Магілёў у кантакце.by

Марціновіч, Д. Магілёў у кантакце.by / Д. Марціновіч // Літаратура і мастацтва. 2013. — 19 красавіка. — С. 13.

Восьмы раз у горадзе прайшоў Міжнародны маладзёжны тэатральны форум «Mарт.кантакт», арганізатарамі якога традыцыйна выступілі Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт, упраўленне культуры аблвыканкама, а таксама Магілёўскі абласны драматычны тэатр.

ФАРМАТ І ПРАВІЛЫ ГУЛЬНІ

Для гледачоў форум пачынаў сваю працу вечарам кожнага дня, калі на дзвюх з трох пляцовак (драматычны тэатр, тэатр лялек і канцэртная зала «Магілёў») паказваліся дзве ці тры пастаноўкі (сёлета гледачы ўбачылі калектывы з Беларусі, Арменіі, Літвы, Латвіі, Малдовы, Польшчы, Расіі і Украіны). Прычым, паказы ішлі не паралельна, а паслядоўна, таму можна было пабачыць усе імпрэзы. Раніцай наступнага дня ў тэатральнай кавярні група крытыкаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы і Польшчы у прысутнасці акцёраў і журналістаў «разбірала» спектакль. Пры жаданні да дыскусій далучалася міжнароднае журы на чале з Валерыем Анісенкам, дырэктарам-мастацкім кіраўніком Нацыянальнага драматычнага тэатра імя Я. Коласа. У другой палове дня ў Гарадскім цэнтры культуры і адпачынку праводзіліся чыткі, у якіх былі занятыя акцёры Магілёўскага драматычнага тэатра. Сёлета такім чынам былі прэзентаваны п’есы «Ціхі шорах адыходзячых крокаў» Дзмітрыя Багаслаўскага, «Двое бедных румынаў, якія размаўляюць па-польску» Дароты Маслоўскай і «Вій» Наталлі Варажбіт. Таксама прайшоў «круглы стол» «Сучасная драматургія: погляд маладога рэжысёра». Нарэшце, бліжэй да вечара пачыналіся новыя паказы. 14 спектакляў за 7 дзён… Паспрабуем разабрацца ва ўражаннях.

ЛЕПШАЕ

Гран-пры справядліва атрымаў «Гамлет» Магілёўскага тэатра лялек. Рэжысёр Ігар Казакоў ажыццявіў амаль немагчымае: удосталь паіранізаваў з класікі і яе ўспрымання гледачом (напрыклад, Гамлет апранаецца ў касцюм героя коміксаў пра амерыканскага супермена), вытрымаў заяўлены жанр «трагіфаршу» і адначасова захаваў глыбіню шэкспіраўскага тэксту. На думку крытыкаў, І.  Казакоў паставіў спектакль-маніфест, у якім увасобіў ідэі свайго пакалення і вывеў на сцэну героя новага тыпу — інфантыла. Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы імя Ленінскага камсамола Беларусі прывёз у Магілёў спектакль «Над прорваю ў жыце». Рэжысёр Цімафей Ільеўскі вызначыў жанр пастаноўкі як «гісторыя сталення ў стылі рок-н-рол» і вытрымаў аўтарскую стылістыку на працягу ўсяго дзеяння. Спектаклю былі ўласцівы і дзве ключавыя характарыстыкі рок-н-рола: дакладны рытм і раскаванасць дзеяння. Высокаму ўзроўню паспрыялі таксама цудоўная рэжысёрская інсцэніроўка рамана Сэлінджэра, поўная адстутнасць маралізатарства, выдатная ігра Анатоля Бараннікава (выканаўцы галоўнай ролі Холдэна), адзначанага дыпломам «Лепшы малады акцёр», а таксама арыгінальная сцэнаграфія Васіля Бурдзіна, якая ўяўляла канструкцыі з кардонных скрыняў. «Палёт над горадам» Армянскага дзяржаўнага тэатра лялек імя Аванеса Туманяна прынёс Нарынэ Грыгаран (рэжысёру і выканаўцы галоўнай ролі) дыплом «За арыгінальнасць сцэнічнай мовы». Спектакль атрымаўся дастаткова кантрасным. Першая частка ўвасабляла паэтычны свет сляпой дзяўчыны, якая чакае аперацыі. Тут Н. Грыгаран выступіла наватарам і перадала ўспрыманне гераіняй як навакольнага свету, так і доктара, у якога закаханая, праз уласную сцэнічную мову і арыгінальную тэхніку (яна ў прамым сэнсе ўзлятала над сцэнай). А вось у другой частцы адбылося сутыкненне мар гераіні з побытам і рэальнасцю. Паэтычны свет аказаўся разбураным…

Пастаноўка «Пахаванне Кармэн» польскага тэатра «Бюро падарожжаў» зрабілася першай спробай паказу на форуме вулічнага тэатра: спектакль быў прэзентаваны ля магілёўскай ратушы. Створаны ў 1990-я гады падчас вайны на тэрыторыі былой Югаславіі, ён адлюстроўвае ўсе ўзброеныя канфлікты сучаснасці і іх наступствы. Парадокс, але надзвычай халоднае надвор’е і пранізлівы вецер толькі ўзмацнілі эфект. Складвалася ўражанне, што з’яўляешся сведкам сусветнага апакаліпсісу, дзе амаль аголеныя каты на хадулях б’юць сваіх ахвяр бізунамі, цывільныя асобы вымушаныя стаць салдатамі, а бежанцы ратуюцца ад баявых дзеянняў, а потым вяртаюцца да свайго разбуранага жытла… Мяркую, што эфектны, унутрана цэласны польскі спектакль паспрыяе таму, што ў далейшым на «Март.кантакт» будуць запрашацца іншыя вулічныя калектывы. Пастаноўку «Шоўк», якую ажыццявіў Аляксей Ляляўскі ў Беларускім тэатры лялек, давялося ўбачыць другі раз. У нечым на ўспрыманне паўплывала малая пляцоўка: у Мінску спектакль глядзеўся больш эфектна. Але пэўныя дробязі не адбіліся на агульнай высокай ацэнцы. Элементы спектакля знаходзяцца паміж сабой у поўнай гармоніі. А. Ляляўскі здолеў перадаць вытанчанасць, стыль і ўнутраны тэмпарытм культавага рамана Алесандра Барыка. Арыгінальнай падалася рэжысёрская інтэпрэтацыя твора.

«Шоўк» атрымаўся не пра Японію і Францыю і не пра падарожжы паміж гэтымі краінамі. А пра пачуцці галоўнага героя да сваёй жонкі, пра каханне, якое Эрве Жанкур шукаў па ўсім свеце, але знайшоў надзвычай позна. Наогул, пасля прагляду «Шоўку» можна казаць не пра здабыткі лялечнага ці драматычнага жанру, а пра іх сінтэз.

«ЗАЛАТАЯ СЯРЭДЗІНА»

Моцнае ўздзеянне на гледачоў аказалі спектаклі «залатой сярэдзіны». Магчыма, яны не сталі прарывам, але пакінулі пасля сябе яркае ўражанне.

На адкрыцці форуму санкт-пецярбургскі Дзяржаўны драматычны тэатр «На Ліцейным» паказаў «Рамэа і Джульету». Галоўнай вартасцю спектакля, вырашанага праз гламурны ружовы колер, стала яго сугучча з атмасферай і тэмпам сучаснага жыцця. Прычым, героі паўстаюць няўпэўненымі ў сабе, інфантыльнымі падлеткамі. Арыгінальная задума рэжысёра Галіны Жданавай прынесла ёй дыплом «Лепшая рэжысёрская работа». Але вытрымаць выбраны жанр трагіфарсу і заяўлены тэмпарытм атрымалася не цалкам.

Другім прадстаўніком Паўночнай Пальміры ў Магілёве зрабіўся Тэатр «Прытулак Камедыянта», які прэзентаваў «Варшаўскую мелодыю». Як вядома, дзеянне п’есы Л. Зорына адбываецца ў трох часавых пластах (1947-ы, 1957-ы, 1967-ы). Найбольш натуральна дуэт галоўных герояў выглядаў у першых сцэнах, дзе фактычна іграў саміх сябе. А вось далей іх шляхі разышліся не толькі ў прамым, але і ў пераносным сэнсе. Кацярына Зорына, выканаўца ролі Гелены, змагла перадаць эвалюцыю сваёй гераіні. Гэта заслужана прынесла ёй дыплом «Лепшая маладая актрыса форуму». А вось Павел Ганчароў, які ўвасобіў Віктара, на жаль, застаўся ў 1947-м, што паўплывала на цэласнасць ва ўспрыманні спектакля.

Малдаўскі Дзяржаўны маладзёжны драматычны тэтр «З вуліцы Руж» прадставіў гледачам культавы твор — «Эквус» Пітэра Шэфера, сюжэт якога заснаваны на гісторыі юнака Алана Стрэнга, які асляпіў шасцярых коней («Эквус» быў прызнаны лепшай п’есай свету 1970-х гадоў). На жаль, рэжысёр Юрый Хармелін істотна адаптаваў твор для сцэнічнага прачытання. Напрыклад, скарочана лінія псіхіятра Мартына Дайзерта, што не толькі імкнуўся разабрацца ў жыцці героя, але адначасова лячыў самога сябе. У выніку замест філасофскага спектакля, прысвечанага праблемам моладзі і ўзаемаадносінам паміж індывідуумам і грамадствам, атрымалася крыху побытавая, асабістая гісторыя, якая не мела шырокіх абагульненняў. Зрэшты, знешне «Эквус» выглядаў дастаткова эфектна, а дуэт галоўных герояў пакінуў прыемнае ўражанне. Гаспадар форуму, Магілёўскі абласны драматычны тэатр, паказаў сваю апошнюю прэм’еру — спектакль «Блазан Балакіраў» Рыгора Горына. Праца рэжысёра Валянціны Ераньковай не стала яе безумоўным творчым поспехам. Але парадаваў шэраг годных акцёрскіх работ, напрыклад, Кацярына Ергулевіч (за ролю Кацярыны І была адзначана спецыяльным дыпломам журы «За лепшы дэбют»). Будзем спадзявацца, на наступным «Mарт.кантакце» праца магіляўчан стане адкрыццём форуму. Тым больш, трупа надзвычай годна праявіла сябе падчас чытак.