Ніхао, Магілёў!

Бачкарова, Юлія. Ніхао, Магілёў! : [дэлегацыя школьнікаў з кітайскага горада Чанша наведала Магілёў] / Юлія Бачкарова // Настаўніцкая газета. — 2017. — 11 лістапада. — С. 6.

Дэлегацыя школьнікаў з кітайскага горада Чанша правінцыі Хунань з сяброўскім візітам наведала Магілёў. Разам з педагогамі, а таксама прадстаўнікамі адміністрацыі муніцыпальнага бюро адукацыі найбуйнейшага прамысловага цэнтра Паўднёвага Кітая 20 дзяцей пераадолелі больш як 9 тысяч кіламетраў, каб пазнаёміцца з беларускімі аднагодкамі, акунуцца ў нашу культуру, даведацца пра гісторыю і традыцыі Сінявокай.

Сустрэча прайшла на базе гімназіі № 4. У чатырохдзённую праграму знаходжання ўвайшлі інтэрактыўныя і ваенна-патрыятычныя экскурсіі, этнаграфічныя квесты, гістарычныя прэзентацыі, сумесныя ўрокі, спартыўныя святы, канцэртныя праграмы, дэгустацыі страў нацыянальнай кухні і нават майстар-класы па вырабе лялек-абярэгаў. У рамках візіту падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве паміж магілёўскай гімназіяй і Міжнароднай эксперыментальнай пачатковай школай горада Чанша.

— У сферы адукацыі абласны цэнтр супрацоўнічае з прадстаўнікамі многіх краін — Расіяй, Францыяй, краінамі Прыбалтыкі, — расказала галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Магілёўскага гарвыканкама Лілія Станіславаўна Кавалёва. — Аднак наладжваць адносіны з КНР нам давялося ўпершыню. Раней у навучальных установах горада вывучэнне кітайскай мовы насіла толькі факультатыўны характар. Гімназія № 4 стала першай, дзе з верасня 2017 года кітайская мова ўведзена ў вучэбную праграму і выкладаецца як асноўная нароўні з англійскай.

На сёння ў гімназіі ёсць дзве паўнавартасныя групы вывучэння кітайскай мовы. Паколькі навучанне замежнай мове прадугледжана ў Беларусі з трэцяга класа, у першым і другім класах установы арганізаваны факультатывы. Такі падрыхтоўчы момант дазваляе дзецям пагрузіцца ў моўнае асяроддзе, пазнаёміцца з усходняй культурай, як вынік — канчаткова вызначыцца з вывучаемай мовай.

Нягледзячы на тое, што гімназісты вучаць кітайскую ўсяго два месяцы, вынікі работы ўжо бачны: дзеці хутка засвойваюць новы матэрыял. Яны ўмеюць лічыць да дзесяці, могуць гаварыць і разумець асобныя фразы і нават дэманструюць беглае чытанне некаторых іерогліфаў. Аднак пакуль школьнікі кантактавалі з дапамогай англійскіх фраз, мовы жэстаў і праграмы аўтаматычнага распазнавання і перакладу гаворкі на смартфонах.

Да прыезду ўсходніх гасцей у навучальнай установе рыхтаваліся доўга і старанна: вывучалі культуру і традыцыі Усходу, распрацоўвалі праграму знаходжання, дубліравалі ўсе надпісы і стэнды на кітайскай. Што казаць, калі сёння ўвесь калектыў гімназіі — дзеці, выкладчыкі і тэхнічны персанал — без цяжкасцей могуць павітаць грамадзян Кітая на іх роднай мове. Вялася работа і па падрыхтоўцы беларускіх дзяцей. Кожны з іх быў замацаваны за кітайскім школьнікам і стаў яго правадніком у нашу культуру.

— У Магілёва ўжо завязаліся партнёрскія адносіны з горадам Чанша правінцыі Хунань: пратакол аб намерах па ўсталяванні сяброўскіх сувязей паміж імі падпісаны ў канцы чэрвеня гэтага года, — расказаў дырэктар гімназіі № 4 Яўген Іванавіч Дуплеўскі. — Працягам гэтых дамоўленасцей стала знаходжанне ў Магілёве вучняў Міжнароднай эксперыментальнай пачатковай школы Ушань. У далейшым узаемныя візіты стануць рэгулярнымі і будуць лепшай матывацыяй для гімназістаў у вывучэнні кітайскай мовы.

Па словах суразмоўцы, прапанаваная ў рамках гэтага наведвання праграма дазволіла беларускім і кітайскім навучэнцам пазнаёміцца адно з адным лепш і нават пасябраваць. Гэта важна, бо духоўна-эмацыянальны складнік такіх зносін не менш значны, чым дыпламатычны аспект пытання. А для таго каб паказаць, што ў нас шмат агульнага, гімназісты-старшакласнікі разам з педагогамі-гісторыкамі нават зрабілі фільм, у якім расказваецца аб блізкасці двух гарадоў. Аўтарам удалося знайсці цікавыя паралелі і перапляценні ў гісторыі Чаншы і Магілёва.

— Чанша знакамітая сваім эканамічным і культурным патэнцыялам, — працягвае Яўген Іванавіч. — Культура і гісторыя гэтага старажытнага горада, як і Магілёва, уключае шмат цікавых і знакавых момантаў. Напрыклад, недалёка ад Чаншы нарадзіўся знакаміты палітычны дзеяч Кітая Маа Цзэдун. Ён вучыўся ва ўніверсітэце гэтага горада і, як і Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, які скончыў магілёўскую УВА, атрымаў педагагічную адукацыю. Акрамя таго, Чанша знаходзіцца на Вялікім шаўковым шляху, Магілёў — на шляху “з варагаў у грэкі”. Выдатныя людзі жывуць і там, і тут. Нам ёсць пра што расказаць і чым ганарыцца як у культурным, так і ў гістарычным плане.

Прадстаўніца замежнай дэлегацыі Чжаа Цынцю выказала надзею, што сяброўскія адносіны, якія зарадзіліся падчас гэтай паездкі, будуць доўгімі і плённымі, бо кітайскі бок таксама зацікаўлены ў супрацоўніцтве.

— Выдатна, што з’явілася магчымасць супрацоўнічаць, пазнаваць культуру і вывучаць мову адно аднаго, — прызналася яна. — Школьнікаў, якія праявілі цікавасць да Беларусі і пажадалі наведаць вашу краіну, было вельмі многа. Ужо ўзгоднены спіс другой дэлегацыі, якая будзе гасцяваць у Магілёве ў лютым наступнага года. Як яшчэ адна перспектыва супрацоўніцтва разгледжана пытанне вывучэння нашымі школьнікамі рускай мовы. У нас, у Паўднёвым Кітаі, гэты адукацыйны кірунак не так развіты, як у Паўночным, дзе рускую мову ўжо даўно вывучаюць у школах і ўніверсітэтах.

Таксама кітайская госця дадала, што падчас знаходжання ў Беларусі яе здзівіла шчырасць і дабрыня нашых людзей. І нават у першы дзень знаходжання ў Магілёве, калі яны перанеслі цяжкі пералёт, які доўжыўся амаль суткі, кітайскія дзеці былі вельмі рады доўгачаканай сустрэчы і засталіся задаволены зносінамі з беларускімі таварышамі.

nimagl640

Юлія БАЧКАРОВА.
Фота аўтара.