Маркава, Святлана. Гарачы подых творчасцi : [у Магілеве праходзіць фестываль культуры і творчасці «Жар-кветка»] / Святлана Маркава // Рэспубліка. — 2018. — 20 красавіка. — С. 9.
Калі школьнікі замест формы прымяраюць казачныя касцюмы, разам з бацькамі спяшаюцца ў бібліятэкі і дэкламуюць вершы нават на вуліцы — значыць, у Магілёў зноў прыйшла «Жар-кветка». Сёмы па ліку фестываль культуры і творчасці аб’яднаў дзяцей і дарослых, для якіх мастацтва стала часткай жыцця. І стаў адным з самых маштабных: свята разлічана амаль на тры тыдні.
Кожны фестывальны дзень пры гэтым цалкам запоўнены. Маленькія выхаванцы цэнтра творчасці дзяцей і моладзі «Крынічка» чакалі гэтую падзею з асаблівым нецярпеннем. Педагог дадатковай адукацыі цэнтра Святлана Лянеўская прызналася, што хлопцы падрыхтавалі адразу тры пастаноўкі:
— Гэта вясёлыя мініяцюры «А ў нас у двары». «Чукокала» — па казках Карнея Чукоўскага. А яшчэ — «Жыццё і прыгоды Калабка».
Трэцякласніца Караліна Каролік не хавае, што перад выступам заўсёды хвалюецца. На гэты раз юнай акторцы трэба было сыграць мядзведзя. Касцюм дзяўчынка прымерыла загадзя, каб «лепей сядзеў». І гэтак жа, як і яе сяброўкі Маша Чайко і Даша Багданава, у чаканні «вялікага старту» без стомы паўтарала ролю. У тэатральнай студыі «Крынічкі» дзяўчынкі займаюцца нядаўна, але ўжо не раз выступалі на сцэне роднай восьмай школы. Праўда, знакамітасцямі пакуль не сталі. Зрэшты, прызналіся, да гэтага і не імкнуцца. Пакуль тэатральныя падмосткі для іх — магчымасць цікава правесці час, сябе паказаць ды на іншых паглядзець.
У рэпертуары іншых удзельнікаў фэсту таксама вельмі прыкметныя народныя матывы. І гэта не выпадковасць. Лідар Магілёўскага аб’яднання «Рускае культурна-асветніцкае таварыства» Людміла Валадзько адзначыла, што фестываль у гэтым годзе прысвечаны Году малой радзімы:
— «Жар-кветка» — сімвал шчасця і мары ў культурах самых розных народаў. Таму мы і прапануем усім адправіцца ў творчае падарожжа, падзяліцца сваімі эмоцыямі, уражаннямі, дасягненнямі. Спосаб выражэння пачуццяў і светаўспрымання можа быць любы: музыка, літаратура, жывапіс, тэатр.
Старшыня беларускага аб’яднання міжнароднага грамадскага руху «Бацькоўскі клопат» Вольга Андарала нагадала:
— Калісьці фестываль пачынаўся як Тыдзень развіцця творчай сілы. Сёння гэтае свята перасягнула межы Магілёва і вобласці. Напрыклад, на літаратурны конкурс свае працы даслалі аўтары з Масквы і Валгаграда, Калугі і Алтая, Клайпеды і Мінска. Як заўсёды, парадавалі і прадстаўнікі школы паэзіі «Лотас» з Оршы. Іх вершы вылучаюцца глыбокімі думкамі і пачуццямі, а таксама самабытнасцю.
Мастакі, карціны якіх прадстаўлены на фестывалі, таксама маюць самую розную прапіску. Што не дзіўна: у культуры, нагадваюць арганізатары, няма межаў. Яна не робіць акцэнтаў на ўзрост ці нацыянальнасць, затое мае вялікую аб’яднаўчую сілу. Гэта пацвярджае і знакавая тэма сёлетняга сезона, якая заклікала «Захоўваць агонь роднага ачага». «Жар-кветка» — фестываль адкрытага фармату. Яго праграма прадумана так, каб ні дзеці, ні іх бацькі не сумавалі», — адзначыла Вольга Андарала. Напрыклад, школьнікаў на вечар-сустрэчу з магілёўскай паэткай Рымай Сорынай, які прайшоў у СШ № 2, першапачаткова запрасілі з мамамі і татамі. Дарослым было што пераняць і падчас навукова-грамадскіх бацькоўскіх чытанняў «З чаго пачынаецца Радзіма?». Арганізатары свята таксама падарылі землякам і магчымасць бліжэй пазнаёміцца з творчасцю мастака і асветніка Мікалая Рэрыха.
Тэатралізаваныя казкі і гітарны перазвон, карціны маслам і акварэллю, майстар-класы і творчыя сустрэчы — «Жар-кветка», якая стартавала 10 красавіка, фінішуе толькі ў канцы месяца. Сцэнічных пляцовак у яго — дзясяткі: у сярэднеадукацыйных і музычных школах, бібліятэках, цэнтрах творчасці, музеях. Лік удзельнікаў і зусім ідзе на сотні. Вольга Андарала ўпэўненая: тыя, хто сёння трапіў на фестываль як глядач, праз год могуць заявіць пра сябе ўжо ў новай якасці. «Талент, — не сумняваецца, — ёсць у кожным чалавеку. І наша задача — дапамагчы людзям раскрыць яго. Зрабіць так, каб іх жыццёвая палітра фарбаў стала яшчэ ярчэй, яшчэ насычаней». У мастацтва, упэўненая, вялікія магчымасці. І чым больш у свеце прыгажосці і гармоніі, тым ён будзе лепш.
Святлана Маркава
Фота аўтара і Андрэя Андаралы