Захопленыя абранай справай

Сінькевіч, Ганна. Захопленыя абранай справай : [вынікі рэгіянальнага этапу Нацыянальнага чэмпіянату прафесійнага майстэрства WorldSkills] / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2018. — 19 красавіка. — С. 4.

— Канкурсанты спаборнічалі ў трынаццаці кампетэнцыях: “Праграмныя рашэнні для бізнесу”, “Вэб-дызайн і распрацоўка”, “Зварачныя тэхналогіі”, “Цырульніцкае мастацтва”, “Дашкольная адукацыя”, “Абліцоўка пліткай”, “Цагляная кладка”, “Сухое будаўніцтва і тынковачныя работы”, “Эксплуатацыя сельскагаспадарчых машын”, “Электрамантаж”, “Такарныя і фрэзерныя работы на станках з ПК”, “Кулінарнае мастацтва”. Майстэрства ўдзельнікаў ацэньвалі спецыяльна запрошаныя эксперты — аўтарытэтныя спецыялісты ў сваіх сферах, — расказала начальнік аддзела вучэбна-метадычнага цэнтра прафесійнай адукацыі МДАІРА Марына Козырава.

Удзельнікі паказалі добрую падрыхтоўку. Між тым заданні ў кожнай кампетэнцыі адпавядалі сусветным стандартам і выконваліся ў рэжыме рэальнага часу. Так, цырульнікам трэба было зрабіць мадэлям прычоску і стрыжку. Кухары падчас гатавання страў дэманстравалі свой аўтарскі погляд на сучасную беларускую кухню. Зваршчыкі рабілі дэталі рознымі відамі зваркі, муляры выконвалі канструкцыю дэкаратыўна-рэльефнай кладкі, абліцоўшчыкі паказвалі свае ўменні абліцоўваць вертыкальныя і гарызантальныя паверхні, тынкоўшчыкі шпаклявалі конкурсную канструкцыю, электраманцёры праводзілі мантаж рэальнай электраўстаноўкі, будучыя выхавальнікі дэманстравалі па чатырох тэматычных модулях навыкі ўзаемадзеяння з малышамі і іх бацькамі.

— Усе канкурсанты захоплены абранай справай. Яны паказалі цвёрдыя тэарэтычныя веды асноў сваёй прафесіі, высокі ўзровень практычнага майстэрства, — адзначыла Марына Мікалаеўна.

Рабочую спецыяльнасць канкурсанты сапраўды выбіралі не проста так, а з мэтай рэалізацыі сябе.

— Мне заўсёды падабалася ствараць розныя прычоскі, рабіць людзей прыгожымі, таму набываць прафесію цырульніка вырашыў свядома. У спаборніцтвах WorldSkills удзельнічаю не ўпершыню. Гэта вельмі цікавы і патрэбны конкурс. Мне ён дапамагае праверыць свае прафесійныя навыкі, паказаць веды і ўменні, — расказаў навучэнец Магілёўскага дзяржаўнага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа Сяргей Сігорскі.

— У мяне бацька электрык, я вырашыў працягнуць дынастыю. Зараз прафесія захапіла. А ўдзел у чэмпіянаце WorldSkills яшчэ больш пераканаў у тым, што я на правільным шляху. Шмат карыснага далі спаборніцтвы ў і плане прафесійнага самаразвіцця, — падзяліўся навучэнец Магілёўскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа Вячаслаў Мінін.
Навучэнка сацыяльна-гуманітарнага каледжа МДУ імя Аркадзя Куляшова Настасся Мальцава падчас спаборніцтваў чарговы раз упэўнілася, што менавіта прафесія выхавальніка — яе жыццёвае прызванне.

— Разам з педагогамі мы старанна рыхтаваліся да ўдзелу, я набыла шмат новых прафесійных ведаў. Увогуле, конкурс дазволіў значна пашырыць свой кругагляд, узмацніў імкненне пазнаваць і прымяняць новае ў прафесіі, — паведаміла дзяўчына.

Адметна, што конкурсы прафесійнага майстэрства сярод навучэнцаў праводзіліся ў вобласці і раней. Але менавіта рух WorldSkills дазволіў вывесці гэтую работу на новы ўзровень. Ва ўдзеле ў спаборніцтвах зацікаўлены і навучэнцы, і ўстановы адукацыі. Для маладых людзей згаданы чэмпіянат — магчымасць адшліфаваць прафесійныя навыкі і веды, для навучальных устаноў — убачыць, у якім кірунку ўдасканальваць навучанне.

— Спаборніцтвы WorldSkills сталі важным этапам у сістэме падрыхтоўкі рабочых кадраў для розных сфер дзейнасці рэгіёна. Яны дазваляюць прыцягнуць увагу да рабочых прафесій, павысіць іх прэстыж, а таксама палепшыць якасць і змест навучання, — падкрэсліў першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Алег Сцельмашок.

Што ж да вынікаў абласнога чэмпіянату, то ў кампетэнцыях “Праграмныя рашэнні для бізнесу”, “Вэб-дызайн і распрацоўка”, “Такарныя і фрэзерныя работы на станках з ПК” пераможцамі сталі навучэнцы Магілёўскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа Вячаслаў Бобін, Дзяніс Астроўскі, Мікіта Даўжук і Дзяніс Бачкоў. Перамога сярод цырульнікаў дасталася навучэнцу Магілёўскага дзяржаўнага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа Сяргею Сігорскаму. Лепшым зваршчыкам прызналі навучэнца Бабруйскага дзяржаўнага механіка-тэхналагічнага каледжа Аляксандра Вагіна. Найвышэйшы дыплом кампетэнцыі “Дашкольная адукацыя” дастаўся навучэнцы сацыяльна-гуманітарнага каледжа МДУ імя Аркадзя Куляшова Настассі Мальцавай. Першае месца сярод абліцоўшчыкаў — у Анатоля Кажамякіна, навучэнца дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 9 Магілёва імя Старавойтава. З заданнямі кампетэнцыі “Цагляная кладка” найбольш прафесійна справіўся навучэнец Мсціслаўскага дзяржаўнага будаўнічага прафесійна-тэхнічнага каледжа Аляксандр Лукашэнка, а ў напрамку “Сухое будаўніцтва і тынковачныя работы” лепш за астатніх праявіў сябе навучэнец Бабруйскага дзяржаўнага будаўнічага прафесійна-тэхнічнага каледжа Аляксандр Ісакаў. Сярод электрамантажнікаў не было роўных навучэнцу Магілёўскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа Вячаславу Мініну, сярод слесараў сельскагаспадарчых машын — навучэнцу Магілёўскага дзяржаўнага прафесійнага агралесатэхнічнага каледжа імя К.П.Арлоўскага Юрыю Домчаву. А вось у кампетэнцыі “Кулінарнае мастацтва” лепшым стаў навучэнец Магілёўскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа Дзмітрый Башкіраў.

Гэтыя таленавітыя навучэнцы па праве ўвойдуць у склад зборнай каманды вобласці, каб прадставіць родны Прыдняпроўскі край на заключным этапе Нацыянальнага чэмпіянату WorldSkills, што пройдзе ў Мінску. Усяго магілёўскія канкурсанты выступяць у дваццаці трох кампетэнцыях.

nccvcn640

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.