Адзіны дзень роднай мовы

Шэпелева, Ганна. Адзіны дзень роднай мовы : [дні роднай мовы ў СШ № 19 Магілёва] / Ганна Шэпелева // Настаўніцкая газета. — 2017. — 16 снежня. — С. 18.

Работа па папулярызацыі і пашырэнні сферы ўжывання беларускай мовы ў нашай установе адукацыі вядзецца з 2010 года, мае сістэмны характар і ахоплівае ўсіх педагагічных работнікаў, вучняў першай, другой і трэцяй ступеняў навучання, а таксама іх бацькоў.

За гэты перыяд у школе склалася пэўная мадэль арганізацыі і правядзення класных і пазакласных мерапрыемстваў, таму ініцыятыва Магілёўскага гарвыканкама зрабіць кожны чацвер адзіным днём маўлення на беларускай мове была прынята намі як яшчэ адна магчымасць штотыднёвай сустрэчы з роднай мовай — асноўным культурным здабыткам беларускага народа. Але абмежавацца толькі тым, каб размаўляць па-беларуску, мы не маглі, бо хацелася кожны беларускамоўны дзень ператварыць для дзяцей у сапраўднае свята, натхніць іх на вывучэнне беларускай  мовы, запаліць у сэрцах агонь дабрыні, спагады і духоўнасці.

З гэтай мэтай у пачатку навучальнага года адбыўся сумесны арганізацыйны сход настаўнікаў, на якім мы распрацавалі падыходы да правядзення адзінага дня маўлення на беларускай мове. Усе мерапрыемствы, запланаваныя на гэты дзень, размеркавалі паміж класнымі калектывамі і падпарадкавалі пэўнай тэматыцы. Каб работа мела сістэму, вучэбныя чвэрці атрымалі свае агульныя назвы.

Першая чвэрць, у ходзе якой вучні пазнаёміліся з фальклорнай спадчынай народа, атрыіиала назву “Беларускія абрады, святы, традыцыі”. Напрыклад, калі для вучняў 1-х класаў праводзіліся гульнявыя праграмы “Я і мае сваякі”, “Запрашаем на дзень нараджэння” “Прыказкі і прымаўкі — залацінкі параднай мудрасці” то для вучняў 3 або 4 класа — святы, інсцэніроўкі: “А мы масленку чакалі”; “Калядкі, бліны ды аладкі».

Другая чвэрць атрымала назву “Знакамітыя імёны Беларусі”. Мэтай мерапрыемстваў гэтай чвэрці стала пазнаёміць вучняў з дзеячамі культуры — паэтамі, пісьменнікамі, музыкантамі, мастакамі, у тым ліку з тымі, хто нарадзіўся на магілёўскай зямлі. Напрыклад, “Ефрасіння Полацкая — беларуская святая і заступніца”, “Ф.Скарына — першадрукар», “Нязгасная зорка Багдановіча“, «Купала і Колас -дзве зоркі беларускай літаратуры”, “Аркадзь Куляшоў — наш славуты зямляк”. Усе мерапрыемствы разнастайныя і ўлічваюць узроставыя асаблівасці вучняў.

Формы работы ў трэцяй чвэрці прысвечаны тэме “Беларусюя гарады і помнікі культуры». Гэта вочныя і завочныя падарожжы па краіне, знаёмства з архітэктурнымі помнікамі Мінска і абласных цэнтраў і з гістарычнымі падзеямі, звязанымі з імі: «Вандруем па Беларусі з Дзедам-Барадзедам”, “Брэсцкая крэпасць-герой», “Мінск — сталіца маёй Радзімы». Шэраг мерапрыемстваў прайшоў і яшчэ адбудзецца пад агульным дэвізам “Любімаму гораду прысвячаецца’. Пры падтрымцы бацькоў і з іх непасрэдным удзелам наладжваюцца паездкі і пешаходныя экскурсіі па Магілёве.

У чацвёртай чвэрці мерапрыемствы арганізоўваюцца пад агульнай назвай «Лепшы знаўца роднай мовы” і накіраваны на выяўленне і развіццё творчых здольнасцей вучняў, а таксама падагульненне ўсяго пачутага і пазнанага на працягу навучальнага года. Гэта лінгвістычныя спаборніцтвы, віктарыны, конкурсы юных пісьменнікаў і чытачоў мастацкіх твораў «Проба пяра» «Ліст сябру», фотавыставы “Краіна мая сінявокая”, выставы малюнкаў.

Тэматычнае адзінства мерапрыемстваў, іх размеркаванне па чвэрцях дазволіла не толькі сістэматызаваць работу, але і вырашыць задачу пашырзння ведаў вучняў у галіне фальклору, літаратуры, гісторыі, архітэктуры роднага краю. Акрамя гэтага, у адзіны дзень маўлення было прынята рашэнне не толькі размаўляць па-беларуску, але і ўсе аб’явы і інфармацыйныя матэрыялы на стэндах даваць на беларускай мове. Нават меню ў школьнай сталоўцы — на роднай мове.

Адзіны дзень роднай мовы ладзіцца і падчас школьных канікул пры арганізацыі работы школьнага аздараўленчага лагера Запланаваныя на чацвер бацькоўскія сходы таксама праводзяцца на тэмы, якія пашыраюць і ўдасканальваюць веды дарослых пра беларускія традыцыі і культуру. Работа з бацькамі ў нашай установе адукацыі мае не толькі інфармацыйны характар. Бацькі актыўныя ўдзельнікі ўсіх мерапрыемстваў.

Актыўна ўключыліся ў работу па правядзенні адзіных дзён маўлення на беларускай мове школьныя бібліятэкары. Вучням прапануюцца выставы: “Чытаем па-беларуску”, “Які ж гэта цуд слова, мова твая!”, “500 гадоў беларускай друкаванай кнізе”, “Для тых, хто любіць літаратуру і любіць яе па-беларуску”. Кожны чацвер бібліятэка становіцца месцам, дзе можна паглядзець анімацыйныя фільмы на беларускай мове, паслухаць вершы, казкі, паўдзельнічаць у творчых праектах і акцыях.

Да сістэмы тэматычных мерапрыемстваў у адзіны дзень маўлення падключыліся паступова і выхавальнікі груп прадоўжанага дня. Тэматычныя заняткі ў гэты дзень таксама праводзяцца на беларускай мове. У групе прадоўжанагадня арганізавана работа відэасалона з беларускамоўнымі анімацыйнымі фільмамі. Сабрана значная калекцыя фільмаў-экранізацый твораў рускіх класікаў, перакладзеных на беларускую мову.

Пашыраць уяўленне пра родны край вучням дапамагаюць спецыяльна арганізаваныя беларускія куткі, дзе прадстаўлены лялькі ў беларускім адзенні, вырабы народных майстроў, прылады працы, а таксама дапаможнікі і слоўнікі. У нашай установе адукацыі працуюць творчыя, апантаныя працай настаўнікі, якія могуць выклікаць здзіўленне, зацікаўленасць вучняў. Імі створаны этнаграфічныя і гістарычныя міні-экспазіцыі, а таксама працуе выстава “Магілёў, якога няма», дзе прадстаўлены макеты вырабаў драўлянага дойлідства. Экскурсіі на гэтых выставах праводзяць настаўнікі і вучні старшых класаў.

Ганна ШЭПЕЛЕВА.
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
сярэдняй школы № 19 Магілёва.