Слова сваё я выпестаю…

Слова сваё я выпестаю… : [паэтэса В. Габрусева] / падрыхтавалі Алесь Казека, Віктар Кунцэвіч // Магілёўскія ведамасці. — 2018. — 11 мая. — С. 14.

У прыгожай лясной вёсцы Развадава Клічаўскага раёна нарадзілася наша наступная ўдзельніца літаратурнай старонкі Валянціна ГАБРУСЕВА. Скончыла Магілёўскую школу міліцыі і працавала ў Дэпартаменце аховы. 3 вобразным паэтычным словам пасябравала яшчэ са школьных гадоў. Першы яе верш надрукавала ў 1969 годзе клічаўская раённая газета «Сцяг саветаў», а творчай настаўніцай стала яе лепшая сяброўка, выдатны паэт Беларусі Святлана Басуматрава. Потым былі публікацыі ў «Магілёўскай праўдзе», літаратурныя старонкі якой рыхтаваў паэт Аляксей Пысін, у «ЛіМе» і калектыўных зборніках беларускай паэзіі. Да сённяшняга дня выдала чатыры зборнікі паэзіі: «Журавінавыя гронкі», «Бусліны вальс», «Букет бяссмертнікаў» і «Водар Бацькаўшчыны». Член Саюза пісьменнікаў Беларусі.

РЭКВІЕМ

Батальёну міліцыі, які загінуў у ліпені 41 года, абараняючы г.Магілёў, прысвячаецца.

Загубілі крылы дзіўным птушкам,
Чым жа ім цяпер дапамагчы?!
Пёры птушак у маіх падушках,
Каб салодка спалася ўначы.

Ну а душы светлыя ўзляцелі
Да вышынь высокіх, і вышэй,
I адтуль спяваюць песні смела,
Што жыццё за ўсё нам даражэй.

Тыя песні слухаюць таполі,
Моўчкі ўспамінаючы баі,
Пасыпаюць белым пухам поле
Там, дзе крылы складзены былі.

Я ад Магілёўшчыны свабоднай,
Ад яе дачок і ад сыноў
Над Дняпром шырокім, паўнаводным
Сваёй песняй выкажу любоў

Тым, каму прыйшлося скласці крылы,
Каб свае я выпрастаць магла,
I схілюся перад тою сілай,
На якой трымаецца зямля.

Раскажу аб тым, як ганаруся
Зоркамі, што над зямлёй гараць,
Мужнымі сынамі Беларусі,
Што на ўзгорку вёсачкі ляжаць.

СТАРЫЯ ФОТАЗДЫМКІ

Прабегла лета яркімі карцінкамі,
I восень прытуліла неспакой,
Гляджу альбом з аматарскімі здымкамі,
Дзе чаіца застыла над ракой.

Дуб векавы схіліўся над страхою,
Дзе бусел грэе дзюбу пад крылом.
Якой іканапіснай чысцінёю
Мне дыхае ўдушу стары альбом!

Дзядуля мой з гусарскімі вусамі,
У выпраўцы ваеннай стройны стан.
…Нібы прырос басамій галасамі
Да лавачкі пад яблыняй баян.

Ён тут звінеў надзеяй і трывогай,
Калі ішоў мой бацька у паход
Па шчасны дзень Вялікай Перамогі
Праз той пякельны сорак першы год.

…Старэйшыя браты мае і сёстры,
У пяцідзясятыя сем душ было не шмат!
Усё там у звычайнасці няпростай
Прыходзіла на шчасце, акурат.

Шырокае застолле. Маці з краю.
Усмешка вуснаў ветлівых — заходзь!
Не з маўзалея Бог асцерагае
Усё, чым нас парадаваў Гасподзь.

Упэўненасцю ззяюць вочы бацькі,
Да ордэнаў хінуцца медалі,
Звініць вяселле ў беларускай хаце,
I гэты звон ідзе па ўсёй зямлі! …

Тугія, налітыя сокам гронкі
Каліна нахіляе над вадой,
Унучцы лье з бліскучае даёнкі
Бабуля цёплы, пенны сырадой.

О, дарагія сэрцу фотаздымкі,
Надзея ваша вас не абміне,
У цёплых заставацца вам абдымках,
Дзе розум нашу памяць прыхіне.

Скрозь далягляд маленькага акенца,
У вераснёўскім водары бароў,
Пад ценямі бяроз, у промнях сонца
Вяртаеце бацькоў нам і сяброў.

Не чорна-белыя старыя фотаздымкі,
А каляровых дзён калейдаскоп,
Над хатамі блакіт без аблачынкі,
I не сказаць ніколі: «Кадр, стоп!»