Аўтамабілям тут не месца

Зігуля, Нэлі. Аўтамабілям тут не месца : у Магілёве рэалізуецца праект «дамоў будучага», які пазбавіць жыхароў ад выхлапных газаў каля пад’езда / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2017. — 5 студзеня — С. 19, 23. — Мясцовае самакіраванне.

Апошнім часам гарадскія двары ўсё часцей нагадваюць бясплатныя стаянкі для машын. Аўто стаяць нават там, дзе па законе іх быць не павінна — ледзь не каля ўваходных дзвярэй. Пілотны праект, які рэалізуецца ў Магілёве, кардынальна мяняе гэта становішча. Паводле яго, агульныя на некалькі дамоў двары стануць выключна зонай адпачынку для дзяцей і дарослых. А вось аўтамабілі прыйдзецца пакідаць па-за дваровай тэрыторыяй — там, дзе для гэтага прадугледжана спецыяльная пляцоўка.

АРЭЛІ, ГОРКІ, СТОЛІКІ…

Адзін з чатырох дамоў па вуліцы Касманаўтаў, пабудаваны па новым праекце, ужо цалкам гатовы. Ён яшчэ не заселены, але сям-там вокны ўжо свецяцца — людзі робяць рамонты. Двор тут кардынальна непадобны на іншыя. Большую частку яго плошчы займае абсталяванне для зусім маленькіх дзяцей, побач зона для больш дарослых, дзе ёсць нават сталы для тэніса. Збоку невялікае поле для рухавых гульняў са спецыяльным пакрыццём. Гэта — гумавая плітка, якая, дарэчы, вырабляецца на тэрыторыі Магілёўшчыны. Сімпатычныя рознакаляровыя квадрацікі не толькі выглядаюць прывабна, але і па адчуваннях, калі ідзеш па іх, нагадваюць дыван. На такім пакрыцці калені не разаб’еш дакладна. Гумавай пліткай вымашчана ўся дваровая тэрыторыя, што робіць прагулку яшчэ больш прыемнай. Дастаткова тут і лавачак для ад пачынку, пасаджаны кусты і дрэвы. Злева ад будынка смеццевая пляцоўка з трыма паўсферычнымі ёмістасцямі — тымі самымі заглыбленымі кантэйнерамі, якія цяпер актыўна ўстанаўліваюць камунальнікі па ўсім Магілёве. Пад’езд для аўто да дома ёсць, але скразны — за ехаў з аднаго боку, зрабіў круг вакол зоны адпачынку і выехаў. Надоўга тут не прыпаркуешся — для гэтага зроблена спецыяльная пляцоўка на некаторай адлегласці ад шматпавярховіка.

Ужо манціруецца гульнявое абсталяванне і ў двары суседняга дома. Жанчына-вартаўнік, даведаўшыся, што па даверанай ёй тэрыторыі ходзіць не зламыснік, а карэспандэнт газеты, ахвотна дзеліцца сваімі меркаваннямі. Прызнаецца, што такі дворык — мара ўсяго яе жыцця. У самім доме кватэры стандартныя, а вось від з акна — усім на зайздрасць.

— Хутка чарговы дом будзе здадзены. Будаўнічыя работы ідуць поўным ходам. Шмат людзей, шмат тэхнікі. Першы дом наогул пабудавалі за нейкія тры месяцы, — адзначае яна.

На вочы трапляе маладая пара, у якой таксама цікаўлюся ўражаннямі.

— Мы спецыяльна выбралі гэты дом, — прызнаецца мужчына. — Кватэра звычайная, а вось дворык цудоўны. Я сам аўтаўладальнік, але зусім не супраць пакідаць машыну з іншага боку дома. Гэта лепш, чым 45 аўто ў двары, прайсці няма як. Вельмі цікавы праект, спадзяюся, што паступова ён будзе распаўсюджвацца па ўсім Магілёве.

ДАМЫ БУДУЧАГА

— Канцэпцыя распрацоўвалася зыходзячы з таго, што сёння трэба глядзець у будучыню, — паведаміў галоўны інжынер Магілёўскага гарадскога ўпраўлення капітальнага будаўніцтва Віталь ШУМЕЙКА. — Дваровыя тэрыторыі павінны быць прызначаны для людзей, а не для тэхнікі. Таму сумесна з архітэктарамі горада і вобласці была распрацавана канцэпцыя двух нашых мікрараёнаў у раёне вуліцы Касманаўтаў, а таксама Стасава і Грышына. Усе аўтастаянкі паводле канцэпцыі вынесены за тэрыторыі дамоў.

Унутры — гульнявыя комплексы для дзяцей, месцы для адпачынку дарослых, спартыўныя пляцоўкі, веласцяжынкі, пешаходныя алеі. Гэта перш за ўсё клопат пра нашу бяспеку, пра нашых дзяцей. Сёння вакол вельмі шмат машын, трэба, каб у дварах такой пагрозы не існавала.

Спецыялісты называюць умовы, якія ствараюцца ў гэтых мікрараёнах, «спрыяльным асяроддзем для пражывання». Ёсць спадзяванні, што такія дворыкі будуць матываваць людзей не сумаваць па сваіх кватэрах, а, як у добрыя старыя часы, выходзіць на вуліцу і разам бавіць час.

— Што датычыцца дамоў па вуліцах Стасава і Грышына,тотам мы наогул размеркавалі зоны такім чынам, каб дзеці розных узростаў знайшлі сабе заняткі па душы, — удакладняе галоўны інжынер. — Напрыклад, дзеці да 6 гадоў будуць гуляць на сваёй тэрыторыі, а дзеці ад 6 да 12 — на сваёй. Плюс невялікія валейбольныя, баскетбольныя, футбольныя пляцоўкі для старэйшых падлеткаў.

Акрамя ўсяго, будаўнікі абяцаюць устанавіць дваровыя трэнажоры, каб жыхары мелі магчымасць бясплатна падтрымліваць фізічную форму.

Прынцыповых адрозненняў у планіроўцы дома не прадугледжана, за выключэннем фасаднай часткі. Яна больш сучасная і прывабная — шкляныя лоджыі, цікавая рознакаляровая афарбоўка. Архітэктары да гэтага аднесліся вельмі адказна. Як-ніяк дамы будучага. У выніку за кошт афарбоўкі атрымаўся такі ЗD-фармат.

ПЕРШЫЯ ПАСЛЯ МІНСКА

Усе дамы па вуліцы Касманаўтаў, кажуць будаўнікі, цалкам будуць уведзены да канца лютага, а добраўпарадкаванне плануецца завяршыць да 30 ліпеня.

У якасці галоўнага падрадчыка выступае Магілёўскі домабудаўнічы камбінат.

— Упершыню прыйшлося адмовіцца ад аўтапарковак унутры двароў, — кажа галоўны інжынер прадпрыемства Уладзімір ПРАКАПЕНКА. — Ідэя даўно лунала ў паветры. Цяпер у дзяцей і дарослых ёсць магчымасць бесперашкодна выходзіць на пляцоўкі для гульні і адпачынку. Няма транспартнай напружанасці ў дварах, як гэта было раней.

Ініцыятарам ідэі, дарэчы, стаў намеснік міністра архітэктуры і будаўніцтва Дзмітрый СЕМЯНКЕВІЧ, які летась паставіў на ўзроўні краіны пытанне аб стварэнні «спрыяльнага асяроддзя пражывання» ўнутры дваровых тэрыторый падчас новага будаўніцтва. Цэлы квартал падобных дамоў пабудаваны ў Баравой пад Мінскам. Гэта лічыцца ўжо сусветным фарматам, які стварае для чалавека больш камфортныя ўмовы існавання. Паводле гэтага фармату нават самі дамы будуюцца з улікам патрэб жыхароў — з высокімі столямі, байкбоксамі для захавання веласіпедаў, спецыяльнымі пакоямі для мыцця чатырохлапых пасля выгулу на вуліцы. У Магілёве пакуль больш сціплая версія. Тут усе перавагі ў дварах. Затое такі варыянт больш даступны для людзей. Адзін з дамоў па вуліцы Касманаўтаў, дарэчы, прызначаны для шматдзетных сем’яў, якія набываюць жыллё з дзяржпадтрымкай у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 240.

На жаль, не ўсе магілёўскія новабудоўлі абзавядуцца такімі ж дварамі.

— Калі гэта кропкавая забудова, будзем зыходзіць з тых умоў, якія там склаліся, — кажа Уладзімір Пракапенка. — А вось для кварталаў, як па вуліцах Стасава і Грышына, гэта стане першачарговым кірункам.

111 222 444

Нэлі ЗІГУЛЯ.