У Магілеве модна чытаць на лаве [Текст]

Іванова, І. У Магілеве модна чытаць на лаве [Текст] : Магілеускія бібліятэкі завяршаюць «Лета пад кніжным парасонам», а сустракаюць восень у Быхаве выставай «Культурная сталіца» / І. Іванова // Звязда. — 2013. — 2 жніуня. — C. 3.

Магілёўскія бібліятэкі завяршаюць «Лета пад кніжным парасонам», а сустракаюць восень у Быхаве выставай «Культурная сталіца».

Сёлетнім летам Магілёўская гарадская бібліятэка імя Карла Маркса ўпершыню апрабавала новую форму работы з чытачамі. Двойчы на тыдзень яе супрацоўнікі ва ўніформе з запасам літаратуры і вялікім парасонам ад сонца выходзілі ў скверы ў цэнтры горада і ладзілі імправізаваныя «выязныя чытальныя залы».

Ухіл зрабілі на часопісы, якія зручна гартаць на лавах у парку падчас адпачынку. Асноўнымі чытачамі сталі пенсіянеры і маладыя маці. Таму асаблівай папулярнасцю карысталіся спецыялізаваныя часопісы для маці і дзіцяці, звесткі пра здаровы лад жыцця, жаночыя выданні, а мужчыны нязменна аддавалі перавагу «Рыбалову». Калі людзі хацелі пачытаць на вуліцы кнігі ці ўзяць іх дадому, то наступным разам бібліятэкары выконвалі іх замовы.

Увогуле акцыя аказалася паспяховай: за лета рады чытачоў бібліятэкі папоўнілі 300 чалавек.

— Наша ідэя спадабалася магілёўцам, — сказала дырэктар Цэнтралізаванай сістэмы дзяржаўных публічных бібліятэк Магілёва Галіна Краўчанка. — Таму «Лета пад кніжным парасонам» стане традыцыйным.

А сёлетнюю восень магілёўскія бібліятэкі сустрэнуць у Быхаве, на Дні беларускага пісьменства, дзе прадставяць вялікую выставу «Культурная сталіца».

— Там будзе афіцыйная частка з фотаздымкамі і дакументамі: як і за што Магілёў атрымаў ганаровае званне, — расказала Галіна Краўчанка. — Мы раскажам з дапамогай кніжак пра наш горад, яго славутасці, архітэктурныя помнікі, знакамітых асоб. А таксама прадставім сваю прадукцыю: калі кніжак пра горад не хапае — мы выдаём іх самі. Напрыклад, даведнік пра 10 месяцаў, якія трэба абавязкова наведаць у абласным цэнтры, і новую дзіцячую кніжку пра друкарства ў Магілёве.