Библиотека-филиал № 4 им. М. Лермонтова
21 лютага да Міжнароднага дня роднай мовы ў бібліятэцы прайшоў літаратурны марафон “Веру ў моц тваю, бацькоў святое слова”.
І такімі словамі ў бібліятэцы пачалося свята беларускага слова “Пяшчотная матуліна мова”. Прысутныя, а гэта вучні 4 “А” класа ДУА “Сярэдняя школа №31 г. Магілёва”, зрабілі падарожжа па неабсяжных прасторах мовы, пачынаючы ад яе вытокаў, станаўлення да сённяшняга часу. Юныя чытачы дэкламавалі вершы беларускіх аўтараў, прысвечаныя роднай мове, роднай Беларусі. Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем разгадвалi крыжаванкi, загадкі, перакладалі словы з рускай на беларускаю мову.
Вучні 3 “В” класа ДУА “Сярэдняя школа №31 г. Магілёва” адсвяткавалі разам з супрацоўнікамі бібліятэкі свята прыказак і прымавак “Сказаў, як звязаў”. Юныя мовазнаўцы пазнаёміліся з вершамі, казкамі, апавяданнямі беларускамоўных аўтараў, успомнілі беларускія прыказкі і прымаўкі, загадкі і прыкметы, жарты і лічылкі.
Весела і займальна прайшла віктарына “Пытанні для знаходлівых”, гульні “Сказы-жартаўнікі”, “Літара заблудзілася”, “Казка-загадка”, “Чароўны куфэрак”. Дзецям трэба было скласці часткі вядомых прыказак і прымавак – і яны хутка справіліся з гэтым заданнем, паказалі, як добра ведаюць беларускія прыказкі і прымаўкі. Цудоўныя вершы, загадкі, прыказкі і прымаўкі правялі дзяцей вясёлымі сцяжынкамі па роднай мове. На свяце панавалі кемлівасць, гумар, артыстызм.
У гэты дзень дарослыя наведвальнікі бібліятэкі таксама мелі магчымасць далучыцца да свята. У гэты дзень яны адгадвалі вясёлыя беларускія загадкі, растлумачвалі беларускія прымаўкі і прыказкі, беларускія словы. У гэты дзень чытачы бібліятэкі таксама атрымлівалі памяткі “Размаўляй са мной па-беларуску”, якія нагадвалі, як правільна павітацца або развітацца, папрасіць прабачэння…
На працягу дня ў фае бібліятэкі дэманстравалася відэапрэзентацыя “Па краіне беларускай літаратуры”, дзе былі згаданы біяграфічныя і творчыя старонкі жыцця беларускіх пісьменнікаў, а таксама гучалі мілагучныя беларускія песні.
Усім чытачам было прапанавана звярнуцца да выставы, прысвечанай святу роднай мовы “Родная мова – крыніца празрыстая”.
Смачным завяршэннем дня стала дэгустацыя страў нацыянальнай беларускай кухні, якія з любоўю прыгатавалі супрацоўнікі бібліятэкі для сваіх чытачоў.
Чалавеку трэба шмат чаго ведаць, асабліва трэба ведаць, любіць, шанаваць і не забываць сваю родную, цудоўную мову.