Зігуля, Н. “Аднойчы ўсе мы будзем шчаслівыя” : [вынікі тэатральнага форуму “М.@rt.кантакт”] / Н. Зігуля // Звязда. — 2015. — 1 красавіка. — С. 3.
За гэты спектакль з вельмі аптымістычнай назвай у Магілёве выказаліся аднадушна ўсе ўдзельнікі «М.@rt.кантакту» — і моладзь, і тэатразнаўцы, і гледачы.
Вынікі тэатральнага форуму «М.@rt.кантакт» па традыцыі падвялі ў Магілёве ў міжнародны дзень тэатра. Упершыню за 10 гадоў існавання праекта гэтыя функцыі былі ўскладзены на маладзёжнае журы. На працягу тыдня Магілёў убачыў 19 спектакляў у выкананні калектываў з 10 краін. П’есу былой вучаніцы вядомага ўральскага рэжысёра Мікалая Каляды Кацярыны Васільевай «Аднойчы ўсе мы будзем шчаслівыя», якая б’е па нервах, у інтэрпрэтацыі маладога рэжысёра Вячаслава Чабатара гледачы ўбачылі на трэці дзень фестывалю. І адразу прароцкімі сталі кімсьці пакінутыя на імправізаванай сцяне водгукаў «М.@rt.кантакта» словы: «Гран-пры, не менш». Жорсткая, але кранальная гісторыя дзяўчынкі, якая пакутуе ад падваення асобы, у выкананні таленавітых актрыс маскоўскага Цэнтра імя Мейерхольда Анастасіі Пронінай і Аляксандры Кузенкінай узрушыла «да дрыжыкаў, да мурашак па скуры, да камяка ў горле». Іх яскравую гульню маладзёжнае журы адзначыла яшчэ і асобна ў намінацыі «За шчасце». Вельмі выразнай атрымалася гэтая вечная барацьба цемры са святлом. Тэатразнаўцы выказвалі дзіўную аднадушнасць у сваіх адзнаках. Пастаноўка адзіная з 19 фестывальных не атрымала з іх боку ніводнай крытычнай заўвагі. Беларускі крытык Таццяна Арлова прызналася: «Калі я яе праглядзела, у мяне прапаў дар маўлення, рэжысёрская работа проста ювелірная. Убачанае на сцэне называлі прарывам, адкрыццём, падзеяй, «жывым тэатрам». Айчынныя эксперты наогул марылі ўголас, каб таленавіты рэжысёр Яўген Чабатар нешта падобнае зрабіў на беларускай сцэне. Ён, дарэчы, вельмі зацікавіўся такой перспектывай. Затрымка толькі за тымі, хто запросіць яго ў Беларусь. Сам ён прызнаўся, што нават на фестываль марыў трапіць яшчэ з 2011 года.
Сярод іншых работ, якія адзначала моладзь, постмадэрнісцкая камедыя ў адным дзеянні «Шэкспір» у выкананні драматычнага тэатра імя А. Венгеркі з Беластока («За лепшы тэатральны комікс»), спектакль Рускага тэатра Эстоніі з Таліна па аповесці Мікалая Гогаля «Гульцы» («За філіграннае шулерства»), міжнародны праект тэатра «NіMu» (Германія, Аўстрыя, Іспанія, Беларусь) «Завядзёнка/Eіnleben», прадстаўлены таленавітай беларускай рэжысёркай Кацярынай Аверкавай («За пошук адказаў»). Яна, дарэчы, некалькі гадоў працавала рэжысёрам Магілёўскага драмтэатра. «За тонкую, чыстую і крыштальную рэжысуру» адзначаны Андрэй Сідзельнікаў, тэатральную версію бунінскага апавядання «Міцева каханне» якога паказаў Дзяржаўны драматычны тэатр «На Ліцейным» з Санкт-Пецярбурга.
Пасля яркага тэатральнага тыдня нават цяжка ўвайсці ў працоўны стан. Затое можна на працягу года смакаваць яго паслясмак. А паразважаць над чым сапраўды ёсць. Шмат розных тэатральных школ, формаў, знаходак. Крытыкі ў адзін голас адзначалі, што за тыя 10 гадоў, якія існуе фестываль, Магілёўскі драматычны тэатр значна вырас. Дастаткова ўзгадаць апошнюю пастаноўку «Жаніцьба» ў інтэрпрэтацыі рэжысёра драмтэатра Саўлюса Варнаса. Яна таксама была паказана на М.@rt.кантакце. Эксперты заўважылі, што тэатр выйшаў ужо на іншы, міжнародны, узровень, дзе класічныя творы набываюць зусім іншае гучанне. Такога Гогаля з ілюзіямі, саксафонам і ролікавымі канькамі сапраўды яшчэ не было.
Па традыцыі на фестывалі працуюць вядомыя тэатразнаўцы з розных краін. Дацэнт Варшаўскага ўніверсітэта, кандыдат філалагічных навук, тэатральны крытык і перакладчык Андрэй Масквін кожны раз знаходзіць на форуме нешта новае. А на юбілейным, адзначыў ён, як ніколі была вельмі моцная канкурэнцыя паміж удзельнікамі.
Тэатразнавец даўно цікавіцца беларускай драматургіяй. Першы том яго анталогіі выйшаў раней, а на форуме ён прадставіў чарговы двухтомнік, у які ўвайшлі п’есы 13 маладых беларускіх драматургаў. «Я часта бываю ў Беларусі на розных тэатральных фестывалях, адсочваю цікавых аўтараў, з некаторымі нават знаёмы, — тлумачыць ён. — Спачатку была мінская «Панарама», потым «М.@rt.кантакт», «Белая Вежа», фестываль беларускай драматургіі ў Бабруйску. Яны мне дазволілі наладзіць кантакты з аўтарамі. З некаторымі я звязваўся па электроннай пошце. Андрэя Іванова, напрыклад, не ведаў, але прачытаў, што ён паставіў сваю п’есу ў Нарыльску, і напісаў яму. Цікава ж: беларус, а запатрабаваны ў іншай краіне. Патлумачыў яму, што існуе такі праект, што хачу перакласці яго твор на польскую мову і выдаць. І ён згадзіўся».
Тыраж анталогіі невялікі, усяго 100 асобнікаў, але ў продажы ён будзе толькі ў Польшчы. Што датычыцца Беларусі, то адзін асобнік аўтар паабяцаў перадаць у Нацыянальную бібліятэку. Дарэчы, яшчэ адзін атрымаў дырэктар Магілёўскага абласнога драмтэатра Андрэй Новікаў. Андрэй Масквін прысвяціў яму і форуму«М.@rt.кантакт» адзін з тамоў.
Цікавай падзеяй форуму стала лабараторная работа акцёра і рэжысёра Магілёўскага драмтэатра Уладзіміра Пятровіча «Час сэканд-хэнд» па аповесці беларускай пісьменніцы Святланы Алексіевіч. Дарэчы, гэтая пастаноўка асобна не была пазначана ў праграме форуму, але адбылася падчас яго. І выклікала зацікаўленасць з боку рэжысёраў, што прыехалі на фестываль.
Старшыня форуму, намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка падкрэсліў, што адукацыйная роля фестывалю відавочная. Ён не толькі дае магчымасць убачыць усё тое новае, што адбываецца ў тэатральным мастацтве розных краін, але і служыць развіццю тэатральных традыцый у краіне. Нездарма ж яго падтрымлівае Міністэрства культуры. Першы намеснік міністра культуры Ірына Дрыга лічыць, што гэты форум робіць шмат для таго, каб аб’яднаць краіны. З распадам СССР, на жаль, многія кантакты былі страчаны.
Вядома, мастацтва патрабуе ахвяр, як жа без гэтага. І ахвяр дастаткова адчувальных. Юбілейны фестываль абышоўся больш чым у мільярд рублёў. Таму білеты на асобныя пастаноўкі каштавалі да 250 тысяч рублёў. Але зала не пуставала. Гэта лепш за ўсё іншае сведчыць: форум гораду патрэбны. І не толькі гораду, але і краіне. Менавіта фестываль у свой час пазнаёміў з п’есамі Дзіяны Балыкі, Паўла Пражко, Дзмітрыя Багаслаўскага, Міхаіла Рудкоўскага. Сёння гэтыя драматургі вядомыя ва ўсім свеце, і іх творчасць запатрабавана. «Праект і задумваўся як магчымасць стварыць цэнтр прыцягнення творчых сіл — маладых музыкантаў, мастакоў, артыстаў, драматургаў, — адзначыў Валерый Малашка. — І мне здаецца, што гэта атрымалася».