Маркава, Святлана. Чыстай вады перамога : унікальны прыбор, створаны юнаком з Магілёва, удастоены прызнання на міжнародным конкурсе у Стакгольме / Святлана Маркава // Беларусь. — 2017. — № 11. — С. 25.
Унікальны прыбор, створаны школьнікам з Магілёва, удастоены прызнання на міжнародным конкурсе ў Стакгольме.
Як хутка і дакладна вызначыць якасць вады? Гэта пытанне хвалюе многіх. Задумаўся над ім і вучань магілёўскай СШ № 18 Данііл Шаройкін. I зрабіў сур’ёзны крок наперад у справе вызначэння канцэнтрацыі нітратаў-іонаў у паверхневых і грунтавых водах: стварыў дзеля такіх мэт унікальны прыбор. Работа атрымала высокую адзнаку ў нашай краіне. А нядаўна была ўдастоена прызнання на міжнародным конкурсе Stockholm Junior Water Prize 2017, які праходзіў у сталіцы Швецыі. Каб выразна прадставіць сваю распрацоўку і адказаць на ўсе пытанні строгага журы, падлетак дасканала вывучыў і англійскую мову. Сапернікі, прызнаў Данііл, былі сур’ёзныя:
— Усяго ў конкурсе бралі ўдзел 68 студэнтаў і школьнікаў з 34 краін свету ва ўзросце ад пятнаццаці да дваццаці гадоў.
Вядомыя навукоўцы адзначылі надзённасць адкрыцця беларускага школьніка. А яшчэ — практычнасць распрацоўкі, якую можна выкарыстоўваць у прамысловасці. Да гэтай знакавай падзеі таленавіты падлетак ішоў больш года. У пошуку вырашэння пастаўленай задачы яму дапамагалі Кацярына Капралава, якая выкладае хімію, і біёлаг Наталля Елісеева:
— Доследы ставілі не толькі ў лабараторыі нашай школы. Калі была неабходнасць, звярталіся па дазвол скарыстаць дзеля гэтага магчымасці магілёўскіх універсітэтаў — дзяржаўнага імя Куляшова і харчавання.
Шаройкін, не скрываюць выкладчыкі, — юнак не толькі таленавіты, але і ў самым лепшым сэнсе гэтага слова ўпарты. Калі трэба, працаваць можа цэлымі днямі. Таму і вынік ёсць. Дарэчы, асаблівых матэрыяльных затрат прыбор не запатрабаваў. Знешне ён наогул уяўляе сабой… устаўленыя адна ў адну шклянкі з-пад кавы. Аднак іх «начынка» мае навуковую аснову. Сама сістэма дазваляе не толькі аналізаваць састаў вады, але і перадаваць дадзеныя на камп’ютар. Школьнік ужо падаў заяву ў Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці для атрымання патэнта. Ён плануе прадоўжыць работы ў гэтым кірунку і надалей. Падчас паездкі ў Стакгольм, прызнаўся, яго ўразіла многае. У першую чаргу, вядома, прыём у караля Швецыі.
— Дарэчы, міжнароднае прызнанне практычнай навуковай работы Шаройкіна не адзінае яго дасягненне. Дзесяцікласнік — саліст знакамітага магілёўскага тэатра-студыі «Радуга». Як актывіст і выдатнік вучобы ў гэтым годзс ён прадстаўляў Магілёў і на сустрэчы навучэнцаў краіны з Прэзідэнтам «Моладзь. Погляд у будучае». Гэты шчыры і адкрыты дыялог, прызнаўся, стаў яшчэ адным імпульсам у вучобе, творчасці і навуковых пошуках.
Святлана МАРКАВА