Харытончык, Дз. Задача дэпутата — абазначыць праблему і прапанаваць шляхі яе вырашэння : [размова са старшынёй Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрыем Харытончыкам] / Дзмітрый Харытончык ; размаўляла Нэлі Зігуля // Звязда. — 2018. — 20 красавіка. — С. 3. — Мясцовае самакіраванне.
Што чакаць ад народнага абранніка, як арганізаваць работу з насельніцтвам, чаму важна ведаць «свайго» дэпутата ў твар — усё гэта ў размове са старшынёй Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў.
У дэпутацкай справе Дзмітрый Харытончык чалавек не новы. Працаваў у складзе Жодзінскага гарсавета, узначальваў Пастаянную камісію па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі. Сёлета ён заняў вельмі адказны пост старшыні Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў 28-га склікання. Да гэтага займаў пасаду намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама. «У маёй новай рабоце ёсць свае асаблівасці, — кажа дэпутат. — Раней я курыраваў пытанні прамысловасці, менш удзяляў увагі сельскім раёнам. Зараз актыўна наведваю сельсаветы, знаёмлюся бліжэй з сельскімі дэпутатамі, вывучаю стан матэрыяльна-тэхнічнай базы ў раёнах. Усё гэта трэба для таго, каб наш дэпутацкі корпус змог працаваць з максімальнай аддачай». Графік новага кіраўніка аблсавета распісаны па хвілінах, але ў ім знайшлося месца для размовы з карэспандэнтам «МС». Дзмітрый Харытончык прызнаўся, што вельмі зацікаўлены ў адкрытым дыялогу і шчыра дзяліўся сваімі планамі і меркаваннямі.
Праверка на месцах
— Дзмітрый Іванавіч, як вы бачыце сваю работу на новым месцы, якія задачы ставіце перад сабой і іншымі дэпутатамі ў ролі старшыні аблсавета?
— Па-першае, збіраюся выбудаваць сістэмную работу з сельскімі Саветамі, райсаветамі, органамі тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання. На месцы людзям заўсёды больш бачныя праблемы іх населенага пункта. Чаму гэта так важна? Калі абласны Савет дэпутатаў зацвярджае бюджэт, неабходна, каб сродкі накіроўваліся менавіта ў тыя сферы, якія найбольш хвалююць, патрабуюць тэрміновага вырашэння. Улічваючы, што фінансы заўсёды абмежаваныя, вельмі важна, каб зваротная сувязь з выбаршчыкамі была максімальна актыўнай. Каб дэпутацкія структуры існавалі не толькі на паперы, а каб працавалі, акумулявалі агульныя праблемныя пытанні і падымалі іх на ўзроўні раёна, вобласці, а калі трэба — і краіны. Гэта работа вялася і раней, шмат чаго зроблена, і трэба, каб яна не прыпынілася, а наадварот — набірала тэмп.
— З моманту прызначэння на гэтую пасаду вы актыўна наведваеце аддаленыя раёны. Як вам першыя ўражанні ад работы сельскіх і раённых дэпутатаў?
— Нельга сказаць, што ўсе працуюць роўна і аднолькава. Але шмат чаго залежыць не толькі ад кадравага складу і кіраўніка выканаўчай улады. Трэба ўлічваць і фінансавы стан арганізацый, якія працуюць на тэрыторыі таго ці іншага сельсавета. Гэта асноўныя памочнікі старшыні. Калі базавая арганізацыя мае фінансавыя праблемы, мясцовай уладзе таксама будзе складана вырашаць пэўныя пытанні. Бо сваёй тэхнікі ў сельскага Савета няма.
— Што кардынальна трэба было б змяніць у дэпутацкай рабоце?
— Кардынальна мяняць нічога не трэба, а вось для паляпшэння работы неабходна ўмацаваць матэрыяльна-тэхнічную базу сельскіх Саветаў, павінны быць інструменты для правядзення добраўпарадкавання. Гэта складана, бо існуе абмежаванае фінансаванне. Магчыма, трэба падумаць над стварэннем якіх-небудзь звенняў, так званых цэнтраў, дзе б знаходзіўся пэўны набор тэхнікі і ім маглі б карыстацца сельвыканкамы. І каб такіх цэнтраў было 1—2 на раён. Пакуль цяжка сказаць, у якой форме гэта будзе зроблена. Але гэта павінна быць.
— Раскажыце падрабязней пра каманду, з якой трэба будзе працаваць.
— Калі браць абласны ўзровень, гэта 55 дэпутатаў, з якіх большасць мужчыны. Моцна прадстаўлены сістэма аховы здароўя (гэта кіраўнікі абласнога дыягнастычнага цэнтра, дзіцячай абласной бальніцы, абласнога ўпраўлення аховы здароўя і гэтак далей), адукацыя (шэраг дырэктараў дзіцячых садкоў, школ), аграрная сфера (у тым ліку фермеры), прамысловы сектар (кіраўнікі «Белшыны», «Бабулінай крынкі», «Магілёўаблгаза», СЭЗ «Магілёў»), эканоміка. Вельмі гарманічны падабраўся склад дэпутатаў, шырока прадстаўлены ўсе сацыяльна-эканамічныя сферы вобласці. І гэта дазволіць эфектыўна разглядаць многія пытанні.
Адчувальна абнавіўся склад старшынь сельскіх і райсаветаў, таму важна правесці пэўную вучобу для таго, каб нававыбраныя змаглі пабачыць падыходы ў рабоце калег з іншых раёнаў, пераняць вопыт. Вучыцца будзем у лепшых, а выязджаць да горшых. Гэта дасць стымул падцягнуць сябе. Планую таксама правесці вучобу з дэпутатамі сельскіх і раённых Саветаў, каб паказаць, якая існуе нарматыўная база для іх работы, якімі яны валодаюць магчымасцямі для вырашэння тых ці іншых пытанняў. Спадзяюся, што наша праца будзе плённай.
Што залежыць ад дэпутата?
— Чаго не хапае дэпутату, каб яго работа была найбольш эфектыўнай?
— Мы ведаем, што ўсе дэпутаты, акрамя старшынь сельскіх Саветаў, райсаветаў і гарсаветаў, — гэта не вызваленыя ад сваёй асноўнай работы людзі. Таму ўсе грамадскія справы робяцца імі ў вольны ад працы час. Бывае, чалавек мае жаданне нешта зрабіць, але не можа з-за вялікай асноўнай нагрузкі. Але сустракаюцца людзі, якія сталі дэпутатамі, але да канца не разумеюць, наколькі гэта сур’ёзная нагрузка, і іх актыўнасць з часам пачынае крыху падаць. Сваю ролю бачу ў тым, каб падтрымліваць ініцыятывы дэпутатаў, каб яны на працягу тэрміна сваіх паўнамоцтваў не пераставалі ўносіць прапановы па паляпшэнні ўзроўню жыцця выбаршчыкаў.
— Некаторыя скептычна выказваюцца пра дзейнасць дэпутата. Маўляў, ад іх нічога не залежыць…
— Заўсёды як дэпутат максімальна імкнуўся трымаць руку на пульсе, сустракацца з людзьмі, унікаць у іх праблемы. І калі кажуць: «Ну што вы можаце?», маўляў, улада ў «вертыкалі», а ў вас — нічога, у мяне гэта выклікае здзіўленне. Мы ўсе жывём у адной краіне і ўсе нацэлены на садзейнічанне яе развіццю, кожны на сваім працоўным месцы. Канешне, у дэпутата няма сур’ёзных эканамічных рычагоў, але ён можа своечасова данесці тую ці іншую праблему, прапанаваць шляхі яе вырашэння на ўзроўні адміністрацыі, выканаўчай улады. Гэта дапамагае правільна накіроўваць тыя рэсурсы, якія ёсць у вобласці, для максімальна эфектыўнага развіцця і стварэння камфортных умоў для насельніцтва. Толькі разам дэпутат і выканаўчая ўлада змогуць дабіцца большага.
— Многія раёны зараз добра працуюць з еўрапейскімі грантамі, прапаноўваюць ініцыятывы, заахвочваюць мясцовае насельніцтва. І дэпутаты пры гэтым выконваюць не апошнюю ролю…
— Гэта вельмі добры кірунак. У рамках семінараў мы збіраемся такі вопыт таксама распаўсюдзіць. Тут мне вельмі імпануе Слаўгарадскі раён, які ўцягвае ў ініцыятыўную дзейнасць іншыя раёны. Кожная капейка дарагая, і калі нехта ўмее яе прыцягнуць, гэта добра.
— Як павінна будавацца работа дэпутата з насельніцтвам? Часта людзі не ведаюць нават, хто ў іх дэпутат?
— На жаль, гэта так. Калі мне, яшчэ як намесніку старшыні аблвыканкама, званілі на прамыя лініі, я цікавіўся, як пытанне было прапрацавана з дэпутатам. Многіх яно ставіла ў тупік. Гэта не гаворыць пра тое, што дэпутаты працуюць дрэнна, гэта сведчыць, што прававая асвета насельніцтва вымушае жадаць лепшага. Людзі не прывыклі цесна працаваць з дэпутатамі. Вядома, што тут ёсць віна і саміх дэпутатаў. Трэба часцей сустракацца з выбаршчыкамі, працоўнымі калектывамі, прадстаўнікамі тэрытарыяльнага самакіравання, удзельнічаць у сумесных акцыях, разглядзе цяжкіх жыццёвых сітуацый на месцах. І так павінна быць на працягу ўсяго дэпутацкага тэрміну.
Карысны досвед
— Што асабіста вам дапамагае ў рабоце? Ці ўлічваеце вопыт іншых калег?
— Так. Зараз уважліва знаёмлюся з літаратурай, якая непасрэдна датычыцца работы народных абраннікаў. Вось справаздача дэпутата парламента Вольгі Петрашовай, практычныя дапаможнікі дэпутатаў па Брэсцкай, Гродзенскай абласцях, зборнік матэрыялаў Магілёўскага Савета дэпутатаў, брашура па дзейнасці асацыяцый мясцовых Саветаў дэпутатаў. Магілёўскай вобласцю быў распрацаваны Дзённік старасты, а Чавусы зрабілі ў дапамогу дэпутату карысную брашуру, дзе сабраны нарматыўныя акты, на якія трэба абапірацца. Ёсць вопыт, практыка, але інфармацыя вельмі разрозненая. Даручым камісіі па самакіраванню вывучыць наш вопыт і выпрацаваць рэкамендацыі, якія зацвердзім на ўзроўні аблсавета і прапануем усім дэпутатам працаваць у рамках гэтых рэкамендацый. Гэта будзе своеасаблівы дзённік дэпутата, або пашпарт выбарчай акругі, дзе будуць адлюстраваны нарматыўныя дакументы, рэкамендацыі па арганізацыі работы, характэрныя асаблівасці раёна, выбарчай акругі (колькі жыве людзей, колькі з іх ветэранаў, інвалідаў, сацыяльна небяспечных і гэтак далей). Каб дэпутат выразна разумеў праблематыку свайго раёна, акумуляваў праблемныя пытанні і распісваў, як працаваў па тым ці іншым пытанні, што з гэтага атрымалася. Такая работа дазволіць нам сістэматызаваць пытанні, якія паступаюць, прааналізаваць іх на раённым, гарадскім, абласным узроўнях і знайсці нейкія асноўныя праблемы, характэрныя для таго ці іншага раёна.
Пра сябе:
— Па характары я прынцыповы і ўпарты. Калі бачу, што без жорсткага рашэння пытанне не скранецца, прымаю яго. Не павінна быць тупання на месцы. Але перад тым як вызначыцца, мне заўсёды трэба ўпэўніцца, што жорсткая пазіцыя прынясе справе карысць. Таму ўважліва вывучаю сітуацыю, выслухваю меркаванне кампетэнтных людзей, аналізую свой вопыт і вопыт іншых. А калі рашэнне прынятае, дабіваюся, каб яно было яшчэ і выканана. Інакш людзі проста не будуць табе верыць.
Нэлі ЗІГУЛЯ