Абмеркавалі правы і абавязкі

Сінькевіч, Ганна. Абмеркавалі правы і абавязкі : [у МДУ імя А. Куляшова прайшла Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Дзяржава і права: актуальныя праблемы фарміравання прававой свядомасці»] / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2017. — 9 лістапада. — С. 13.

Магчымасці ўдасканалення прававога выхавання моладзі і шэраг іншых пытанняў абмеркавалі ўдзельнікі Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Дзяржава і права: актуальныя праблемы фарміравання прававой свядомасці», якая прайшла ў МДУ імя А. А. Куляшова.

У форуме, які прахадзіў у вочна-завочнай форме, прымалі ўдзел звыш 100 навукоўцаў-правазнаўцаў, аспірантаў, магістрантаў, педагогаў-практыкаў амаль з усіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама з Расійскай Федэрацыі. У цэнтры іх ўвагі былі канстытуцыйна-прававыя аспекты развіцця правасвядомасці, абароны правоў чалавека ў рэлігійных супольнасцях і забеспячэння гендарнай роўнасці, паведаміў каардынатар мерапрыемства прарэктар па вучэбнай рабоце УВА Алег Дзьячэнка.

Вядомыя навукоўцы і педагогі-практыкі падрыхтавалі цікавыя даклады і стварылі атмасферу праблемнага поля на стыку гуманітарнай і прававой навук. Дакладчыкі падрабязна абмеркавалі розныя напрамкі прававой рэгламентацыі і працэсуальных аспектаў абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзян. Надзвычай насычанымі атрымаліся і секцыйныя пасяджэнні. Упершыню ў рабоце навуковага форуму быў прадстаўлены перадавы педагагічны вопыт прававога выхавання навучэнцаў, назапашаны настаўнікамі і выкладчыкамі ўстаноў агульнай сярэдняй, сярэдняй спецыяльнай і прафесійнатэхнічнай адукацыі

Як адзначыў у сваім выступленні рэктар МДУ імя А.А. Куляшова, доктар гістарычных навук, прафесар Дзяніс Дук, сучасная навука адыгрывае ключавую ролю ў рэалізацыі стратэгіі інавацыйнага развіцця беларускай дзяржавы. У гэтай сувязі ва УВА створаны спрыяльныя ўмовы для захавання і развіцця навуковага патэнцыялу, што садзейнічае павышэнню ролі навукі ў выкананні задач сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна. Кіраўнік універсітэта падзякаваў вучоным за высокую якасць навуковых даследаванняў і распрацовак, што ўкараняюцца ў рэальны сектар эканомікі.