З днем нараджэння, Магiлёў!

   Зiгуля, Н. З днем нараджэння, Магiлёў! / Нэлi Зiгуля // Звязда. — 2017. — 29 чэрвеня. — С. 1, 2.

Свае віншаванні магіляўчанам накіраваў Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт адзначыў, што горад шмат чаго робіць для прымнажэння культурных і духоўных традыцый. Сёння Магілёў — гэта сучасны індустрыяльны, навуковы і культурны цэнтр, добра вядомы за межамі Беларусі.

Гулянні з нагоды 750-годдзя Магілёва праходзяць з 28 чэрвеня па 3 ліпеня на 30 пляцоўках горада. Учора адбылася ўшанаванне ўладальнікаў спецыяльнай прэміі Магілёўскага гарвыканкама «Дасягненне». Сярод яе лаўрэатаў дырэктар навукова-вытворчага прадпрыемства «Тэхналіт» Аляксандр Бадзяка, галоўны рэдактар інфармацыйнага агенцтва «Магілёўскія ведамасці» Святлана Шутава, усяго — 17 прадстаўнікоў з розных сфер дзейнасці. Гэтую ж прэмію гарвыканкам уручыў і кіраўніку ўправы раёна Сакаліная Гара горада Масквы Аляксандру Аксёнаву.

Дадатковую атмасферу свята ў горадзе стварае міжнародны фестываль духоўнай музыкі «Магутны Божа», у рамках якога праходзіць навукова-практычная канферэнцыя «Магілёў: мінулае і сучаснасць», адбываюцца канцэрты духоўнай музыкі, свята звона. Уражальнай падзеяй стане маштабнае тэатралізаванае шэсце, прысвечанае гісторыі горада. На мове музыкі і мастацкіх вобразаў яно распавядзе пра 750-гадовы шлях развіцця Магілёва. Магіляўчан і гасцей горада ў гэтыя святочныя дні чакаюць шматлікія канцэрты, выставы, кірмашы, спартыўныя мерапрыемствы. 1 і 2 ліпеня на беразе Дняпра адбудзецца арт-праект «Вялікая бард-рыбалка ў Магілёве» і гарадское маладзёжнае свята «Магілёў — горад дабра». Тут пройдуць спаборніцтвы па рыбнай лоўлі, пляжным футболе і валейболе, адбудзецца «Свята лазні», конкурс па прыгатаванні «Дняпроўскай юшкі», канцэртныя праграмы бардаўскай песні, айчынных калектываў і выканаўцаў. Прыемны падарунак абласному цэнтру да юбілею зрабіў горад Чанша кітайскай правінцыі Хунань. Кітайскі бок ўзяў на сябе выдаткі па дастаўцы і запуску 30-хвіліннага феерверку. Гэта будзе своеасаблівы фільм на небасхіле, складзены з чатырох частак. Яго дэманстрацыю забяспечаць 30 чалавек тэхнічнага персаналу.

Толькі лічбы

68,4 мільёна долараў ЗША, або 136,8% (заданне 118,3%) да ўзроўню 2015 года інвеставаў летась Магілёў у асноўны капітал за кошт замежных крыніц.

2,9 мільярда рублёў (117,7% да ўзроўню 2015 года) склаў у 2016 годзе аб’ём прамысловай вытворчасці горада.

24,9 мільёна долараў ЗША (108,2% да ўзроўню 2015 года) склаў экспарт паслуг без уліку арганізацый рэспубліканскай формы ўласнасці.

704,7 рубля склала намінальная сярэднямесячная зарплата за студзень-красавік 2017 года.

Дарэчы, гэта не адзіны падарунак  ад кітайцаў. 27 чэрвеня ў Магілёве ўрачыста здалі ў эксплуатацыю першы ў рэгіёне сацыяльны дом, пабудаваны за кошт кітайскага капіталу. Жыць у ім будуць магіляўчане, якія выхоўваліся без апекі бацькоў, сем’і, якія маюць дзяцей-інвалідаў, шматдзетныя і іншыя грамадзяне з ліку сацыяльна неабароненых катэгорый.

Да ведама

За мужнасць і стойкасць, праяўленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны, Магілёў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені.

Летась Магілёў быў прызнаны пераможцам у намінацыі «Лепшы абласны цэнтр» рэспубліканскага конкурсу «Горад культуры ў Год культуры».