Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы ў бібліятэцы адбылася яркая і запамінальная літаратурна-тэатралізаваная сустрэча з членам Саюза пісьменнікаў Беларусі – Галінай Пярун.
Галіна Пярун пазнаёміла вучняў 4 «В» класа ДУА «Сярэдняя школа № 17 г. Магілева» са сваёй творчасцю, расказала пра тое, як нараджаюцца казкі, адкуль бяруцца вобразы герояў і чаму так важна захоўваць і шанаваць роднае слова. Юныя слухачы з вялікай цікавасцю задавалі пытанні, дзяліліся ўражаннямі.
Асаблівай часткай сустрэчы стала тэатралізаваная пастаноўка казкі «Як ліса гаспадыняй у дзеда была». Усе з захапленнем назіралі за прыгодамі хітрай лісы, спачувалі героям і радасна сустракалі вясёлыя моманты. Жывая гульня і элементы тэатра зрабілі казку яшчэ больш цікавай і займальнай.
Мерапрыемства стала сапраўдным святам. Яно дапамагло дзецям яшчэ раз адчуць прыгажосць роднага слова, далучыцца да нацыянальнай культуры і упэўніцца, што кніга – гэта крыніца ведаў, фантазіі і дабра.
Views: 62







