З відам на ўтульны двор

Зігуля, Нэлі. З відам на ўтульны двор : [падведзены вынікі конкурсу-агляду па добраўпарадкаванню за 2018 год] / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2017. — 13 снежня. — С. 9, 16. — Мясцовае самакіраванне.

Карэспандэнт «МС» высвятляла сакрэты добраўпарадкавання магілёўскіх дворыкаў

У Магілёўскім гарсавеце нядаўна дэпутаты вызначаліся з найлепшымі дварамі і пад’ездамі ў межах агляду-конкурсу па добраўпарадкаванні за гэты год. Спрэчкі вяліся не абы якія. Шмат добрых слоў прагучала ў адрас агульнага дворыка для дамоў 23, 25, 27 па вуліцы Якубоўскага. Ён стаў адным з прэтэндэнтаў на прызавое месца. Тут, адзначалі народныя абраннікі, вельмі добра выкарыстоўваецца і адміністрацыйны рэсурс, і работа з насельніцтвам.

Стала цікава, ці сапраўды там так добра, як расказваюць, — вырашыла схадзіць паглядзець.

ПРЫГАЖОСЦЬ СВАІМІ РУКАМІ 

Яшчэ здалёк убачыла маляўнічую пляцоўку з сучасным гульнявым абсталяваннем і некалькі маладых жанчын з дзецьмі. Пазнаёміліся бліжэй: Каця, Наташа і дзяўчына з прыгожым прыбалтыйскім імем Легіта. Усе яны з суседніх дамоў, а Легіта нават з суседняй вуліцы. Пакуль малыя гуляюць, гутарым пра ўтульныя двары. Мікрараёну Мір-2, лічаць яны, пашчасціла. Хай такая прыгажосць і не ў кожным двары, але ж у радыусе дасягальнасці. Дзецям тут сапраўды цікава — прасторныя пляцоўкі, сучаснае абсталяванне, казачныя героі.

Маргарыта ЦІТОВАПарадак на тэрыторыі падтрымлівае ЖЭУ №6. Яго начальнік Маргарыта Цітова, дарэчы, сама дэпутат гарсавета, а па сумяшчальніцтве намеснік старшыні Савета тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання мікразоны №6. У гэтым ЖЭУ Маргарыта Аляксееўна працуе ўжо 14 гадоў, ведае тут кожнае дрэўца. Прызнаецца, што багаты вопыт дае ёй магчымасць аператыўна вырашаць усе пытанні.

— Час нялёгкі, фінансаванне адпаведнае, таму прыходзіцца ісці ў народ, — канстатуе яна. — Размаўляем, праводзім сходы, каб прыцягнуць насельніцтва да добраўпарадкавання двароў, рамонту пад’ездаў. Сёлета вясной правялі сход і сумесна з жыхарамі дамоў 23, 25, 27 прынялі рашэнне зрабіць у двары перамены. Ён быў шэры і няўтульны, усё дзіцячае абсталяванне старое і разламанае. Мы яго дэманціравалі і зрабілі новае. Жыльцы за свой кошт набылі будматэрыялы, а наш спецыяліст Аляксей Дамарадаў, мастацкі талент якога раскрыла работа ў нас, зрабіў цудоўныя скульптуры. Вясной падчас суботніка пасадзілі бярозавую алею, жыхары самі прывезлі бярозкі. Прыгожа атрымалася. Дзеці дапамагалі размалёўваць дэкаратыўныя фігуркі. Працы было шмат, але з дапамогай жыхароў за дзень справіліся. І 1 чэрвеня на Дзень абароны дзяцей урачыста адкрылі абноўлены двор у прысутнасці дэпутатаў і мясцовага кіраўніцтва. Паўгода прайшло, а дворык наш стаіць і ніхто нічога не псуе. Праўду кажуць: тое, што зроблена сваімі рукамі, болей цэніцца.

БЫЛО ТАК, ШТО ХАЦЕЛАСЯ ПЛАКАЦЬ

У мікрараёне гэта не адзіны выпадак, калі насельніцтва супрацоўнічае з камунальнікамі. Начальнік ЖЭУ ўспамінае, як аднойчы да яе прыйшлі пажылыя людзі і папрасілі на пляцоў цы па вуліцы Якубоўскага, 33 зрабіць лаўкі. І зноў жыхары падставілі сваё плячо. З іх дапамогай тут не толькі 16 садовых лавак зрабілі, а наогул, як цяпер жартуюць, цэлую Белавежскую пушчу. Будматэрыяламі цалкам забяспечыла насельніцтва. Кожны прыносіў, што мог, для лавак са сваіх гаражоў, работнікі ЖЭУ іх «зварылі» і атрымалася няблага.

— У нас жа рабіць дабро не было з чаго, а тут агульнымі сіламі пастараліся, — кажа начальнік ЖЭУ. — Наш Дамарадаў зрабіў зубра, сямейства кабаноў, аленяў, лася. Мужчыны павыходзілі з дамоў, дапамагалі капаць, устанаўліваць скульптуры. У нас у ЖЭУ ўсяго шэсць рабочых, мы адны не справіліся б. А так за дзень усё зрабілі. Цяпер там цудоўная зона адпачынку. І пажылыя сядзяць, і матулі з каляскамі гуляюць. Асабліва радуе, што моладзь ахвотна падтрымлівае нашы пачынанні. Вясной жыхары аднаго двара збіраюцца купіць дзецям пластмасавы комплекс для гульняў за кошт сваіх сродкаў. Усе хочуць, каб было прыгожа.

Асаблівага сакрэту, як заахвоціць людзей, тут няма. Маргарыта Цітова лічыць, проста трэба часцей з імі сустракацца. І тут вялікую ролю іграе савет тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання. Адзін актыўны чалавек гэта, магчыма, і не пацягнуў бы, а калі іх некалькі — зусім іншая справа.

«Раз на месяц наш савет збіраецца для разгляду праблемных сем’яў і грамадзян, а заадно абмяркоўваем стан двароў і пад’ездаў, — кажа мая суразмоўніца. — У канцы года распрацоўваем план дзеянняў на наступны. Старшыні дамкамаў дапамагаюць мабілізаваць народ і ўцягнуць яго ў грамадскую дзейнасць».

Маргарыта Цітова прызнаецца, што калі толькі прыйшла працаваць у гэта ЖЭУ, нават баялася вечарам хадзіць па мікрараёне. Дрэвы, кусты разрасліся так, што месцамі ствараўся зараснік… Часткова парадак тут паспелі навесці яшчэ да выхаду ў свет новага Жыллёвага кодэкса, які забараніў абнаўляць дваровыя тэрыторыі за кошт адлічэнняў жыхароў на капрамонт — цяпер гэты артыкул цалкам фінансуецца з бюджэту, але грошай, як вядома, не хапае.

— Зараз усё залежыць ад саміх жыхароў, — кажа Маргарыта Аляксееўна. — Як толькі наша каманда сфарміравалася, мы пайшлі ў народ, пачалі разам працаваць і наводзіць парадак. Сёння мікрараён лічыцца адным з найлепшых. Таму і ўзнагарод шмат. І за самы лепшы двор, і за самы лепшы пад’езд — кожны год нешта атрымліваем. Нават месца на сцяне ў маім кабінеце не хапае. Летась наш дамавы камітэт занеслі на раённую Дошку гонару, нават тэлебачанне нас здымала.

ЦЯПЕР ЯШЧЭ І Ў ІНТЭРНЭЦЕ

На тэрыторыі ЖЭУ 25 двароў, 99 дамоў, дзе жыве 15 тысяч жыхароў. «Ёсць, вядома, двары і прасцейшыя, — не хавае дэпутат. — Але ўсе з дзіцячым гульнявым абсталяваннем, пафарбаваныя, усюды кветнікі. Кожны год мы нешта новае ўносім, і закінутых тэрыторый у нас няма.

На жаль, пакуль няма магчымасці вызваліць двары ад транспарту. Мікрараён будаваўся ўтой час, калі машыны былі ў лічаных людзей. Нават пры капрамонце не атрымліваецца пашырыць месцы для парковак. Камунальнікі заклікаюць не загараджваць праезды, але ўсе разумеюць, што трэба ж кудысьці гэты транспарт ставіць. «Калі людзі скардзяцца, што аўто паркуюць проста пад іх вокнамі, звяртаемся да ДАІ, каб устанавілі загараджальныя тумбы, — адзначае начальнік ЖЭУ. — Выразных размежаванняў паміж пешаходнай зонай і праезджай часткай няма, вось аўтаўладальнікі і карыстаюцца гэтым. У нас у раёне тры вялікія аўтастаянкі, але яны пустуюць. Прымусіць карыстацца імі лю дзей не атрымліваецца — ім прасцей кінуць машыну каля дома. Так што невядома, калі машыны знікнуць з нашых двароў».

Сёння Савет тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання №6 смела выкарыстоўвае ў сваёй рабоце сучасныя тэхналогіі. Старшыня СТГС, дырэктар школы №27 Людміла Здорыкава расказвае, што, паколькі большасць школьнIкаў пражывае менавіта на гэтай тэрыторыі і іх бацькі часта заходзяць на сайт школы, вырашылі зрабіць на ім і старонку СТГС.

— Гэта інавацыйны праект, які нам дапамаглі рэалізаваць студэнты, — кажа яна. — Жыхары там могуць выказваць свае прапановы, задаваць пытанні. Ёсць нарматыўна-прававая рубрыка, завочныя экскурсіі, прэзентацыйная справаздача за мінулы год, зваротная сувязь. Супрацоўнічаем таксама з валанцёрамі, разам з імі праводзім дабрачынныя акцыі, наведваем з падарункамі дзяцей з псіхіятрычнай бальніцы, Дом дзіцяці.

Вельмі згуртоўваюць жыхароў агульныя святы двара. ЖЭУ традыцыйна ладзіць асенні кірмаш, свята да 1 верасня, да Дня Перамогі… У іх рамках праходзяць выстаўкі твораў мясцовых талентаў, свае акцыі праводзяць ратавальнікі, ДАІ, запрашаюць вайскоўцаў з іх паходнай кухняй. Апошні раз, калі праводзілі Дзень маці, у госці завіталі фізкультурныя клубы.

— Жыхары прывыклі дапамагаць, мы з імі як адна сем’я, — усміхаецца Маргарыта Цітова. — Напішам на дошках аб’яву«Дапамажыце» — і яны адгукаюцца. Мы самі павінны быць зацікаўлены ў рэалізацыі нейкага праекта, а потым можна ісці з прапановамі да людзей.

Андрэй КІБЛОЎ, генеральны дырэктар Упраўлення каму-нальных прадпрыемстваў г. Магілёва:

— Штогод распрацоўваецца план, дзе адлюстроўваюцца ўсе тэрыторыі горада і тое, што трэба зрабіць — колькі лавак паставіць, колькі метраў пешаходных дарожак адрамантаваць, колькі пасадзіць дрэў, кустоў, кветак. Гэты план друкуецца ў сродках масавай інфармацыі, згодна з ім выконваем работы. Сёлета мы адрамантавалі 35 тысяч квадратных метраў дваровых праездаў — амаль у 2 разы болей, чым летась, 2 тысячы квадратных метраў пешаходных дарожак — улічваючы, што шырыня сярэдняй дарожкі 75 сантыметраў — 1 метр, практычна 2 кіламетры дарожак, пасадзілі разам з жыхарамі каля 1000 дрэў і кустоў. І 5 дваровых тэрыторый сёлета прыводзіліся ў парадак разам з жыхарамі. Сёлета ў Магілёве рэалізуецца цікавы праект, які зробіць дваровыя тэрыторыі яшчэ прывабнейшымі для людзей. Датычыцца ён выключна новабудоўляў. Гэта калі на дваровай тэрыторыі для 4 жылыхдамоў няма стаянак для машын, толькі праезд для спецтэхнікі — хуткай дапамогі, таксі і гэтак далей. Унутры дамоў толькі дзіцячая пляцоўка, а паркоўка знаходзіцца за дамамі.

На лета запланаваны капрамонт трох дваровых тэрыторый за кошт бюджэту. Там будуць зроблены і праезды, і пешаходныя дарожкі, пастаўлена новае дзіцячае абсталяванне.

Апошняе, што мы цяпер актыўна ўкараняем, — і гэта таксама паляпшае выгляд нашых двароў — гэта ўстаноўка паглыбленых кантэйнераў для збору смецця. У горадзе імі абсталявана ўжо болей за 70 дваровых тэрыторый. Такога пакуль няма нідзе ў краіне. Мы лічым, што гэта вельмі добры варыянт, як зрабіць нашы двары больш утульнымі і прывабнымі. У Магілёве болей за 300 дваровых тэрыторый, і калі і надалей Міністэрства ЖКГ будзе нас падтрымліваць, мы гэтую работу працягнем.

Сяргей ІВАНОЎ, старшыня Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў:

— Саветы тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання займаюцца і прафілактыкай правапарушэнняў, і работай з праблемнымі сем’ямі і адзінокімі грамадзянамі, ветэранамі вайны і гэтак далей. Але добраўпарадкаванне займае вядучае месца. Каб павысіць ролю органаў тэрытарыяльнага самакіравання, мы ў кожны СТГС, а іх у нас 27, увялі дэпутатаў гарсавета. А тры саветы яны ўзначальваюць. Мы прыйшлі да высновы, што цэнтрам грамадскага самакіравання ў мікразоне з’яўляецца школа. Там прасцей за ўсё арганізаваць работу з бацькамі. Адна з нашых дэпутатаў — дырэктар школы, яна ж старшыня СТГС. Праводзім агляды дзейнасці сярод калектыўных і індывідуальных актывістаў. І ўсё вырашаецца адкрыта, у прысутнасці вялікай колькасці дэпутатаў. Кожны свой пункт гледжання адстойвае. Да таго ж мы ў сваім соку не варымся. У 2015 годзе правялі выязное пасяджэнне дэпутатаў нашага і Віцебскага гарсаветаў, знаёміліся з вопытам працы. Развіваемся, знаходзім новыя формы і метады. Галоўнае — бачыць ініцыятыўных людзей і заахвочваць іх маральна і матэрыяльна. У нас ёсць у адным з раёнаў прыватнага сектара вуліца Яраслаўская — там маладзёжны актыў, што асабліва прыемна.

Штомесячна праводзяцца рэйдавыя мерапрыемствы па прыватным сектары, калі ўчастковы, прадстаўнік ЖРЭУ, супрацоўнік МНС, санстанцыі, адміністрацыі горада сумесна кантралююць якасць уборкі каля дамоў. Папярэджанне, прадпісанне, хто не разумее — пратакол, прафілактычная гутарка, — у ход ідуць усе формы і метады.

P.S. Зрабіць свой двор і горад лепшымі можна і з дапамогай мабільнай праграмы «Утульны горад». Яна спампоўваецца бясплатна з сэрвісу play market. Магілёўскія камунальнікі прапанавалі сёлета такую форму супрацоўніцтва з насельніцтвам, каб зрабіць горад яшчэ ўтульнейшым і прыгажэйшым.

1 3

Нэлі ЗІГУЛЯ.
zigulya@zviazda.by