Васільеў, Аляксандр. У зоне рызыкі : [гутарка з першым намеснікам начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў, начальнікам крымінальнай міліцыі А. Васільевым] / Аляксандр Васільеў ; гутарыла Нэлі Зігуля // Звязда. — 2017. — 2 снежня. — С. 1, 8.
Хто такі Аляксандр ВАСІЛЬЕЎ, тлумачыць, напэўна, не трэба. Некалькі тыдняў таму яго прозвішча не сыходзіла з першых радкоў інфармацыйных сайтаў. У гісторыі з рабаваннем магілёўскага банка ён павёў сябе як сапраўдны герой. Адразу ж прапанаваў сябе ў якасці заложніка, каб вызваліць тых, хто трапіў на прыцэл злачынцы, і, можна казаць, цалкам прыняў удар на сябе. Нагодай для сустрэчы стала прыемная навіна. Кіраўніцтва Беларусбанка прыехала ва ўпраўленне ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкама, каб перадаць падзячны ліст усім міліцыянерам, якія праводзілі беспрэцэдэнтную ў Беларусі аперацыю па вызваленні заложнікаў, і ўручыць імянны наручны гадзіннік першаму намесніку начальніка ўпраўлення ўнутра-ных спраў, начальніку крымінальнай міліцыі Аляксандру Васільеву.
Для супрацоўнікаў аддзялення, якое падверглася рабаванню, ён стаў чымсьці накшталт анёла-ахоўніка. Прыйшоў у той самы момант, калі сітуацыя магла скончыцца вельмі трагічна. У чытачоў «Звязды» ёсць магчымасць з першых вуснаў даведацца, чаго каштавала палкоўніку тая вытрымка.
— Гэта было ваша ўсвядомленае рашэнне — пайсці ў заложнікі? Ці проста так склаліся абставіны? — пацікавілася карэспандэнт «Звязды» пасля цырымоніі ўзнагароджання.
— Я ехаў затрымліваць злачынцу, і гэта была галоўная думка. А тое, што самому прыйдзецца выступіць, пра гэта нават не думаў.
— Як потым высветлілася ў ходзе следства, гэты чалавек праходзіў службу ў расійскіх міліцэйскіх войсках, а потым яшчэ працаваў у расійскай структуры МНС. Адчувалася, што перад вамі прафесіянал?
— Так. І па позірку, і па дзеяннях было бачна, што ён меў пэўныя навыкі.
—Што адчувае чалавек, калі яму да галавы прыстаўляюць пісталет?
— Прыемнага мала. Я разлічваў, што на той момант ён не будзе спяшацца пазбавіцца ад мяне. У любым выпадку яму трэба было кудысьці прыехаць. Быў толькі адзін момант, калі я не зусім зразумеў яго логіку. Гэта калі ён запатрабаваў, каб выключылі сістэму відэаназірання. Якая мэта, калі чалавек ужо быў зафіксаваны на гэтай відэакамеры? Нешта задумаў, падалося мне. Потым, калі ён запатрабаваў дастаць цвёрды дыск, яго матыў стаў зразумелы.
— У інтэрнэце гэту гісторыю расклалі, як той казаў, па костачках. Нават была думка, што злачынца і не збіраўся страляць, маўляў, і пісталет у яго быў не баявы.
— Магу адназначна сказаць, што пісталет быў не цацачны. Больш за тое, у яго быў зняты засцерагальнік і дастаткова было націснуць на курок…
— А як атрымалася, што ён так лёгка вас адпусціў, калі ўбачыў пагоню?
— Ён загадаў, каб я выйшаў, і папрасіў яго не пераследаваць, а я скарыстаўся момантам. Ён проста страціў пільнасць. Думаў, што трымае сітуацыю пад кантролем. Упэўненасць у яго ўсяліла і тое, што я сябе паводжу бездакорна.
— Па адчуваннях, як доўга цягнуўся час уролі заложніка?
— Паўгадзіны падаліся даўжынёй з жыццё.
— Па ўсім адчуваецца, што вы наогул прыйшлі ў міліцыю па клічы душы.
— Так яно і было. Я загарэўся гэтай марай яшчэ ў школьным узросце. У мяне далёка не мяккі і спакойны характар. Я пастаянна нешта шукаю, мне цікава разнастайнае жыццё. У 1992 годзе паступіў на Магілёўскі факультэт Акадэміі міліцыі МУС РБ. Савецкая форма, галіфэ, юхтовыя боты, фуражка — усё як трэба.
— Цяжка было вучыцца?
— Не лёгка. Мы адносімся да катэгорыі вайскоўцаў, і адсюль усё вынікае: страявы статут, казарменнае жыццё, жорсткая дысцыпліна, рэжым, нарады і гэтак далей. Усё гэта прысутнічала. Вучыцца было цяжка, але было б жаданне. Я наогул скончыў гэтую ўстанову з адзнакай.
— Як бацькі падтрымлівалі сына?
— Так атрымалася, што праз тры тыдні пасля таго, як я паступіў, памёр бацька. Прыходзілася, наадварот, падтрымліваць маці.
— Будучы курсантам, удзельнічалі ў нейкіх аперацыях?
— Нас прыцягвалі да аховы парадку яшчэ на 1 курсе. Спачатку была адміністрацыйная практыка, а потым крымінальна-прававая. Пасля першага курса стажыроўка ў аддзеле па барацьбе з крадзяжом сацыялістычнай маёмасці Ленінскага РАУС, аператыўная стажыроўка ў Цэнтральным РАУС. Калі паступаў, больш хацелася стаць экспертам-крыміналістам. Мне падабалася фатаграфаваць, меў сур’ёзныя навыкі па фотасправе, але пасля стажыроўкі ў крымінальным вышуку Цэнтральнага РАУС з’явілася выразнае памкненне застацца ў гэтай службе. Вельмі паўплываў на маё жаданне стаць сышчыкам старшы оперупаўнаважаны былога Цэнтральнага РАУС Яў-ген Лазаковіч. Для мяне ён быў вельмі ўразлівым прыкладам. Ён жа асабіста хадайнічаў за мяне перад начальнікам упраўлення крымінальнага вышуку Мікалаем Алейнікам. Сказаў: гэты хлопец на стажыроўцы зарэкамендаваў сябе сышчыкам. Яму трэба застацца ў вышуку. Мяне тады перавялі ў Кастрычніцкі РАУС, дзе начальнікам крымінальнага вышуку быў Аляксандр Рабыка.
— Тое, што на вас ускладалі вялікія надзеі як на сышчыка, перашкаджала або дапамагала?
— Надавала адказнасці. Калі мяне, маладога лейтэнанта, назначылі на падпалкоўніцкую пасаду — старшым оперупаўнаважаным па асабліва важных справах, некаторыя сумняваліся, маўляў, зялёны яшчэ, не справіцца. Мне тады быў усяго 21 год.
— Для спецыяліста гэта звычайная справа. Падчас вучобы нас вазілі на ўскрыцці трупаў — вытрымаў, атрымаў аўтаматам залік па судмедэкспертызе. Не — ідзі, здавай тэорыю.
—А часта прыходзілася рызыкаваць па службе?
— У 90-я гады супрацоўнікі міліцыі рызыкавалі амаль штодзённа. Мы і на работу хадзілі, і спаць клаліся, лічы, з табельнай зброяй. Страляць не стралялі, але пагрозы былі, нажы таксама. І я карыстаўся зброяй пры затрыманні злачынцаў.
— І з крымінальнымі аўтарытэтамі мелі справу?
— Гэта былі хутчэй не аўтарытэты, а рэцыдывісты, якія пражывалі на тэрыторыі, якую я абслугоўваў. Але на той момант яны адчувальна ўплывалі на крымінагенную абстаноўку. Вызваляліся з месцаў пазбаўлення волі і дня не маглі пражыць без нейкіх там супрацьпраўных дзеянняў. Зладзейскія традыцыі, законы, сходкі, перадзел сфер уплыву, аўтабізнес, разбоі, крадзяжы кватэрныя — увесь крымінальны букет. Памятаю забойства, калі ахвяр закідвалі ў люк. Праводзім следчы эксперымент, а злачынца нечакана паказвае месца, дзе схаваў яшчэ адзін труп. Адкрываем — і там сапраўды забіты чалавек, на якога ў нас нават няма звестак, што ён стаў ахвярай злачынства. Такіх прыкладаў у 90-я было болей чым дастаткова. Мы нават не паспявалі іх раскрываць.
— Зараз вашым калегам-пачаткоўцам працаваць лягчэй?
— Раней крыху іншы прынцып быў. Я абслугоўваў некалькі мікрараёнаў — досыць вялікую тэрыторыю. І, калі нешта здарылася, накіроўвалі не следча-аператыўную групу, як зараз, а занальнага інспектара вышуку. Маўляў, ты ведаеш сваю тэрыторыю, ідзі і разбірайся. Раней аператыўнік збіраў матэрыял і цалкам займаўся справай. У мяне на стале ляжала больш за 20 такіх матэрыялаў праверкі, трэба было займацца ўсімі імі адначасова і паспяваць прымаць працэсуальнае рашэнне ва ўстаноўленыя законам тэрміны. Складанасці былі дастаткова сур’ёзныя. Таму, калі сёння нехта пачынае казаць, што яму цяжка, мне так хочацца нагадаць, як было раней. Раней нават машыну была праблема знайсці, каб з’ездзіць на месца забойства. Ідзі як хочаш і раскрывай. Шмат было расчлянёных забойстваў. У парку ў гонар 60-годдзя Кастрычніка забілі дзяўчыну, і злачынца вазіў па горадзе часткі яе цела і раскідваў. Зачэпак амаль ніякіх не было, але я знайшоў злачынцу. Гэта было забойства на бытавой глебе.
— Як вас адзначалі за раскрыццё найбольш складаных злачынстваў?
— Ёсць узнагароды — медалі трэцяй і другой ступені «За бездакорную службу» і «За адзнаку ў ахове грамадскага парадку». Але не за канкрэтны від злачынстваў, а ў комплексе. Цягам апошніх двух гадоў вынік работы магілёўскай крымінальнай міліцыі — адзін з лепшых у рэспубліцы. А вось знак, якім я асабліва ганаруся, гэта «За адзнаку ў службе». Ён дадзены за выяўленне злачынных груп, асуджаных за бандытызм, якія здзейснілі асабліва цяжкія злачынствы. Першае — нападзенне, спалучанае з забойствам, а другое — разбойны напад на аб’екты гандлю.
— Раскажыце крыху пра сваю сям’ю.
— Жанаты, маю двух дзяцей. Старэйшы Павел сёлета паступіў у Акадэмію МУС. Гэта было цалкам яго рашэнне. Адгаворваць не стаў, але сказаў, што лёгка не будзе.
— Як падтрымліваеце фізічную і баявую форму?
— Па меры магчымасці пра-плываю па кіламетры ў басейне. Як і ўсе міліцыянеры, перыядычна здаю залік па стральбе ў ціры.
— Вы вельмі патрабавальны кіраўнік?
— Калі чалавек не хоча працаваць, прыходзіцца прымаць меры. Я сам прайшоў увесь міліцэйскі шлях, не ўсё адразу атрымлівалася, таму ведаю, што перш-наперш чалавеку трэба дапамагчы. Але, калі ўсе формы і метады вычарпаны, на жаль, прыходзіцца развітвацца. Або прапаноўваць іншую пасаду, іншыя формы працы. Некаторыя самі потым прызнаюцца: гэта было не маё. Роля кіраўніка вельмі вялікая. Мне ў жыцці шчасціла з настаўнікамі, цяпер гэта ўжо ветэраны, а ў мінулым начальнік Цэнтральнага РАУС Аляксандр Церахаў, ужо згаданы мной начальнік аддзела крымінальнага вышуку Кастрычніцкага РАУС Аляксандр Рабыка, начальнік Кастрычніцкага РАУС Эдуард Марозаў, мой настаўнік па крымінальнай міліцыі Эдуард Барабанаў і шмат хто яшчэ.
— Вы так шмат ужо пабачылі ў сваёй працы, што можна пісаць кнігу.
— А я ўжо пішу, пакуль, праўда, мемуары, сёе-тое для будучай кнігі.
— Рамантычнае ўяўленне пра службу ў міліцыі з цягам часу не прайшло?
— Не. Проста змяніліся сітуацыя і абставіны.
Нэлі ЗІГУЛЯ. zigulya@zviazda.by
P. S. Упраўленне Дзяржкамітэта судовых экспертыз па Магілёўскай вобласці паведаміла, што адноўлена інфармацыя з цвёрдага дыска камп’ютара аддзялення банка, дзе былі захоплены заложнікі. Гэты дыск з запісамі відэакамер назірання падазраваны ў рабаванні захапіў з сабой. Спецыялісты кажуць, што інфармацыя істотна дапаможа следству аднавіць дакладную карціну таго, што адбылося ў банку. Акрамя гэтага, следствам прызначаныя балістычныя экспертызы прылады злачынства. Уходзе папярэдняга агляду ўстаноўлена, што па знешніх прыкметах гэта дакладная копія пісталета Макарава з унесенымі канструктыўнымі зменамі. Да таго ж устаноўлена, што пісталет заклінавала пры спробе выстраліць.