Габрусь, Т. Энцыклапедыя і афіцыйны дакумент / Т. Габрусь // Чырвоная змена. — 1987. — 7 лютага.
Выйшаў у свет чарговы пяты том сямітомнага выдання «Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі», прысвечаны Магілёўскай вобласці.
Набліжаецца да завяршэння шматгадовая руплівая праца гісторыкаў і мастацтвазнаўцаў па збору і вывучэнню культурнай спадчыны нашага народа, замацаванай у так званых нерухомых матэрыяльных помніках гісторыі і археалогіі, архітэктуры і мастацтва. Супрацоўнікі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук БССР ажыццявілі не адну экспедыцыю ва ўсе раёны рэспублікі для выяўлення помнікаў на месцах, іх навуковага аналізу і складання для кожнага помніка «асабістага» пашпарта. Дадаткова глыбока вывучаліся архіўныя і літаратурныя крыніцы, звязаныя з помнікамі, рыхтаваўся ілюстрацыйны матэрыял: фотаздымкі, карты, схемы. Кожная з выдадзеных кніг адлюстроўвае спецыфіку свайго рэгіёна, які вызначаецца прыродна-геаграфічнымі і сацыяльна-гістарычнымі асаблівасцямі. Адначасова — робіць больш відавочнымі агульныя рысы, абумоўленыя прыналежнасцю помнікаў розных рэгіёнаў да гісторыі і культуры аднаго народа. У зборы адлюстраваны складаны гістарычны лёс краю, асаблівасці працы і быту, традыцыі і стваральная дзейнасць беларусаў.
Пачэснае месца ў кнігах адведзена помнікам гісторыі, якія адлюстроўваюць слаўную і гераічную барацьбу нашага народа за лепшую будучыню. Цэнтральнае Падняпроўе — паэтычны і гераічны край, зямля, зрэзаная поймамі рэк Бярэзіны, Друці, Проні і іншых вялікіх і малых прытокаў Дняпра, зямля, якая захоўвае сляды крывавых бітваў. Меліся на ёй нават гарады-крэпасці — Магілёў, Быхаў, Бабруйск. «Маці Палтаўскай баталіі» — называў Пётр I сваю першую пераможную бітву са шведамі пад вёскай Лясная каля Слаўгарада.
Шмат помнікаў і памятных мясцін звязана з класавай барацьбой, рэвалюцыйным і сацыял-дэмакратычным рухам, Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыяй, барацьбой беларускага народа супраць іншаземных заваёўнікаў за сваю незалежнасць. Высокамастацкія мемарыяльныя комплексы «Брэсцкая крэпасць-герой», «Урочышча Гай» каля Баранавіч, «Кацюша» ў Оршы, «Прарыў» ва Ушацкім раёне, помнікі на магілах савецкіх воінаў і партызан у розных кутках Беларусі ўвекавечваюць бессмяротны подзвіг савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Святую памяць захоўваў Канстанцін Сіманаў аб горкай і гераічнай бітве ў самым пачатку Вялікай Айчыннай вайны на Буйніцкім полі пад Магілёвам і завяшчаў развеяць над ім свой прах. Бой пад вёскай Леніна Горацкага раёна 12—13 кастрычніка 1943 г. стаў сімвалам братэрства па зброі савецкага і польскага народаў.
Асаблівую цікавасць выклікаюць звесткі пра помнікі і памятныя мясціны, звязаныя з жыццём і дзейнасцю выдатных асветнікаў, прадстаўнікоў культуры і навукі, значных дзяржаўных і палітычных дзеячаў: Ф. Скарыны, Ф. Карпінскага, П. Багрыма, А. Міцкевіча, Я. Коласа, Э. Ажэшкі, I. Буйніцкага, Ц. Гартнага і многіх-многіх іншых. Значная колькасць помнікаў прысвечана ўшанаванню памяці вялікага правадыра мас, стваральніка Камуністычнай партыі і Савецкай дзяржавы — У. I. Леніна.
Што датычыць Магілёўшчыны, то з ёй звязаны імёны такіх людзей, як Пётр Мсціславец, Клім Міхайлаў, Сцяпан Палубес, што праславілі нашу культуру ў мінулым. У наш час выдатную памяць аб сабе пакінуў на зямлі сваёй Бацькаўшчыны Герой Савецкага Саюза і Герой Сацыялістычнай Працы старшыня калгаса «Рассвет» Кіраўскага раёна Кірыла Пракопавіч Арлоўскі, помнік якому ўстаноўлены ў цэнтры вёскі Мышкавічы — узоры сучаснага архітэктурнага вырашэння забудовы сяла.
Кожны гістарычны этап пакінуў на зямлі Беларусі сваё, непаўторнае. У «Зборы помш’каў» сістэматызаваны шматлікія археалагічныя помнікі — рэшткі старажытных паселішчаў, стаянак, гарадзішчаў, селішчаў, курганных могільнікаў і іншых аб’ектаў. Сярод іх такія значныя, як Берасцейскае гарадзішча, Верхнія і Ніжнія замкі ў Віцебску і Полацку. гісторыка-археалагічныя комплексы ў Гродна і Тураве. На тэрыторыі Магілёўскай вобласці выяўлены і вывучаны археалагічныя помнікі, пачынаючы з эпохі палеаліту. Асабліва шмат іх у Быхаўскім раёне: вёскі Абідавічы, Янава, Лудчыцы, Дальние Ляда. Вець, Ксяндзова Гара, Тайманава і іншыя захоўваюць сляды каменнага, бронзавага і жалезнага вякоў.
Значнае месца ў структуры выдадзеных тамоў займаюць артыкулы пра помнікі манументальнага дойлідства Беларусі — маўклівыя, але яскравыя старонкі яе каменнага летапісу. У іх адлюстравана ўся разнастайная тыпалогія жылых, грамадзянскіх, культавых і вытворчых збудаванняў, горадабудаўнічых і садова-паркавых ансамбляў ад старажытнасці і да нашага часу. Але апавядаюць яны не толькі аб пэўных падзеях, выдатных людзях і ладзе жыцця розных эпох. Помнікі сведчаць таксама і аб мастацкім гусце і майстэрстве народа.
Архітэктурная спадчына Брэстчыны і Гомельшчыны адметна сваім цудоўным скарбам — драўляным дойлідствам Палесся, у якім найбольш яскрава праявіліся нацыянальныя асаблівасці ў трактоўцы агульнаеўрапейскіх архітэктурна-мастацкіх стыляў. Архітэктура паўночных рэгіёнаў Беларусі ўражвае багаццем і дасканаласцю помнікаў абарончага дойлідства, барока і неаготыкі, шматлікімі палацава-паркавымі ансамблямі. Дойлідства Магілёўшчыны ў кнізе прадстаўлена выдатнымі помнікамі архітэктуры XVII—XX стагоддзяў. Сярод іх Мікалаеўская царква і Станіславаўскі касцёл у Магілёве, дамінікан- скі касцёл у Княжыцах, царква ў Слаўгарадзе, ратуша ў Шклове, палацава-паркавы комплекс у Жылічах Кіраўскага раёна. Шмат якія з іх упрыгожаны каштоўнымі творамі манументальнага жывапісу і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Ідэйна-вобразнае гучанне помнікаў гісторыі і архітэктуры ўзмацняюць творы манументальнага мастацтва: разьба, лепка, скульптуры, фрэскі, мазаікі і інш.
Кожнаму тому папярэднічае абагульняючы нарыс-уводзіны.
Праца беларускіх вучоных распачала агульнасаюзнае шматтомнае выданне «Збор помнікаў гісторыі і культуры народаў СССР», мэта якога — даць яскравую і цэласную карціну багатай культурнай спадчыны народаў Савецкага Саюза. Выданне мае сілу афіцыйнага дакумента па дзяржаўнай ахове кожнага ўключанага ў яго помніка. Выхад у свет кожнага тома «Збору помнікаў» — важная з’ява ў культурным і грамадскім жыцці нашай рэспублікі.
Т. ГАБРУСЬ, мастацтвазнавец.