Бачкарова, Юлія. Загадка, якую трэба разгадаць / Юлія Бачкарова // Настаўніцкая газета. — 2017. — 12 снежня. — С. 11.
Пра Аляксандра Пятровіча Пруднікава ў Беларуска-Расійскім ўніверсітэце адгукаюцца з вялікай павагай. Таленавіты, захоплены сваёй справай, адказны, перспектыўны… У свае ледзь за 30 ён ужо кандыдат тэхнічных навук і загадчык кафедры “Асновы праектавання машын”. Не сышоў у бізнес і не з’ехаў за мяжу, хаця мог бы, а застаўся верны сваёй альма-матар.
— Пары, кансультацыі, навуковая работа — кожны працоўны дзень не падобны на папярэдні, — расказвае Аляксандр Пруднікаў. — Ва ўніверсітэце ты свабодны ў выбары кірунку даследавання і не загнаны ў жорсткія рамкі паняццем “прыбытак”, што з’яўляецца прыярытэтным на любой вытворчасці. Вучоны не заўсёды можа прадбачыць, прынясе яго ідэя практычны вынік ці не. Тым не менш гэта вопыт, які дазваляе рухацца далей. Ва ўніверсітэце для навукоўца створаны ўсе ўмовы — аж да набыцця неабходнага абсталявання. Такая падтрымка натхняе.
Навукай Аляксандр Пятровіч пачаў цікавіцца з першых курсаў: падчас вучобы была магчымасць працаваць ва ўніверсітэцкай лабараторыі. Менавіта тут студэнт Пруднікаў стаў задумвацца пра тое, “як гэта зроблена” і “якая сіла прымушае гэта працаваць”. Навука яшчэ ў студэнцкія гады стала для яго загадкай, якую ён з невычэрпнай цікавасцю разгадвае да гэтага часу.
— Навуковая дзейнасць — гэта пастаяннае назапашванне вопыту, як станоўчага, так і адмоўнага, — упэўнены суразмоўнік. — Гэта карпатлівая, мэтанакіраваная праца на дасягненне выніку,
якую можна параўнаць са збіраннем LEGO. Бывае, ты захоплена ствараеш нейкую мадэль, але ў выніку разумееш, што яна непрацаздольная. Уся канструкцыя разбураецца, аднак асобны элемент, які атрымаўся лепш за ўсё, захоўваецца (раптам яшчэ спатрэбіцца). І праўда, праз некаторы час ён ідэальна дапаўняе новую канструкцыю. Менавіта таму на першых этапах навуковай дзейнасці да 90% звышразумных ідэй адбракоўваецца. З часам колькасць праколаў істотна зніжаецца.
Разам са сваім навуковым кіраўніком прафесарам Міхаілам Яўгенавічам Лусцянковым Аляксандр Пруднікаў распрацоўвае механізмы, якія выкарыстоўваюць целы качэння для перадачы нагрузкі. Іх адрозніваюць малыя габарыты і высокая нагрузачная здольнасць.
— Самы просты прыклад — балонны ключ для аўтамабіля, прызначаны для адкручвання колаў, — тлумачыць суразмоўнік. — Гэта зручна ў экстранных сітуацыях, калі вялікая машына, напрыклад, грузавік, ламаецца ў дарозе. Вядома, ёсць нямецкія ключы, аднак іх кошт перавышае тысячу долараў. Наша распрацоўка пры тым жа ўзроўні якасці каштуе ў разы танней. Перспектыўнай сферай прымянення згаданых механізмаў з’яўляецца буравая тэхніка для нафтаздабычы і робататэхніка.
Юлія БАЧКАРОВА.
Фота аўтара