«Раны» на карце

Лазарэвіч, С. «Раны» на карце : [гутарка з намеснікам начальніка аддзела інвестыцый, па праблемах ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС і надзвычайных сітуацый Камітэта па архітэктуры і будаўніцтва Магілёўскага аблвыканкама С. Лазарэвічам] / Сяргей Лазарэвіч ; гутарыла Нэлі Зігуля // Звязда. — 2018. — 27 красавіка. — С. 9, 21. — Мясцовае самакіраванне.

Першае, што кідаецца ў вочы, калі заходзіш у рабочы кабінет Сяргея Лазарэвіча, — пярэстая карта. Амаль трэць тэрыторыі — шэрага колеру, які месцамі пераходзіць у жоўты або чырвоны. Гэта балючыя месцы рэгіёна, атручаныя «чарнобыльскім» цэзіем і стронцыем. Чырвоны колер — мяжа Краснапольскага, Касцюковіцкага і Чэрыкаўскага раёнаў, дзе радыяцыя перавышае 15 кюры. Тут жыцця няма, замест яго — строгі кантрольна-прапускны рэжым, за парушэнне якога прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. У зоне адсялення знаходзяцца буйныя раней вёскі Вепрын, Малінаўка, малая радзіма нашага беларускага песняра Аркадзя Куляшова — Саматэвічы. Летась спецпрадпрыемства «Радон» закончыла тут апошнія работы па зносе пабудоў. На карце яшчэ шмат жоўтага колеру — ім пазначаны тэрыторыі, дзе ўзровень забруджанасці вагаецца ад 5 да 15 кюры. У зоне ўплыву знаходзіцца і Слаўгарад, адзіны з райцэнтраў Магілёўшчыны. Але жыццё тут працягваецца. Як і ў іншых населеных пунктах «жоўтага» колеру. Больш падрабязна пра гэта мы гутарым з Сяргеем Лазарэвічам, намеснікам начальніка аддзела інвестыцый, па праблемах ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС і надзвычайных сітуацый Камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Магілёўскага аблвыканкама. У аддзеле ён працуе пяць гадоў, а раней восем гадоў узначальваў лабараторыю рэабілітацыі забруджаных тэрыторый у магілёўскім філіяле Рэспубліканскага інстытута радыялогіі МНС.

Чарнобыльская «фізіка»

— З моманту аварыі на АЭС прайшло больш за 30 гадоў. Перыяд паўраспаду цэзію і стронцыю ўжо
адбыўся, але трэба яшчэ 8—10 такіх перыядаў, каб ад прысутнасці гэтых элементаў нічога не засталося, — кажа суразмоўца. — Павінна прайсці яшчэ не менш за 240 гадоў.

— Значыць, супакойвацца пакуль рана?

— Калі б нехта прыдумаў, як паскорыць працэс распаду радыенуклідаў, гэта быў бы неймаверны прарыў у навуцы. Але пакуль нам трэба мірыцца з тым, што ёсць. Галоўнае, што шчыльнасць цэзію і стронцыю стала меншая, і радыяцыйны фон зменшыўся. Бо не столькі небяспечныя гэтыя хімічныя элементы самі па сабе, колькі іх Y-выпраменьванне, якое адбываецца пры распадзе. Некаторыя дажываюць у такіх умовах і да 90 гадоў, а іншыя пабылі некалькі дзён, атрымалі дозу радыеактыўнага ёду і сёння маюць вялікія праблемы з шчытападобнай залозай. Гэта ўсё індывідуальна. Тут пытанне ўжо да медыцыны, наколькі чалавек да гэтага ўспрымальны і што на яго ўплывае. Для таго каб ацаніць з высокай доляй імавернасці ступень уплыву радыяцыі на наша здароўе, трэба рабіць вельмі вялікія выбаркі, абследаваць вялікую колькасць людзей. Акрамя ж радыяцыі, існуе шмат фактараў, якія могуць выклікаць хваробу. У прыватнасці, курэнне, алкаголь, нерацыянальнае харчаванне і гэтак далей. Увогуле з дзясятак захворванняў маюць сувязь з радыяцыйнымі фактарамі. Сярод іх — анказахворванне шчытападобнай залозы, некаторыя генетычныя адхіленні, катаракты і прамянёвыя захворванні.

Сітуацыя паступова змякчаецца з пункту гледжання фізікі і прыроды. На тэрыторыі Магілёўшчыны на 1 студзеня пражывала 327 чалавек, якія атрымлівалі льготы па «чарнобыльскім» 18-м артыкуле. Гэта тыя, хто быў выяўлены спецыяльнай камісіяй. Усе яны анкахворыя, маюць ільготы на атрыманне сацыяльнага жылля, лекаў і гэтак далей. І сёлета гэты спіс павялічыўся на восем чалавек.

— Але насельніцтва ў большасці сваёй ужо звыклася з паняццем «радыяцыя» і супакоілася…

— Сёння існуюць дзве крайнасці. Адны пакутуюць на радыяфобію, баяцца знаходзіцца ў забруджанай зоне нават пяць хвілін. А другія цалкам ігнаруюць правілы знаходжання і пражывання на такіх тэрыторыях — наведваюць лес, збіраюць там ягады і грыбы, самі ядуць і дзяцей сваіх кормяць. І першае, і другое — непажаданыя з’явы. Павінен быць разумны кампраміс. За 30 гадоў краінай назапашаны каласальны вопыт. Беларускія эксперты сёння выступаюць як спецыялісты № 1 у сусветным маштабе па рашэнні гэтых праблем. З 1991 года ў краіне рэалізуюцца 5-гадовыя цыклы дзяржаўных праграм па пераадольванні наступстваў катастрофы на ЧАЭС. Гэта пералік дзеянняў, якія неабходна выконваць, і канкрэтныя сумы, што выдзяляюцца на іх рэалізацыю.

Жыццё пад кантролем

Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС 170 населеных пунктаў Магілёўшчыны, па сутнасці, прыпынілі сваё існаванне. Больш чым за 30 паслячарнобыльскіх гадоў з іх было рэабілітавана толькі 22. Але некаторыя з іх часта застаюцца незапатрабаванымі. Людзі даўно з’ехалі, іх дамы знесены або іх трэба зносіць. Шанцаў на адраджэнне ў такіх вёсак амаль няма.

— Зараз паняцце «рэабілітацыя» мы адносім не да канкрэтнага населенага пункта, а цалкам да раёна, — кажа Сяргей Лазарэвіч. — Новыя вытворчасці ствараюцца, магчыма, не ў той колькасці, у якой хацелася б, але ж бюджэт не гумавы. Напрыклад, у Слаўгарадзе ёсць агароднінасушыльны завод, на якім раней беспаспяхова спрабавалі наладзіць вытворчасць. Летась яго набыў за «чарнобыльскія» грошы бабруйскі вытворца зефіру і мармеладу «Чырвоны харчавік» — плануе паставіць лінію для выпуску сваёй смачнай прадукцыі і стварыць больш за 100 новых працоўных месцаў. Для Слаўгарада, дзе не засталося амаль ніякай вытворчасці, гэта проста шыкоўна. Па «чарнобыльскай» праграме тут летась быў пабудаваны шматкватэрны дом, дзе будуць жыць маладыя спецыялісты, у тым ліку і тыя, якія прыедуць працаваць на гэта прадпрыемства. А ў вёсцы Перагон Слаўгарадскага раёна вядзецца будаўніцтва свінакомплексу на 24 тысячы галоў. Гэта таксама новыя працоўныя месцы, а значыць, і новыя магчымасці для развіцця раёна.

— А што яшчэ будуецца ў вобласці з прыцягненнем «чарнобыльскіх» грошай? І колькі наогул іх выдзяляецца?

— У апошнія гады акцэнт робіцца на развіцці вытворчых магутнасцяў і сацыяльных аб’ектаў — накшталт жывёлагадоўчых фермаў, аздараўленчых комплексаў. Летась газіфікавалі жыллёвы фонд вёсак Няраж і Холстава Быхаўскага раёна, зрабілі водаправодныя сеткі ў Быхаве і шэрагу іншых населеных пунктаў гэтага раёна. Вялікія грошы выдаткоўваліся на Магілёўскі анкадыспансер, будаўніцтва фізкультурна-аздараўленчых комплексаў у Краснаполлі, Касцюковічах і Быхаве.

Летась толькі на будаўніцтва было накіравана з рэспубліканскага бюджэту 23 мільёны рублёў. Сёлета вобласці выдзелена больш за 45 мільёнаў рублёў, на будаўніцтва з іх пойдзе 15,3 мільёна.

Дзе расце чыстая прадукцыя

Сёння на землях з узроўнем забруджанасці да 15 кюры вырошчваецца збожжа, іншыя раслінныя культуры, якія потым трапляюць да нас на стол у якасці гатовай прадукцыі.

— Наколькі гэта небяспечная ежа?

— Для папярэджання пападання радыенуклідаў праз каранёвую сістэму ў сельгаспрадукцыю існуе адрэгуляваны механізм дзеянняў, — канстатуе Сяргей Лазарэвіч. — Уносіцца павышаная доза калійных і фосфарных угнаенняў, адсочваецца кіслотны баланс глебы. Ствараюцца пашы для асабістых падсобных гаспадарак, дзе апошнія пяць гадоў рэгістраваліся пробы малака з перавышэннем дозы цэзію. Для гэтых гаспадарак набываюцца і камбікармы з цэзіязлучальнымі ферацынзмяшчальнымі элементамі.

Наогул, зонай рызыкоўнага па радыяцыйным фактары земляробства лічацца тэрыторыі з забруджанасцю звыш 15 кюры на кіламетр квадратны. Гэта землі абмежаванага землекарыстання. Іх, на шчасце, у нас не так шмат. Пры выкананні ўсіх патрабаванняў, якія прапісаны для вядзення там сельскай гаспадаркі, прадукцыя атрымліваецца нарматыўна чыстая. Гэтыя дапушчальныя нормы распрацавалі медыкі, але прадукцыя, як паказваюць даследаванні, атрымліваецца ў разы чысцейшая.

— З пункту гледжання звычайнага чалавека, дзяленне тэрыторый на чыстыя і брудныя вельмі ўмоўнае. Ну як можна зразумець той факт, калі з аднаго боку дарогі сеяць можна, а з другога — нельга?

— Сапраўды ёсць такі момант. Калі ішоў выкід ападкаў з радыеактыўнымі элементамі, у адных месцах выпала бруду больш, у другім менш. Таму і існуюць карты, дзе ўся гэтая стракатасць пазначана. Для сельгасугоддзяў яны нават больш падрабязныя. Кожны аграном мае карту забруджвання сваёй гаспадаркі па элементарных участках. Гэта калі кожнае поле абследуецца па спецметодыцы. Напрыклад, калі забруджанасць складае звыш 15 кюры, не рэкамендуецца вырошчваць зернебабовыя культуры: яны больш за астатнія накопліваюць «бруд». Адсочваецца, якія ўгнаенні трэба ўносіць, у якой колькасці. Што датычыцца малака, то за апошнія гадоў 10 няма нараканняў на яго чысціню. У прыватным сектары такое здараецца, таму што людзі не заўсёды бяруць да ведама рэкамендацыі сельвыканкама. Цікава, што апошняя проба з перавышэннем радыеактыўных рэчываў у малаку была выяўлена ў Бялыніцкім раёне. А вось у тым жа Слаўгарадскім на працягу пяці апошніх гадоў нічога такога няма. Знакаміты слаўгарадскі сыр, які робяць тамашнія майстры, лічыце, узор чысціні. Наогул, перапрацоўка малака ў сыр і тварог зніжае колькасць радыенуклідаў у разы.

А льготы каму?

Раней насельніцтва, якое пражывала на забруджаных тэрыторыях, атрымлівала даплаты, але потым падыходы змяняліся. У 2002 годзе ўступіў у дзеянне Дэкрэт Прэзідэнта № 16, згодна з якім сродкі, што раней часам ішлі ў кішэню асобна ўзятых людзей, сталі накіроўвацца на будаўніцтва сацыяльна-значных аб’ектаў — газа- і водаправодаў, набыццё лячэбна-дыягнастычнага абсталявання, тэхнічнае перааснашчэнне лячэбных устаноў і гэтак далей. Парадокс у тым, што сёння рэабілітацыя населеных пунктаў выклікае ў некаторых жыхароў… абурэнне — бо разам з ёю здымаюцца і льготы, якія існавалі на гэтых землях раней.

— Кожныя пяць гадоў праводзіцца шырокамаштабнае абследаванне тэрыторый на прадмет радыеактыўнага забруджвання, фонавай нагрузкі, шчыльнасці забруджвання глебы, колькасці радыенуклідаў у сельгаспрадукцыі і гэтак далей, — расказвае Сяргей Лазарэвіч. — На падставе такога шматфактарнага аналізу робяцца высновы. І атрымліваецца, што раз на пяць гадоў некаторыя населеныя пункты пераходзяць з зоны 5—15 кюры ў зону 1—5. Адпаведна, ільготы страчваюцца. Напрыклад, жанчынам, якія пражываюць на тэрыторыі з забруджваннем ад 5 да 15 кюры, выплачваецца дапамога па доглядзе дзіцяці да трох гадоў у памеры да 150 %, існуюць ільготы і для выпускнікоў школ, якія паступаюць у ВНУ, для ўсіх жыхароў гарантаваны 100-працэнтны бальнічны. Маладым спецыялістам, якія прыязджаюць працаваць у зону ад 5 і вышэй кюры, пры заключэнні кантракта на 5 гадоў выплачваецца 200 базавых велічынь, пры заключэнні другога 5-гадовага кантракта — 300.


Да ведама

На тэрыторыях з узроўнем забруджанасці ад 5 да 15 кюры, дзе радыеактыўны фон павышаны, асноўная дозавая нагрузка на арганізм атрымліваецца ўсё ж за кошт унутранага апраменьвання — інакш кажучы, таго, што мы ядзім. Можна не турбавацца за прадукты ў крамах, нават за сельскагаспадарчую прадукцыю, калі яна вырашчана непасрэдна на вашым участку. Галоўную небяспеку ўяўляе лес і ўсё, што знаходзіцца ў яго 5-7-сантыметровай падсцілцы — грыбы, ягады, расліны. І пра гэта абавязкова трэба помніць. А яшчэ пра пыл і попел. Пры згаранні драўніны ўтвараецца высокая канцэнтрацыя небяспечных элементаў, таму лепш не рабіць шашлыкі на мясцовых дровах.

Нэлі ЗІГУЛЯ


Для страху няма падстаў

Сучасныя тэхналогіі дапамагаюць кругласутачна кантраляваць радыяцыйнае становішча ў нашай краіне і за мяжой.

Нягледзячы на чуткі пра перавышэнне радыяцыйнага фону, якія перыядычна ўзнікаюць у грамадстве, для страху няма падстаў, упэўнены Арцём Іваноў, начальнік Рэспубліканскага цэнтра кіравання і рэагавання на надзвычайныя сітуацыі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

— Такія паведамленні паступаюць у Цэнтр і сапраўды пацвярджаюцца, — адзначыў Арцём Анатолевіч. — Але яны не звязаны з аварыйнымі сітуацыямі. Так, напрыклад, перавышэнні фіксаваліся на будаўнічай пляцоўцы, дзе выкарыстоўваўся граніт, а таксама на пункце перапрацоўкі другаснай сыравіны, куды трапіў радыеактыўны элемент, што прымяняецца ў медыцыне.

Па словах спецыяліста, сістэмы радыяцыйнага кантролю і маніторынгу навакольнага асяроддзя, якія сёння дзейнічаюць у краіне, дазваляюць у анлайн-рэжыме сачыць за сітуацыяй і пры неабходнасці аператыўна рэагаваць на падобныя інцыдэнты. Так, дзякуючы беларускім спадарожнікам у 2015 годзе атрымалася выявіць сур’ёзны пажар на ўкраінскай частцы Чарнобыльскай зоны. Беларускія ж спецыялісты дапамагалі яго тушыць.

Акрамя даных, што паступаюць з датчыкаў, размешчаных на тэрыторыі краіны, спецыялісты, згодна з міжнароднымі дамоўленасцямі, карыстаюцца інфармацыяй і з замежных пунктаў кантролю. Рэспубліканскі цэнтр з’яўляецца кантактным пунктам Арганізацыі Дагавора аб усёабдымнай забароне ядзерных выпрабаванняў. Тут маецца спецыяльнае абсталяванне, якое дае доступ да датчыкаў радыяцыйнага кантролю на ўсіх кантынентах.

— З дапамогай гэтай сістэмы мы выявілі перавышэнне доз рутэнію ў еўрапейскім паветры, а таксама вызначылі недакладнасць інфармацыі пра радыяцыйнае забруджванне ў выніку аварыі на АЭС у Францыі, — расказаў Арцём Іваноў.

Вераніка КОЛАСАВА