Команава, Т. Працэс без знака “мінус” : Март.Кантакт-2013 : што Гамлет думае пра нас? / Т. Команава // Культура. — 2013. — 30 сакавіка. — С. 7.
“Март.Кантакт-2013”: што Гамлет думае пра нас?
Без “канфлікту” бацькоў і дзяцей
Адной з прыкмет форуму стала відочная, у параўнанні з мінулымі гадамі, адсутнасць фармальна-сутнаснага творчага “канфлікту” бацькоў і дзяцей: здавалася, што гэтым разам маладых творцаў зусім не хвалявала жаданне супрацьпаставіць сябе традыцыям ды звычкам, якія існавалі ў тэатры да іх з’яўлення. Імкненне ўпісаць свае творчыя пошукі ў агульнакультурны кантэкст — вось тая сістэма каардынат, якая вызначала сістэму каштоўнасных прыярытэтаў у рамках “Март.Кантакту”. Знешне тое выявілася ў тым, што большасць конкурсных спектакляў можна было прылічыць да так званых глядацкіх: пастаноўшчыкі і не хавалі, што для іх надзвычай важны не эксперымент “у сабе”, а менавіта кантакт з глядзельнай залай, з людзьмі, якія заплацілі грошы за білеты…
Зрэшты, фестываль даў магчымасць пазнаёміцца з тым, наколькі па-рознаму маладыя творцы шукаюць свае ўласныя сцяжыны да гэтага кантакту. Прызнаным лідарам глядацкага галасавання стаў спектакль “9 месяцаў/40 тыдняў” маскоўскага “Тэатра.doc” у пастаноўцы Аляксея Кулічкова і Сяргея Шаўчэнкі. Створаны ў тэхніцы “вербацім”, пры якой драматургічная тканіна пастаноўкі складаецца з запісаных маналогаў ды расповедаў рэальных людзей, спектакль звярнуўся да тэмы мацярынства і нараджэння дзяцей. Пры гэтым яго аўтары — маладыя медыйныя асобы, якія шмат здымаюцца ў кіно, серыялах і тэлепраектах, для размовы гэтай абралі жанр, што набліжаецца да тэлевізійнага рэаліці-шоу. І гэтая стылістыка з першых жа момантаў пагружае гледачоў у звыклую для іх, утульную і, так бы мовіць, хатнюю атмасферу ўзаемных стасункаў акцёраў і людзей у зале. Гісторыі, што расказваюць са сцэны мужчыны, якія “прымяраюць” на сябе не столькі вобразы, колькі сітуацыі ды абставіны, з якімі даводзіцца сутыкацца цяжарным жанчынам, не вылучаюцца якой-кольвечы арыгінальнасцю ці адметнасцю, але акурат іх тыповасць і пазнавальнасць забяспечвала не толькі няспынны смех у глядзельнай зале, але і адчуванне “сямейнасці” ва ўсіх, хто быў у гэты вечар у тэатры.
Кантакт пазнавальнасці
Блізкі да гэтага спосаб кантакту, заснаваны на пазнавальнасці, прапанаваў і рыжскі спектакль “Гранёнка”, створаны выпускнікамі Латвійскай акадэміі культуры. Пачынаючы з наўмысна “легкаважнага” пытання, адрасаванага гледачам: “Згадайце, пры якіх абставінах вы апошнім разам ужывалі алкаголь?”, — акцёры ў нязмушанай, даверлівай манеры разыгрываюць перад намі чараду эцюдаў-сцэн-міні-спектакляў, дзе “пляшачка” становіцца не проста забаўным сцэнічным атрыбутам, але і тым фактарам, які выяўляе ўвесь спектр яе “наступстваў”. Ці імкнуцца акцёры данесці да нас сацыяльны месэдж аб шкоднасці алкаголю? Хутчэй, ім важна “зачапіць” нас за тое, што часцяком дзякуючы шкляначцы-другой мы, людзі, імкнёмся пазбавіцца ад неабходнасці прыняцця жыццёвых рашэнняў, стараемся застацца “сацыяльна інфантыльнымі”.
Іншую форму кантакту прапануюць тэатры, якія займаюцца пластычным асваеннем тэатральнай прасторы. Так “Жанчыны Гойі” пецярбургскага тэатра “Атэлье” паспрабавалі візуалізаваць, ажывіць гераінь знакамітага мастака, дазволіць ім паўстаць дакладна з палітры і пражыць свой кавалачак жыцця ў нас навідавоку. А вось армянскі рэжысёр Нарынэ Грыгаран пайшла іншым шляхам: яна абрала задачу стварэння на сцэне… цэлага свету сваёй гераіні, вобразаў, якія перарастаюць сваю выяўленчую прыроду і становяцца для яе нашмат больш рэальнымі, чым сапраўдная рэчаіснасць, з якой дзяўчына сутыкаецца, вылечыўшыся ад слепаты. Рэжысёр і актрыса ў адной асобе, Нарынэ дасканала і філігранна працуе з “прасторавым вымярэннем” свайго спектакля. Пачынаючы ад малюнкава-плоскаснага ўспрыняцця, калі перад намі адбываецца жахлівае “размотванне” малюнка-свету дзяўчыны-гераіні, яна стварае трохвымерную прастору ўяўлення, зацягваючы нас туды, і ў час, калі вобразная рэальнасць сутыкаецца з рэальнасцю “сапраўднай”, ізноў адзіным выратаваннем аказваецца плоскаснасць — прастора “Палёту над горадам” Марка Шагала, што ў які раз у рамках спектакля аказваецца… больш рэальнай і жыццёвай, чым нават самы сапраўдны лімон. Да гэтай жа “пластычнай” кагорты можна з пэўнай доляй умоўнасці аднесці і “Шоўк” Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек. Рэжысёр Аляксей Ляляўскі і мастак Таццяна Нерсісян прапануюць нам адчуць атмасферу сузіральнасці, дазволіць не спяшацца за сюжэтам, а “завісаць” на эмацыйна-няўлоўных перажываннях, чаканнях, жаданнях, фантазіях… героя ці саміх сябе.
“Нямодная”?
“Я не падзяляю драматургію на сучасную і класічную — для мяне існуюць альбо добрыя п’есы, альбо дрэнныя”, — распавёў малады пецярбургскі рэжысёр Віталь Любскі пад час абмеркавання яго пастаноўкі “Варшаўская мелодыя” Л. Зорына. І гэта быў адказ на пытанне адносна таго, чаму ж ён як прадстаўнік сучаснага тэатральнага пакалення звяртаецца да “нямоднай” драматургіі. П’еса як магчымасць стварыць тэатральны вобраз, паказаць і пражыць на сцэне біяграфію героя, ягоны лёс, адчуць паўнату перажыванняў — вось тая “нямодная” плоскасць, якую, між іншым, сучасны тэатр таксама намагаецца вярнуць у тэатральны ўжытак. Гэтым у конкурснай праграме адзначылася і “Варшаўская мелодыя”, і малдаўскі спектакль “Эквус” па п’есе П. Шэфера, які прапанаваў нам практыку… сцэнічнага псіхааналізу.
Яшчэ адзін “кантактны” шлях, перспектывы якога нельга недаацэньваць, — дакладна зададзеная, актыўная і часам нават дамінуючая візуальная структура спектакля. Гэта і “Блазан Балакіраў, або Прыдворная камедыя” Р. Горына магіляўчан, і “Над прорваю ў жыце” Д.Сэлінджара брэсцкіх акцёраў, і, у пэўнай ступені, чарнігаўскі “Наш гарадок” Т. Уайлдара. Але калі ў выпадку з чарнігаўскай работай, дзе гэтая “актыўнасць прасторы” вызначалася за кошт знарочыстага яе адмежавання ад нас, гледачоў, або ў магілёўскай пастаноўцы, у якой касцюмна-сцэнаграфічная стракатасць станавілася самастойным “спектаклем”, пастаноўка “Над прорваю ў жыце” рэжысёра Цімафея Ільеўскага ўдалым чынам прадэманстравала, што знойдзены баланс паміж зададзенай рок-н-рольнай “схемай” існавання акцёраў і дакладна ж выбудаванай унутранай лініяй герояў могуць прыносіць рэальны плён — у выглядзе гарачага, жывога кантакту з залай.
Самы маладзёжны…
Цікава зазначыць, што ці не самым маладзёжным аўтарам сёлетняга форуму стаў… Уільям Шэкспір: ажно дзве пастаноўкі па яго творах былі прадстаўлены ў конкурснай праграме і абедзве аказаліся адзначаны высокімі фестывальнымі ўзнагародамі. Найперш таму, што Галіна Жданава, пастаноўшчык спектакля “Рамэа і Джульета”, і Ігар Казакоў, рэжысёр спектакля “Гамлет”, падышлі да спадчыны знакамітага драматурга з пазіцый творцы-сучасніка. Чым і кім з’яўляюцца героі Шэкспіра ў вачах нас, людзей ХХІ стагоддзя? Якімі рысамі маглі б валодаць гэтыя персанажы, каб яны жылі сёння? Ды і, зрэшты, як трансфармаваліся праз стагоддзі базавыя для Шэкспіра паняцці: каханне, вернасць, справядлівасць і г. д.?
Галіна Жданава пайшла шляхам змяшчэння шэкспіраўскага сюжэта ў гламурызавана-знарочыстае асяроддзе татальнага падлеткавага інфантылізму, дзе ніводзін з герояў, а не толькі Рамэа і Джульетта, не здольны разабрацца ў сваіх пачуццях і эмоцыях, у тым, з чым яны сутыкаюцца насамрэч, і што ў акаляючым іх жыцці мае каштоўнасць, а што — кошт.
А вось Ігар Казакоў, які сёлета стаў бясспрэчным лідарам форуму, скіраваў увагу ў бок аналізу таго, як эвалюцыянаваў праз стагоддзі архетып Гамлета. Мы, гледачы, прыходзячы на чарговую пастаноўку паводле класічнага твора, немінуча задаёмся пытаннем: “Чаго нам чакаць ад гэтага чарговага “новага” прачытання?”. А вось Казакоў прапаноўвае іншы ракурс: “А што з пазіцый ХХІ стагоддзя сам шэкспіраўскі Гамлет думае пра нас?..”
Нельга абысці ўвагай і не менш традыцыйную для “Март.Кантакту” Майстэрню маладой рэжысуры. Сёлета фармат чытак набыў шырокую аўдыторыю: перамясціўшыся з Малой сцэны тэатра ў залу Гарадскога цэнтра культуры і вольнага часу, ён прыцягнуў да сябе студэнтаў, педагогаў ды іншых цікаўных, якія пасля кожнай чыткі дзяліліся ўражаннямі, так што часам абмеркаванні нагадвалі інтэлектуальныя баталіі. І новы фармат пацвердзіў: маладыя рэжысёры, атрымаўшы “творчую прастору” (ім цяпер не патрэбна было ні рабіць 20-хвілінныя “сінопсісы” з п’ес, ні шукаць драматургічны “кароткі метр”), далі глебу для размоў пра тое, чым можа быць цікавая сучасная драматургія акурат у сцэнічным праламленні маладой рэжысуры.
Дыскусійная пляцоўка, што традыцыйна таксама з’яўляецца брэндам “Март.Кантакту”, дала багатую спажыву найперш для асэнсавання тых працэсаў, якія адбываюцца сёння ў беларускім тэатры. І, што прыемна адзначыць, далёка не ўсе з гэтых працэсаў са знакам “мінус”. Прынамсі, сёлетняе лідарства айчынных тэатраў у міжнароднай праграме “Март.Кантакту” — яскравае таму пацвярджэнне.