, каб з’явіліся паэты кшталту Мандэльштама, Пастарнака, Ахматавай?..

— Сацыяльныя ўзрушэнні. За 10 — 15 гадоў да такіх катастроф заўсёды з’яўляюцца прарокі-геніі. Так было заўсёды. Геніяльны паэт, пішучы пра дзень сённяшні, з’яўляецца прадвеснікам будучыні, які сваёй творчасцю пракладвае шлях да Бога. Калі вывучаў сусветную літаратуру, мяне заўсёды цікавіла пытанне: чаму перавыдаюцца старажытныя паэты (Гамер, Эсхіл, Вяргілій, Авідзій) тысячнымі тыражамі? І я зразумеў, што яны якраз і нясуць думку: «Ідзіце да Бога». А гэта значыць — да першаснага паняцця Слова, сэнс якога з цягам часу страчаны. Сённяшнім словам не стае энергіі, яны мёртвыя. А Слова павінна быць заўсёды жыццятворным.

Таму я вяртаюся да аўтараў, у якіх знаходжу незаштампаваную думку, думку ў развіцці, якая спрыяе нараджэнню новай думкі. Геніяльныя Творцы — прарокі, яны прадбачаць не толькі будучыню, але і распазнаюць мінулае. Таму што гісторыя палітызавана і пішуць яе пераможцы.

— Эдуард Іосіфавіч, што для вас кніга?

— Тое, што для антраполага археалагічныя раскопкі. Кніга дапамагае спасцігнуць душу чалавека, Сусвет і яго Боскую сутнасць. Праз розум чалавецтва ідзе да Бога.