Беларускі Даль

Абабурка, М.  Беларускі Даль / М. Абабурка // Магілёўская праўда. — 1988. — 30 верасня.

Грамадскасць рэспублікі азначае двухсотгоддзе з дня нараджэння нашага слаўнага земляка — Івана Іванавіча Насовіча, якога нярэдка называюць «беларускім Далем». Сапраўды, назва гэта трапная, ёмістая, бо ў многім адпавядае ісціне: як У. I. Даль стварыў неўміручы «Толковый словарь живого великорусского языка», так і I. I. Насовіч — неўміручы «Словарь белорусского наре­чия».

Нарадзіўся Іван Іванавіч 26 варасня (7 кастрычніка) 1788 года ў вёсцы Гразівец (Чавускі раён) у сям’і псаломшчыка. Пачатковую адукацыю атрымаў дома. Затым былі Магілёўскія гімназія і духоўная семінарыя. Дасканалае веданне рускай, беларускай, польскай, яўрэйскай, французскай, стараславянскай, грэчаскай, лацінскай моў, выключная працавітасць і вялікія арганізатарскія здольнасці I. I. Насовіча пры­вялі да таго, што на працягу 1813—1822 гадоў ён прызначаецца спачатку настаўнікам і інспектарам Аршанскага духоўнага вучылішча, а потым выкладчыкам і рэктарам Мсціслаўскага духоўнага вучылішча. 3 1822 па 1843 гг. I. I. Насовіч пераходзіць у сістэму Міністэрства народнай асветы, працуе ў гімназіях і вучылішчах.

Можна меркаваць, што выхад I. I. Насовіча на пенсію ў 55 гадоў і прысвячэнне ўсяго астатняга жыцця вывучэнню беларускага народа і яго духоўнай культуры мыслення і маўлення з’яўляецца своеасаблівым пратэстам супраць тагачаснай шавіністычнай палітыкі Мікалая I, які дадумаўся не толькі скасаваць Беларускую губерню сваім указам ад 18 ліпеня 1840 г., але і стараўся як мага хутчэй выкараніць з ужытку назвы «Беларусь», «беларусы», «беларускі».

Як успамінае В. Насовіч — сын нашага славутага земляка, Іван Іванавіч актыўна ўзяўся за запісы беларускіх лінгістыч­ных, этнаграфічных і фальклорных матэрыялаў з 1844 года, ездзячы ў розныя мясціны і не шкадуючы для гзтага ні часу, ні здароўя, ні выдаткаў. Вынікам карпатлівай працы было падрыхтаванае ў 1850 годзе першае даследаванне, якое складалася з чатырох частак: «Опыт краткого филологичес­кого наблюдения о белорус­ском наречии», «Собрание белоруссних слов по алфавиту», «Собрание белорусских по­словиц (1000)», «Несколько бе­лорусских басен, народных анекдотов и повестей». Першыя тры былі адасланы ў імператарскую Акадэмію навук, па даручэнню якой у 1851 годзе акадэмік I. I. Сразнеўскі зрабіў аналіз матэрыялаў і зачытаў запіску «О трудах Носовича касательно белорусского на­речия». Праца І. І. Насовіча была ўхвалена, у 1852 годзе з’явілася першая публікацыя беларускіх прыказак і прымавак з невялічкім слоўнічкам тлумачальнага характеру «Из­вестиями Академии наук по Отделению русского языка и словесности».

У верасні 1853 года Другое аддзяленне Акадэміі навук прапанавала I. I. Насовічу скласці слоунік старажытных беларускіх слоў. Той даў згоду і ў пачатку 1857 года прапанаваў у сваю чаргу «Алфавитный указатель старинных белорус­ских слов, извлеченных из ак­тов, относящихся к истории Западной России», а праз год і дадатак да яго. Спецыяльная камісія высока ацаніла першы слоўнік беларускай стэражытнай мовы, раіла яго да друку, а аўтара прадставіла да ўзнагароды. У 1865 годзе I. I. Насовіч за сваю лексікаграфічную працу атрымаў Увараўскую прэмію ў суме 1500 рублёў серабром, быў выбраны членам Рускага геаграфічнага таварыства. Але яго «Алфавітны паказальнік…» з растлумачанымі больш за 13000 словамі так і застаўся ў рукапісе. Ен і па сённяшні дзень захоўваецца ў Архіве бібліятэкі АН СССР у Ленінградзе, нягледзячы на тое, што гэта першы Гістарычны слоўнік беларускай мовы.

У 1867 і 1868 гг. I. I. Насовіч выдаў «Зборнік беларускіх прыказак» і «Беларускія прыказкі і загадкі», распачаў гісторыка-лінгвістычныя даследаванні. Аднак гэта была не асноўная праца нястомнага збіралыніка і даследчыка.

Яшчэ працуючы настаўнікам, у пачатку саракавых гадоў XIX стагоддзя I. I. Насовіч па ўласнай ініцыятыве пачаў збіраць лексіка-фразеалагічны матэрыял для слоўніка беларускай мовы. Паездкі далі магчымасць пазаёміцца яму са спецыфічнымі асаблівасцямі беларускай мовы ў цэлым і некаторых рэгіёнаў у прыватнасці. Сабраўся значны матэрыял, які з 1848 г. пачаў афармляцца ў вялікі слоўнік жывой беларускай мо­вы. Толькі ў 1861 г. пасля вялікіх намаганняў і захадаў складальніка Аддзяленне рускай мовы і славеснзсці Акадэміі навук дазволіла падаць «Слоўнік беларускай мовы» на конкурс, на якім амаль 16-гадовая праца I. I. Насовіча ўвянчалася поспехам. Яна была адзначана ў 1865 г. палавінай Дзямідаўскай прэміі (714 рублёў). Таксама было вырашана надрукаваць слоўнік пад назвай «Сло­варь белорусского наречия», які ўбачыў свет толькі ў 1870 г. Паўторнае яго выданне было зроблена толькі ў 1983 г. разам з усімі дадаткамі і дапрацоўкамі аўтара фотамеханічным спосабам, г. зн. як факсімільнае выданне, толькі з новай прадмовай і назван «Слоўнік беларускай мовы».

Для XIX стагоддзя «Слоўнік беларускай мовы» I. I. Насовіча — унікальная з’ява. Ён змяшчае звыш 30000 арыгінальных слоў і выразаў жывой беларускай мовы. У ім зафіксавана лексіка і фразеалогія Магілёўскай, Мінскай, Гродзенскай і Віленскай губерняў, дзе ўзніклі пер­шыя літаратурна-мастацкія творы, што ў значнай ступені актывізазала фарміраванне но­вай беларускай літаратурнай мовы. Важна і тое, што складальнік слоўніка шырока выкарыстаў матэрыял як з друкаваных крыніц, так і з беларускага фальклору.

Паводле свайго характару «Слоўнік беларускай мовы» I. I. Насовіча з’яўляецца беларуска-рускім, у якім руская частка адначасова выступае і як перекладная, і як тлумачальная. Аўтар падмацоўвае значэнне слоў прыкладамі-ілюстрацыямі з усіх форм як вуснага, так і пісьмовага маўлення беларусаў.

Важнай падзеяй стала публікацыя ў 1873-74 гадах «Сбор­ника белорусских пословиц, составленного И. И. Носовичем», а таксама зборніка «Беларускія песні», сабранага I. І. Насовічам больш як за 30 год.

На жаль, з неапублікаваных прац Насовіча засталіся ў рукапісах ці беззваротна зніклі і многIя цікавыя гісторыка-этнаграфічныя, фальклорныя, гісторыка мемуарныя работы. Напрыклад, у 1868 г. І. I. Насовіч даслаў імператарскаму археалагічнаму таварыству даследаванне «Аб плямёнах да часоў Рурыка, засяляўшых беларускую тэрыторыю», але і сёння яно знаходзіцца ў адзіным рукапісным экземпляры ў Ленінградскай бібліятэцы АН СССР. Зусім знік дасланы імператарскаму геаграфічнаму таварыству зборнік сабраных фалькларыстам аматарам беларускіх легенд, баек, павер’яў, анекдотаў і іншых жанраў вусна-паэтычнай творчасці. Не апублікаваны нават і «Успаміны з майго жыцця» I. I. Насовіча, якія беражліва захоўваюцца ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР (рукапіс складаецца з 989 старонак). У адным з тэлечасопісаў «Роднае слова» гаварылася і пра мастацкія творы нашага добра вядомага ўсяму славянскаму све­ту земляка.

Паводле сведчання акадэміка Я. К. Грота, I. I. Насовіч пад канец свайго жыцця займаўся складаннем поўных звестак пра родную беларускую мову, пра родныя магілёўскія гаворкі.

25 ліпеня (8 жніўня) 1877 г. перестала біцца сэрца нашага славутага земляка, які здзейсніў вялікі навуковы подзвіг у імя свайго народа і сваей радзімы, нягледзячы на тое, што не меў ніякіх вучоных ступе­ней і званняў.

М. АБАБУРКА,
дацэнт Магілёўскага педінстытута імя А. А. Куляшова.