Калядзiч, Н. Наперадзе інавацый : [у Мiнске прайшоў заключны этап ХІІ Рэспубліканскага конкурсу «Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт»] / Наталля Калядзiч // Настаўніцкая газета. — 2017. — 30 мая — С. 8.
У сценах Мінскага дзяржаўнага каледжа электронікі прайшоў заключны этап ХІІ Рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”, які сабраў каля 70 педагогаў з усёй краіны. Сёлетнія адукацыйныя праекты адрозніваліся навуковай навізной і практычнай значнасцю. Ва ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў спаборніцтваў прынялі ўдзел першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш, дырэктар Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Павел Ліс.
Конкурс накіраваны на стымуляванне педагогаў да актыўнага выкарыстання ІКТ, стварэнне і прымяненне электронных адукацыйных рэсурсаў у адукацыйным працэсе. Ён садзейнічае развіццю інфармацыйнай адукацыйнай прасторы краіны, выяўленню і распаўсюджванню лепшых узораў інавацыйнага вопыту педагогаў, стварэнню ўмоў для іх прафесійнай і асобаснай самарэалізацыі, а таксама папаўненню адкрытага банка ЭАР, размешчаных на нацыянальным адукацыйным партале. Арганізатарамі конкурсу з’яўляюцца Міністэрства адукацыі, Нацыянальны інстытут адукацыі, Галоўны інфармацыйна-аналітычны цэнтр і Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел педагогі ўстаноў агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі, а таксама выкладчыкі ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Сёлета конкурс праводзіўся па пяці асноўных намінацыях: “ЭАР у дашкольнай, пачатковай і спецыяльнай адукацыі”, “ЭАР у агульнай сярэдняй адукацыі”, “ЭАР у прафесійнай адукацыі”, “Праектна-даследчая дзейнасць з выкарыстаннем ІКТ”, “ІКТ у кіраванні адукацыяй”. Акрамя гэтага, партнёрам конкурсу адміністрацыяй Парка высокіх тэхналогій была аб’яўлена дадатковая паднамінацыя “ЭАР у асяроддзі праграмавання Scratch” для электронных адукацыйных рэсурсаў, якія адпавядаюць раздзелу “Асновы алгарытмізацыі і праграмавання” прадмета “Інфарматыка” для 6—11 класаў.
Па словах старшыні журы конкурсу, кандыдата педагагічных навук, начальніка ўпраўлення перспектыўнага планавання і адукацыйных стратэгій адукацыйнага цэнтра НІА Вячаслава Заіравіча Сулейманава, з кожным годам папулярнасць і цікавасць да конкурсу сярод педагагічнай грамадскасці расце, павялічваецца колькасць яго ўдзельнікаў — у гэтым годзе на завочны этап было пададзена больш за 380 заявак. У заключны этап прайшло 70 работ, якія былі прадэманстраваны ўдзельнікамі спаборніцтваў падчас стэндавай абароны.
Настаўніца хіміі гімназіі № 2 Гродна Аксана Іодка прадставіла на суд журы “Вэб-квест “Металы”. Ён выкананы для вучняў 8 класа ў межах прадмета як абагульненне перад кантрольнай работай. Пры выкарыстанні этапаў вэб-квеста прадугледжаны індывідуальныя заданні і работа ў групе, а для афармлення вынікаў даследавання ўдзельнікам неабходна пазнаёміцца з магчымасцямі інтэрнэт-сэрвісаў. З пункту гледжання якой-небудзь прафесіі (хіміка, фізіёлага, геолага, мастацтвазнаўцы, захавальніка гісторыі, журналіста) вучні разглядалі металы, іх асаблівасці і значэнне. Вынікам гэтага вывучэння стаў пэўны прадукт. Напрыклад, прадуктам фізіёлагаў аказаўся інтэрактыўны плакат “Змест і значэнне металаў у арганізме чалавека”, геолагаў — Google-карта “Найбуйнейшыя радовішчы металаў”, гісторыкаў — стужка часу, мастацтвазнаўцаў — Google-прэзентацыі. На абагульняльным уроку вучні прадстаўлялі свае прадукты. Вынікі кантрольнай работы былі значна вышэйшымі за чакаемыя.
— Спадзяюся, удзел у праекце стане для кожнага захапляльным падарожжам у свет металаў, дазволіць пашырыць веды вучняў па прадмеце і адкрыць шмат цікавых фактаў аб рэчывах, — гаворыць Аксана Іодка.
Другі вопыт удзелу ў конкурсе ў Ганны Балашэнка з дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Іўя. У 2014 годзе педагог прадстаўляла ЭАР па развіцці і карэкцыі пазнавальных псіхічных працэсаў у дзяцей дашкольнага ўзросту, які быў адзначаны дыпломам ІІ ступені. А сёлета Ганна Валер’еўна распрацавала электронны адукацыйны рэсурс да вучэбнага нагляднага дапаможніка А.Л.Давідовіч “Дашкольнікам аб правілах бяспекі” . Педагогам створана 60 інтэрактыўных гульнявых заданняў, дзе гукавыя сігналы адсочваюць правільнасць іх выканання, тры мультфільмы да пяці тэматычных блокаў: “Бяспека на дарозе”, “Бяспека ў кватэры, на двары і ў грамадскіх месцах”, “Бяспечныя ўзаемаадносіны з прадметамі і электрапрыборамі”, “Правілы паводзін пры пажары”, “Бяспечныя паводзіны на прыродзе, пры зносінах з жывёламі”. Да рэсурсу распрацаваны метадычныя рэкамендацыі.
— Тэма распрацоўкі вельмі актуальная. Мы, дарослыя, не заўсёды знаходзімся побач з дзецьмі і часам не можам засцерагчы іх ад няшчасных выпадкаў. Ды і не вельмі многа сустракаецца распрацовак метадычнага і нагляднага характару ў гэтым напрамку, — заўважае Г.Балашэнка. — З дапамогай рэсурсу мы фарміруем у дзяцей уяўленні пра культуру бяспекі жыццядзейнасці, вучым, як правільна і адэкватна дзейнічаць, імкнёмся папярэдзіць небяспечныя выпадкі. У дзяцей з дапамогай зрокавых і слыхавых вобразаў складваецца правільнае разуменне правіл паводзін і іх значнасці. Гэты рэсурс вельмі неабходны і дапаможа як педагогам-дашкольнікам у адукацыйным працэсе, так і настаўнікам пачатковых класаў.
Ія Георгіеўна Смірнова з сярэдняй школы № 4 Светлагорска Гомельскай вобласці прадставіла праект для 5 класа агульнаадукацыйных школ да падручніка па англійскай мове Л.Лапіцкай і інш. — электронны вучэбны дапаможнік Welcome to the Elf Kingdom!. Ён складаецца з 9 раздзелаў. Вучню неабходна знайсці адпаведны ўрок і прагледзець матэрыялы, што вывучалі на занятках у школе. У дапаможніку прадстаўлена больш за 260 аўтарскіх заданняў, якія ўключаюць у сябе і тэставыя заданні, заданні з відэа, з формамі Google. Практычна ўсе яны створаны з дапамогай сэрвісаў Web 2.0 і накіраваны на фарміраванне камунікатыўнай кампетэнцыі навучэнцаў.
Настаўнікі сярэдняй школы № 2 Рагачова Аксана Піліпенка і Вольга Краўчанка прадставілі праект па матэматыцы, які называецца “Считай-ка” і распрацаваны для павышэння ўзроўню сфарміраванасці вусных вылічальных навыкаў малодшых школьнікаў. Для садзейнічання развіццю мыслення, стварэння ўмоў для актывізацыі пазнавальнай цікавасці да вусных вылічальных навыкаў выкарыстоўваюцца гульнявыя формы. Праект складаецца з некалькіх частак. У першай частцы — вучэбнай — ёсць раздзел “Перавернуты ўрок”, у якім падрыхтавана 15 заняткаў, дзе прадстаўлены відэаўрокі. Для замацавання ведаў малодшых школьнікаў прапаноўваюцца раздзелы “Рашэнне задач”, “Параўнанне лікаў”, “Табліца множання”, “Матэматычны дыктант”, “Вусны лік”, “Кантроль ведаў”. Усяго прадстаўлена больш за 1500 задач, якія разбіты на заданні. Улічваючы ўзроставыя асаблівасці, заданні падабраны так, каб гэта не займала шмат часу і дзіця магло спакойна з пункту гледжання санітарных норм іх выконваць. Каб зацікавіць школьніка і развіць яго матэматычную і фінансавую дасведчанасць, аўтары падрыхтавалі рубрыкі “Гістарычная старонка”, “Акадэмія фінансаў”. Калі дзіця штосьці забылася, можа паглядзець патрэбны матэрыял у раздзеле “Памяткі”, а абстрагавацца дазволяць казачныя пазлы.
Святлана Шупілава з сярэдняй школы № 40 Магілёва вынесла на суд журы электронны рэсурс “Рыхтуемся да вывучэння хіміі на павышаным узроўні”, які складаецца з 4 блокаў: тэарэтычнага, практычнага, кантролю і дапаможнага.
— Ідэя распрацоўкі ўзнікла таму, што вельмі важна, каб у профільныя класы дзеці ішлі ўсвядомлена. Профіль прадугледжвае паглыбленне ведаў, адпаведна, патрэбна базавая падрыхтоўка, а па прычыне таго, што ў вучняў часам бывае штосьці ўпушчана, узнікаюць складанасці. У сувязі з гэтым і створаны такі рэсурс, калі можна і праверыць сябе, і ўзнавіць у памяці любы матэрыял, — адзначае Святлана Аляксандраўна. — Першая частка — тэарэтычная (тэорыя падаецца як відэаўрок ці як блок-схема), другая — кантроль (вывучыўшы матэрыял, вучань можа праверыць сябе). Вучням прапаноўваюцца тэматычныя тэсты, у якіх змяшчаецца ад 30 да 50 заданняў, задачы па кожнай тэме. Калі дзіця штосьці забылася, то яму прапаноўваецца відэа з разборам заданняў, каб адпрацаваць навыкі рашэння задач. Прадстаўлены таксама дзве хімічныя інтэрактыўныя табліцы: табліца растваральнасці і табліца Мендзялеева. Рэсурс разлічаны на вучняў 7—9 класаў.
— Праекты, якія выйшлі на вочны этап, дастаткова высокага ўзроўню. У журы вяліся гарачыя дыскусіі, бо работы былі роўныя і даволі складана было вызначыць пераможцаў, — адзначыў В.З.Сулейманаў.— У цэлым прадстаўленыя праекты адпавядаюць тэндэнцыям, якія сёння назіраюцца ў сферы інфармацыйных тэхналогій, — гэта пераход у дыстанцыйную плоскасць (большасць работ выкананы з выкарыстаннем сеткі інтэрнэт, гэта значыць прадугледжваюць зварот да дыстанцыйных рэсурсаў), актыўнае прымяненне мабільных прылад навучэнцаў, выкарыстанне элементаў дапоўненай рэальнасці, аўтаматызацыя кіраўніцкай сферы. Журы ўразіла работа па аптымізацыі заказу і выдачы даведак педагогам, якая была зроблена праз дыстанцыйны рэсурс. У зручны час у любым месцы з любой прылады, не прыходзячы ў бухгалтэрыю, чалавек можа заказаць пэўную даведку. Многа цікавых работ было прадстаўлена для дашкольнай і пачатковай адукацыі. Традыцыйна педагогі гэтых ступеней адукацыі — вельмі творчыя і натхнёныя людзі. Работы ў гэтых намінацыях уражваюць дызайнам, нестандартным падыходам. Удзельнікі конкурсу прадэманстравалі новыя ідэі, падыходы, тэхналогіі, лепшыя ўзоры інавацыйнага вопыту, паўдзельнічалі ў майстар-класах, даказаўшы, што выкарыстанне сучасных тэхналогій — важны складнік прафесійнага майстэрства педагога. Дзякуючы іх распрацоўкам педагогі рэспублікі ў поўнай меры змогуць ацаніць перавагі выкарыстання ІКТ у адукацыйным працэсе.
Што тычыцца недахопаў, то іх няшмат. Не ўсе ўдзельнікі змаглі прадставіць свае работы поўна, змястоўна, ёміста, данесці ключавыя ідэі. Асобныя пытанні былі да дызайн-эрганамічных патрабаванняў і звязаны з недастатковым улікам узроставых асаблівасцей навучэнцаў. Некаторыя работы патрабуюць дапрацоўкі, перш чым дойдуць да масавага карыстальніка.
Уладальнікамі дыпломаў І ступені ХІІ Рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” сталі:
Ганна Балашэнка з дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Іўя Гродзенскай вобласці за работу “Электронны адукацыйны рэсурс “Дашкольнікам аб правілах бяспекі” (да вучэбнага нагляднага дапаможніка А.Давідовіч);
Таццяна Бартановіч з ясляў-сада № 7 Ашмян Гродзенскай вобласці за работу “Электронны дапаможннік для дашкольнікаў 5—6 гадоў “Развіваем маўленне, гуляючы”;
Аксана Піліпенка, Вольга Краўчанка з сярэдняй школы № 2 Рагачова імя В.М.Калеснікава за работу “Вучэбны дапаможнік “Считай-ка” (2 клас);
Валерый Клюка з сярэдняй школы № 27 Гомеля, Сяргей Шэйбут з сярэдняй школы № 38 Гомеля за работу “Адукацыйны праект “Навука дзецям”;
Ія Смірнова з сярэдняй школы № 4 Светлагорска за работу “Электронны вучэбны дапаможнік Welcome to the Elf Kingdom!;
Святлана Шупілава з сярэдняй школы № 40 Магілёва за работу “Электронны дапаможнік “Рыхтуемся да вывучэння хіміі на павышаным узроўні”;
Аксана Іодка з гімназіі № 2 Гродна за работу “Вэб-квест “Металы”;
Людміла Варанко з Гродзенскага дзяржаўнага каледжа тэхнікі, тэхналогіі і дызайну за работу “Электронны вучэбны дапаможнік “Аптымізацыйныя алгарытмы”;
Сяргей Косараў, Кацярына Давыдзенка з сярэдняй школы № 30 Гомеля, Алена Гаўрылава, Андрэй Гаўрылаў з сярэдняй школы № 44 імя М.А.Лебедзева Гомеля за работу “Віртуальная прыёмная аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Чыгуначнага раёна Гомеля”;
Ігар Маслаў, Наталля Сарокіна, Данііл Карповіч з ліцэя № 1 Гродна за работу “Інтэрнэт-рэсурс “Школа поспеху маладога настаўніка”.
— У мінулым засталіся выпрабаванні, падведзены вынікі конкурсу, і, здаецца, пастаўлена кропка, — адзначыў, звяртаючыся да ўдзельнікаў конкурсу, першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш. — Але ўсе мы разумеем, што гэта не кропка, а чарговая ступень. Жадаю, каб вы разглядалі кожны ўдзел у падобных спаборніцтвах і перамогі як пэўны крок — крок уперад, крок наверх. Тое, што інфармацыйныя тэхналогіі — гэта тая данасць, якая пранікла ва ўсе галіны, той сацыяльны феномен, які дастаткова моцна ўплывае не толькі на пэўныя сферы вытворчасці, але і на штодзённае жыццё, пераконваць не даводзіцца. Другая асаблівасць ІКТ — гэта вельмі высокая дынаміка, за якой угнацца проста нерэальна, і многія пачынанні магчымыя і прырастаюць дзякуючы энтузіязму тых людзей, якія гэтым займаюцца. Гэтая высокая дынаміка гаворыць пра тое, што мяняюцца не толькі тэхналогіі, але і магчымасці іх уплыву. Са з’яўленнем новых тэхналогій, штучнага інтэлекту, віртуальнай рэальнасці нам ужо варта падумаць аб змене фармату конкурсу, а магчыма, і аб яго назве. Міністэрства адукацыі гатова ўнесці карэктывы, каб зрабіць конкурс лепшым, больш сучасным, перспектыўным.