Да фізкультуры з творчым падыходам : [у яслях-садзе № 48 Магілёва рэалізуецца аўтарскі творчы праект «Віват, алімпіяда!»] / падрыхтавала Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2017. — 19 верасня. — С. 6.
Развіццё фізічных навыкаў дзяцей, прывіццё ім асноў здаровага ладу жыцця неабходна пачынаць з максімальна ранняга ўзросту. Пра гэта ведаюць у кожнай установе дашкольнай адукацыі. У магілёўскіх дзіцячых садках гэтая дзейнасць у ліку прыярытэтных. Педагагічнымі калектывамі вядзецца старанная работа па прыцягненні малых да заняткаў фізкультурай і спортам. У асобных дашкольных навучальных установах ажыццяўляюцца розныя праекты ў гэтым напрамку. Так, у яслях-садзе № 48 Магілёва ўжо чацвёрты год дзейнічае праграма “Віват, алімпіяда!”, якая вельмі эфектыўна адбіваецца на фізічным развіцці выхаванцаў.
Як паведаміла загадчык установы Алёна Магдэнка, рэалізацыя аўтарскага творчага праекта вядзецца сумесна з абласным прадстаўніцтвам нацыянальнага алімпійскага камітэта, грамадскім аб’яднаннем “Беларуская алімпійская акадэмія”, установамі аховы здароўя, спартыўнымі арганізацыямі.
— Да рэалізацыі праекта актыўна прыцягваюцца таксама бацькі нашых выхаванцаў. Мы ўпэўнены, што толькі ў кантакце з сям’ёй можна дасягнуць поспехаў ва ўмацаванні здароўя дзяцей. Бо фарміраванне фізічнай культуры пачынаецца ў дзяцінстве, таму ўдзел бацькоў у гэтым працэсе — неабходнасць, — адзначыла Алёна Міхайлаўна.
Паводле яе слоў, у рамках праекта выкарыстоўваюцца разнастайныя формы работы. Гэта і тэматычныя гульні, і спецыялізаваныя заняткі, гутаркі, спаборніцтвы, турніры. Выніковым штогадовым мерапрыемствам ужо традыцыйна становіцца маштабнае спартыўнае свята.
— Мерапрыемства ўяўляе сабой своеасаблівыя малыя Алімпійскія гульні, якія праходзяць у сценах установы. Нашы малышы дэманструюць прысутным усе алімпійскія рытуалы: парад каманд, вынас сцяга, запальванне алімпійскага агню. Спартыўныя эстафеты чаргуюцца з інтэлектуальнымі віктарынамі па алімпійскай адукацыі на веданне відаў спорту, атрыбутаў, сімволікі гульняў. На свяце заўсёды прысутнічаюць бацькі ўсіх выхаванцаў, шматлікія ганаровыя госці, у тым ліку і сапраўдныя алімпійскія чэмпіёны. Усё гэта стварае непаўторную атмасферу, — расказала Алёна Магдэнка.
Творчы нестандартны падыход педагагічнага калектыву ясляў-сада № 48 да фізічнага выхавання малых прыносіць адпаведныя вынікі. Ва ўстанове значна павялічылася колькасць дзяцей, якія наведваюць спартыўныя секцыі. Бацькі выхаванцаў сталі больш актыўна ўзаемадзейнічаць з дзіцячым садам, прымаць удзел у спартыўных мерапрыемствах. Такім чынам, любоў да фізкультуры, здаровага ладу жыцця дзецям прывіваецца і ў дашкольнай установе, і дома. Нядзіўна, што ўжо некаторыя ўчарашнія малышы паспяхова праяўляюць сябе ў спорце, становячыся прызёрамі спаборніцтваў.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлены ўстановай адукацыі.