Маўленчыя парушэнні выключаюць камп’ютарныя тэхналогіі

Мажэйка, Ірына. Маўленчыя парушэнні выключаюць камп’ютарныя тэхналогіі : [вопыт работы ясляў-сада №110 Магілёва] / Ірына Мажэйка // Настаўніцкая газета. — 2017. — 11 лістапада — С. 14.

Сёння інфармацыйныя тэхналогіі займаюць сваю нішу ў адукацыйнай прасторы ўстаноў дашкольнай адукацыі. Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі і электронныя сродкі навучання ўваходзяць у школьнае дзяцінства праз гульню і іншыя віды сімволіка-мадэлюючай дзейнасці.

Іх укараненне ў адукацыйны працэс дазваляе як педагогу, так і выхаванцам развіваць умение арыентавацца ў інфармацыйных плынях навакольнага свету; авалодваць практычнымі спосабамі работы з інфармацыяй; перайсці ад тлумачальна-ілюстраванага спосабу навучання да дзейнаснага. Гэта дазваляе дабівацца больш высокай выніковасці ў арганізацыі адукацыйнага працэсу, у тым ліку і ў працэсе аказання карэкцыйна-педагагічнай дапамогі дзецям, якія маюць парушэнні маўлення.

Практыка маёй педагагічнай дзейнасці ў рабоце з такімі дзецьмі паказвае, што эфектыўнасць карэкцыйна-адукацыйнага працэсу дасягаецца шляхам паспяховага спалучэння камп’ютарных тэхналогій з традыцыйнымі метадамі навучання. Дастаткова выніковым у сваёй рабоце лічу прымяненне ІКТ падчас падгрупавых і індывідуальных карэкцыйна-развіццёвых заняткаў.

Так, на карэкцыйных занятках “Аўтаматызацыя гука [р] у словах і словазлучэннях. Птушкі” з мэтай арганізацыі хвілінкі любавання выкарыстоўваю відэаролік “Птушкі: сарока, варона, грак, журавель, верабей, дрозд”. Камп’ютарная развіццёвая гульня «Хто як спявае?” была накіравана на развіццё фанематычнага слыху. Мультымедыйная прэзентацыя ў форме гульні ‘‘Чацвёрты лішні” спрыяла развіццю лагічнага мыслення. Дынамічная паўза была прадстаўлена ў форме лагарытмічнай гульні “У каго якая песня?”, у працэсе якой вырашалася задача развіцця каардынацыі маўлення і рухаў. Комплексны падыход да адбору электронных сродкаў навучання дазволіў забяспечыць эфектыўнасць карэкцыйна-развіццёвага працэсу ў аўтаматызацыі гука [р] у маўленні дзяцей.

У карэкцыйнай рабоце шырока выкарыстоўваю мультымедыйныя прэзентацыі. На індывідуальных занятках рацыянальней прымяняць камп’ютарныя прэзентацыі для развіцця маўленчага дыхання з выкарыстаненнем гукавых хвалей рознага колеру, аўтаматызацыі пастаўленых гукаў у складах, словах, фразах і звязным маўленні, нармалізацыі прасадычных характарыстык маўлення, дыферэнцыяцыі акустычна блізкіх гукаў, развіцця фанематычнага ўспрымання, элементарных і складаных форм фанематычнага аналізу і сінтэзу. На групавых карэкцыйных занятках прэзентацыі выкарыстоўваю для засваення лексічных тэм, развіцця навыкаў словаўтварэння і словазмянення, развіцця звязнага маўлення і пазнавальных здольнасцей, узбагачэння слоўніка і г.д.

Лічу, што эфектыўным сродкам развіцця маўлення дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту з’яўляецца агульнаадукацыйная вучэбная камп’ютарная праграма “Развіццё маўлення. Вучымся гаварыць правільна”. У гэтай праграме прадстаўлены 4 раздзелы: “Немаўленчыя гукі”, “Гукаперайманне”, ‘‘Маўленчыя гукі”, “Развіццё звязнага маўлення”.

Раздзелы “Немаўленчыя гукі” і “Гукаперайманне” прадстаўлены серыяй тэматычных і сюжэтных інтэрактыўных экранаў, эксперыментальныхзаданняў, якія знаёмяць з гукамі навакольнага свету. Мультымедыйныя гульні-заданні з раздзела “Маўленчыя гукі” накіраваны на развіццё навыкаў распазнавання і правільнага вымаўлення гукаў рускай мовы. Гульнявыя заданні раздзела “Развіццё звязнага маўлення” вучаць дзяцей звязна гаварыць, фармуляваць цэлыя сказы. Выкарыстанне гэтых камп’ютарных гульняў з’яўляецца сродкам павышэння пазнавальнай цікавасці выхаванцаў на занятках, іх станоўчага эмацыянальнага настрою, як вынік — больш высокай эфектыўнасці карэкцыйна-адукацыйнай работы.

Работа настаўніка-дэфектолага прадугледжвае актыўнае ўключэнне бацькоў у карэкцыйны працэс і замацаванне ва ўмовах сям’і засвоеных маўленчых навыкаў. Гэта патрабуе пошуку эфектыўных тэхналогій, у тым ліку ІКТ, у арганізацыі лагапедычнай работы з бацькамі. Задача заключаецца ў тым, каб дапамагчы бацькам усвядоміць сваю ролю ў працэсе маўленчага развіцця дзіцяці, выбраць правільны напрамак дамашняга навучання, узброіць пэўнымі ведамі і ўменнямі, метадамі і прыёмамі пераадолення маўленчага парушэння, напоўніць канкрэтным зместам дамашнія заданні з дзецьмі па засваенні і замацаванні карэкцыйных заняткаў.

Сярод напрамкаў дзейнасці па выкарыстанні камп’ютарных рэсурсаў у рабоце з бацькамі выхаванцаў, якія наведваюць ПКПД нашай дашкольнай установы, вылучаны:

— падрыхтоўка для бацькоў відэазапісу падгрупавых і індывідуальных карэкцыйных заняткаў;
— камп’ютарнае афармленне наглядна-інфармацыйных матэрыялаў (буклеты, брашуры, лістоўкі, памяткі і г.д.);
— выкарыстанне рэсурсаў электроннай пошты;
— падрыхтоўка мультымедыйных прэзентацый і відэаролікаў да кансультацый і групавых бацькоўскіх сходаў.

З цікавасцю бацькі знаёмяцца з падрыхтаванымі тэматычнымі наглядна-інфармацыйнымі матэрыяламі. Памятка для бацькоў ‘‘Арганізацыя лагапедычнай работы ў дашкольнай установе” знаёміць з задачамі маўленчага развіцця дзяцей 4—6 гадоў, асноўнымі напрамкамі арганізацыі лагапедычнай работы ў дашкольнай установе. У буклеце “Развіццё зрокавага ўспрымання ў дашкольнікаў” для бацькоў дадзены рэкамендацыі для арганізацыі дыдактычных гульняў і практыкаванняў з дзецьмі дома па развіцці зрокавага ўспрымання. Распрацаваны цыкл буклетаў ‘‘Гаворым правільна” дапамагае бацькам у гульнявой форме ўключыцца ў карэкцыйны працэс і замацоўваць у дамашніх умовах засвоеныя маўленчыя навыкі.

Асаблівую цікавасць у навучэнцаў і іх бацькоў выклікаюць тэматычныя кніжкі-малышкі (напрыклад, ‘‘Азбука пажарнай бяспекі”, “Адзін дома. Асцярожна — электрапрыборы”), якія прадстаўлены ў вершаванай форме, што спрыяе не толькі фарміраванню асноў бяспекі жыццядзейнасці, але і аўтаматызацыі гукаў, развіццю звязнага маўлення.

Укараненне ІКТ і ЭСН у работу з дзецьмі, якія маюць парушэнні маўлення, дазваляе істотна ўзбагаціць, якасна абнавіць і павысіць эфектыўнасць карэкцыйна-развіццёвага працэсу. Разам з тым інфармацыйныя тэхналогіі не замяняюць традыцыйных падыходаў да навучання, а значна павышаюць іх эфектыўнасць. Галоўнае для педагога — знайсці адпаведнае месца ІКТ у адукацыйным працэсе, гэта значыць, ісці ад педагагічнай заданы да інфармацыйных тэхналогій яе рашэння там, дзе яны больш эфектыўныя, чым звычайныя педагагічныя тэхналогіі.

1

Ірына МАЖЭЙКА,
настаўнік-дэфектолаг ясляў-сада № 110 Магілёва.